Час новых выпрабаванняў і магчымасцяў

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Развіваеце прадпрыемства ці ўласную справу, патрэбны кампетэнтныя падказкі ад спецыялістаў розных сфер – тады вам у “Адкрытую прыёмную для бізнесу”.

Практыка такіх выязных прыёмных на Гродзеншчыне выкарыстоўваецца з 2019 года, і менавіта Дзятлаўшчына была пляцоўкай для старту пілотнага праекта.

24 сакавіка наш раён прыняў ужо трэцюю “Адкрытую прыёмную”, якую наведалі юрыдычныя асобы і прыватныя прадпрымальнікі. Праект распрацаваны для павышэння ўзроўню інфармаванасці прадпрымальніцкай супольнасці Прынёманскага краю. Праходзіць ён у фармаце “жывой размовы”: любы дзелавы чалавек, у якога ўзнікаюць пытанні, праблемы ці прапановы па вядзенні бізнесу, можа звярнуцца па іх вырашэнне да спецыялістаў, дэталёва ўсё ім расказаць, задаць дадатковыя пытанні, заручыцца падтрымкай і гэтак далей. Да слова, сёлетняя “Адкрытая прыёмная” сабрала ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці спецыялістаў фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, землеўпарадкавальнай, пажарнай, падатковай, іншых службаў і ведамстваў вобласці і раёна.

Зразумела, што бізнес-прастора, як жывы арганізм, вельмі хутка рэагуе на любыя змяненні, якія адбываюцца не толькі ў рэгіёне, але і ў краіне, свеце ў цэлым, таму мяняюцца і актуаліі падобных сустрэч. Яшчэ год таму наведвальнікаў бізнес-прыёмнай цікавіла сітуацыя з каранавіруснай інфекцыяй – гэтай вясной яна адышла на другі план.

З якімі пытаннямі цяпер найчасцей звяртаюцца да спецыялістаў, расказаў дырэктар Гродзенскай абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Алег Шыраеў:

Час “дыктуе” нямала пытанняў, адно з іх, якое хвалявала дзятлаўчан, – атрыманне крэдытных рэсурсаў. Банкі на паўтара-два тыдні спынялі гэты працэс па розных прычынах, аднак на сёння крэдытныя лініі адкрыты, атрымаць крэдыты і займы можна прыкладна ў 14 банках Беларусі. Пытанняў, звязаных з лагістыкай і пастаўшчыкамі, таксама ўзнікла даволі шмат і ў тых, хто займаўся імпартам, і ў тых, хто займаўся экспартам. Прадпрыемствы бачаць гэту праблему, спрабуюць яе вырашыць, гэта атрымліваецца амаль у 70 % выпадкаў, каму не ўдалося – звяртаюцца ў органы дзяржаўнай улады. Дзяржава адшуквае рычагі, якія можа прадаставіць бізнесу. Так, на сайце Беларускага рэспубліканскага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў створана інфармацыйная пляцоўка па імпартазамяшчэнні. Буйныя прадпрыемствы выставілі на яе запыты па аб’ёмах неабходнай ім прадукцыі, любы прадпрымальнік можа туды зайсці і, калі ў яго ёсць магчымасць, вырабляць такую прадукцыю, заключыць на яе дагаворы. Сам Рэспубліканскі фонд гатовы нават дамовіцца аб правядзенні на гэты конт перагавораў з буйнымі прадпрыемствамі. Гэта таксама своеасаблівае сумеснае “плячо” органаў дзяржулады і дзяржпрадпрыемстваў. Рэсурс плануецца развіваць, на ім павінны з’явіцца і расійскія пакупнікі. Мяркуецца таксама зрабіць асобную ўкладку, якую змогуць папаўняць суб’екты малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. Новы інфармацыйны рэсурс павінен аб’яднаць вытворцаў, пакупнікоў, пастаўшчыкоў і ў няпростых умовах дапамагчы ім у рабоце.

Увогуле, цяпер ва ўмовах санкцый адкрылася маса кірункаў для бізнесу, ёсць вялікая запатрабаванасць, таму, калі суб’ект малога прадпрымальніцтва ўжо працаваў, яму проста трэба паступова рухацца ў кірунку расійскага рынку і не спыняць дзейнасці на тэрыторыі Беларусі. Сёння ўсё, чым бы ты ні займаўся, будзе працаваць, такое рэдка здараецца, аднак для бізнесу – гэта рай, у тым ліку для запуску стартапаў.

Калі расказваць канкрэтна пра сустрэчы з дзятлаўчанамі, то кожная прыёмная атрымлівалася рознай. На першай людзі не ведалі, як гэта адбываецца, стараліся зарыентавацца, на другой задавалі бягучыя пытанні, якія тычыліся касавых апаратаў, заключэння дагавораў, пераўтварэння ў рознага роду холдынгі, сёння ж звярталіся з практычнымі праблемамі, якія ўзніклі і трэба экстранна вырашаць. У цэлым на Дзятлаўшчыне, як і ў іншых раёнах, “Адкрытая прыёмная для бізнесу” запатрабавана, гэта мы бачым па пытаннях, якія задаюць дзелавыя людзі.

Расказалі пра наведванне мерапрыемства і самі дзятлаўчане.

Вольга:

– Мяне, як прыватнага прадпрымальніка, цікавілі пытанні аб страхавых узносах, стажы, пенсійным узросце, падаткавым заканадаўстве ў гэтай сферы. На ўсе іх атрымала адказы. Зручна, што можна ўжывую паразмаўляць, пракансультавацца, у сціслы адрэзак часу наведаць адразу некалькі службаў.

Іван:

Прадстаўляю ТАА “ІзакамПласт”. У цэлым, канкрэтных адказаў пакуль не атрымаў, ёсць кірункі і парады, куды звяртацца далей для ўдакладнення інфармацыі. У большасці фармат сустрэчы зручны, ён прадугледжвае гутарку ў форме пытанняў і адказаў, аднак канкрэтнага разумення, чаго чакаць, не склалася. У рамках сітуацыі, якая разгортваецца ў краіне, хацелася б атрымліваць больш інфармацыі для рэальнага сектара эканомікі, гэта значыць, для бізнесу. Хочацца яснай пазіцыі дзяржавы наконт фінансавання, выдзялення бюджэту, у тым ліку па пытаннях будаўніцтва.

Ірына СТЫРНІК       

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga