Дадому з перамогай! (+відэа)

Галоўнае Спорт і турызм

У Мінску завяршыліся рэспубліканскія спаборніцтвы па хакеі “Залатая шайба” сярод хлопцаў 2008-2010 гадоў нараджэння ў дывізіёне “Б” у малодшай узроставай групе.

Да фінальнага гульнявога дня за плячыма дзятлаўскай каманды “Алмаз” ужо былі тры перамогі. Апошні матч таксама стаў трыумфальным: нашы хлопцы ўзялі верх над “Дзвіной” з Віцебскай вобласці – 10 : 2.

Дома пераможцаў “Залатой шайбы” чакалі з нецярпеннем. На роднай Дзятлаўшчыне пад музыку Новаяльнянскага духавога аркестра юных хакеістаў сустрэлі бурнымі апладысментамі.

Шмат цёплых слоў і пажаданняў прагучала ў адрас чэмпіёнаў ад родных і блізкіх.

З рэспубліканскім трыумфам гульцоў “Алмаза” павіншавала галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Марына Абрамчык:

– З перамогай, хлопцы! Ваша сіла, стойкасць, майстэрства і прафесіяналізм, праяўленыя ў кожным матчы, не пакінулі шанцаў ніводнаму саперніку. Жадаю ніколі не спыняцца на дасягнутым, пастаянна імкнуцца да лепшага і рухацца толькі наперад. Новых перамог, дасягненняў і яркіх момантаў! Вы байцы лядовай стыхіі. Няхай яна заўсёды будзе добразычлівай да вас.

Таксама з “залатой” шайбай дзятлаўскіх хакеістаў павіншавала дырэктар раённага фізкультурна-спартыўнага клуба Вольга Васіленка. Акрамя гэтага, яна ўзнагародзіла прызам “глядацкіх сімпатый” аднаго з лепшых гульцоў каманды “Алмаз” Міхаіла Петрыкевіча.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўручэнне юным спартсменам памятных фотаздымкаў, запуск паветраных шароў у якасці “жэсту перамогі” на шчасце і поспех.

Ну і, вядома ж, пасля напружаных спаборніцтваў самы жаданы падарунак для чэмпіёнаў – салодкі пачастунак, яго і ўрачыстую сустрэчу разам з бацькамі арганізавалі раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” і іншыя грамадскія аб’яднанні раёна.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga