“Нам мір завешчана берагчы”

Важнае Грамадства

Пад такой назвай у нашай краіне праходзіў рэспубліканскі конкурс дзіцячага малюнка, арганізаваны Беларускім грамадскім аб’яднаннем ветэранаў.

Сярод фіналістаў быў і наш зямляк, навучэнец дзявятага класа Новаяльнянскай сярэдняй школы Яўген Ярмоленка. Хлопец наведвае мясцовую школу мастацтваў, таму з задавальненнем прыняў удзел у конкурсе. Яго малюнак, на якім юны мастак адлюстраваў салдата Вялікай Перамогі на фоне прыгожай прыроды, стаў адным з лепшых як на абласным, так і на рэспубліканскім этапах. Заслужаную ўзнагароду, дыплом фіналіста, разам з прыемнымі падарункамі старшакласніку ўручылі старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар і сакратар аб’яднання Ядвіга Гушча.

Яўген Ярмоленка падзяліўся сваімі ўражаннямі:

– Прыемна, што мой малюнак ацанілі ўзнагародай рэспубліканскага ўзроўню. Заўсёды імкнуся прымаць удзел у творчых конкурсах, прысвечаных Вялікай Айчыннай вайне. На гэты раз, у Год гістарычнай памяці, я намаляваў салдата, які калісьці жыў спакойным і мірным жыццём, строіў планы на будучыню, аднак у адзін момант быў вымушаны пакінуць свой родны дом і абараняць Радзіму ад нямецкіх акупантаў. Мы заўсёды павінны памятаць, якой цаной дасталася Вялікая Перамога нашым адважным продкам, шанаваць герояў, захаваць мір у сваёй краіне і перадаць любімую і квітнеючую Беларусь нашчадкам.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga