Атмасфера XVIII-XIX стагоддзяў на некалькі гадзін “завітала” ў люстраную залу Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, дзе 4 сакавіка, напярэдадні самага вясновага свята, ладзіўся ІІ Радзівілаўскі баль, прысвечаны жанчынам.
Яны, статныя, прыгожыя, у лёгкіх вячэрніх сукенках, з жывым бляскам у вачах, заходзілі ў бальную залу ў суправаджэнні сваіх мужных кавалераў. Цікавая падзея ў райцэнтры сабрала дзясяткі пар ад юнага да мудрага ўзросту, сапраўдных майстроў танца і тых, хто проста пажадаў адпачыць ад паўсядзённай мітусні і далучыцца да светлага, вытанчанага, прыгожага свята.
У люстраной зале гасцей віталі распарадчыкі балю – князь і княгіня, ролю якіх па-майстэрску выканалі работнікі культуры Аляксандр Раеўскі і Марына Лукіянец. Да пачатку танцаў яны прапаноўвалі парам наведаць гульнявы салон, дзе можна было арганізаваць партыю ў шахматы або карты, некаторыя скарысталіся прапановай, аднак большасць гасцей паспяшалася разам з сябрамі пафатаграфавацца на памяць.
Нарэшце настала гадзіна Х, і пасярод залы з’явіўся танцмайстар Анатолій Кардаш, мастак, кераміст, кіраўнік харэаграфічнага аб’яднання “Эпатажны блюз” пры Новаяльнянскім доме культуры, які на працягу некалькіх гадоў адраджае і папулярызуе бальную традыцыю на Дзятлаўшчыне. Варта адзначыць, што для старажытных баляў танцмайстар быў значнай фігурай, паколькі вёў танцавальную праграму і ад яго ў многім залежала, ці спадабаецца баль удзельнікам. Гасцям ІІ Радзівілаўскага балю Анатолій Кардаш прапанаваў 11 папулярных некалькі стагоддзяў таму танцаў: традыцыйны паланэз, з якога пачыналіся нават каралеўскія балі, венскі вальс, польку, конскі бранль, польку контрданс, вальс іспанскі, падыспань, вальс французскі, вальс з веерам, польку-тройку, кацільён.
Зноў над зямлёю, дзе раней жылі і ладзілі свае бальныя вечарыны князі Радзівілы, паплылі ўрачыстыя гукі паланэза, а ўслед за імі ў танец-шэсце сталі прыгожыя ўжо сучасныя пары. Тон танцу задавалі аматары з аб’яднання “Эпатажны блюз”. У гэты вечар яны былі прыкладам для іншых гасцей, сярод якіх можна было заўважыць удзельнікаў аб’яднання “Нам гады не бяда”, хору ветэранаў “Ветэраны ў страі”, работнікаў культуры, педагогаў, іншых землякоў, шмат было моладзі. Адзінаццацікласнікі ўжо пачалі развучваць вальсы для выпускнога вечара, і ІІ Радзівілаўскі баль стаў для іх цудоўнай нагодай патрэніравацца і набрацца танцавальнага вопыту.
Аднак не толькі харэаграфічнымі “практыкаваннямі” запомніцца ўдзельнікам гэта адметнае свята. Музычныя сюрпрызы (раманс і інструментальны нумар) ім падарылі Тамара Ступак і Паліна Верамейка, таямніцу “мовы веера” раскрыла Галіна Сушко, па бальнай традыцыі арганізатары пачаставалі гасцей шампанскім і закускамі. Яркім момантам вечарыны стала гульня ў фанты з выкананнем цікавых заданняў. Памятныя падарункі атрымалі лепшая пара, уладальніцы самых прыгожых сукенак – Марына Варган і Наталля Макарчык. Спецыяльны прыз ад мастака Анатолія Кардаша – арыгінальная керамічная ваза, якая ўвабрала ў сябе сілу прыроднай гліны і энергію рук майстра, дасталася распарадчыцы балю Марыне Лукіянец за цёплы прыём гасцей.
Калі сцішыліся апошнія гукі музыкі, удзельнікі балю згадзіліся падзяліцца сваімі ўражаннямі.
Наталля Макарчык, жыхарка Наваельні:
– Займаюся танцамі ў аб’яднанні “Эпатажны блюз” ужо больш за два гады. Атрымліваю мора пазітыву: у нас цудоўны калектыў, усе вельмі душэўныя людзі. Танцы паднімаюць настрой, даюць стымул да жыцця. Анатолій Кардаш – выдатны кіраўнік, які кожнага разумее, да кожнага знаходзіць падыход.
Я была ўдзельніцай І Радзівілаўскага балю ў Дзятлаве, ездзіла на такое ж мерапрыемства ў дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудак, сённяшні вечар таксама пакінуў аб сабе найлепшыя ўражанні. Адметна, што на Гродзеншчыне адраджаецца бальная культура, што танцавальныя сустрэчы праходзяць на вельмі дастойным узроўні. Прыемна, што сёння мне дастаўся яшчэ і прыз за лепшую вячэрнюю сукенку. Выбірала яе сама, знайшла ў сталіцы, крыху змяніла – вынік не прымусіў доўга чакаць.
Данііл Шумскі, навучэнец 11 класа гімназіі № 1 горада Дзятлава:
– Наведаць баль нам параіла намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Іна Уладзіміраўна Ванчук. Не шкадуем, што згадзіліся, бо вельмі прыемна правялі час. Мы рыхтуемся да вальса, які будзем танцаваць на выпускным вечары, таму патрэніравацца ў парах з аднакласніцамі, навучыцца новым відам танцаў было даволі карысна. Прыемна, што ў раёне праводзяцца мерапрыемствы, дзе можна сустрэцца з цікавымі людзьмі, акунуцца ў атмасферу мінуўшчыны, даведацца аб традыцыях продкаў. Мне вельмі спадабаліся “жывыя выступленні” Паліны Верамейкі і Тамары Ступак. Наогул, я параіў бы моладзі раёна не прапускаць такія эфектныя вечарыны, быць смелымі, творчымі, не баяцца сябе паказаць.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga