Мы – адзінае цэлае

Грамадства Свежыя навіны

У анлайн-фармаце на Дзятлаўшчыне прайшоў ХІХ пленум раённага савета ГА “БРПА” “Мы – адзінае цэлае”, прымеркаваны да Дня юнага героя-антыфашыста і Года гістарычнай памяці.

На сувязь з прадстаўнікамі 13 піянерскіх дружын раёна са студыі, якая знаходзілася ў Дзятлаўскім раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, выйшлі старшыня раённай піянерскай арганізацыі Ірына Мішчанка, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алена Абрамчык, ветэран піянерскага і камсамольскага руху Надзея Канявега.

Пра тое, што гістарычныя падзеі – гэта сур’ёзныя ўрокі мінулага, дзецям нагадала Алена Абрамчык:

– Сёлета наш раён адзначыць дзве трагічныя даты. 22 лютага спаўняецца 80-гадоў утварэння яўрэйскага гета ў Дзятлаве. У гады Вялікай Айчыннай вайны яно знаходзілася ў цэнтры горада і служыла часовым прыстанішчам для жыхароў мястэчка яўрэйскай нацыянальнасці. Двойчы праходзілі карныя аперацыі: у красавіку 1942 года адбыўся расстрэл у Курпешскім лясным масіве, у кастрычніку – на старых яўрэйскіх могілках. Выратаваліся і хаваліся ў лясах Ліпічанскай пушчы каля 500 яўрэяў.

Другая сумная дата – 80-годдзе спальвання фашыстамі 6 вёсак раёна, якія паўтарылі лёс Хатыні. Генацыд або знішчэнне аднаго народа другім, на жаль, з’ява не новая. У гады ваеннага ліхалецця яго перажылі і беларусы. Каб падобных трагедый не паўтарылася, мы павінны пра іх ведаць, не здарма 2022 год у нашай краіне аб’яўлены Годам гістарычнай памяці.

У форме творчых відэасправаздач аб сваёй рабоце ў гэтым кірунку расказалі і навучэнцы. Анлайн-панараму аб удзеле ў раённым тэматычным дыстанцыйным тыдні “Ведаю! Памятаю! Ганаруся!” да Дня юнага героя-антыфашыста, прадставілі піянеры дружыны імя М. Валькова Казлоўшчынскай сярэдняй школы.

Навучэнец 8 класа Гезгалаўскай сярэдняй школы Багдан Маліноўскі расказаў аб Рэспубліканскім праекце “ProMedia”, скіраваным на засваенне інфармацыйнай культуры і бяспекі, стварэнне і папулярызацыю ўласнага блога. Багдан паспяхова справіўся з заданнямі праекта, але, на жаль, не ўвайшоў у тройку лідараў.

Практычная частка пасяджэння – анлайн-КВІЗ “Юныя героі ў нашай памяці жывуць” – уключала ў сябе блок заданняў для каманд піянерскіх дружын. Удзельнікі адказалі на пытанні, узгадалі імёны юнях герояў-антыфашыстаў, іх подзвігі і баявыя заслугі.

Прыемным момантам пленума стала ўручэнне ўзнагарод лепшым піянерскім дружынам Дзятлаўшчыны і піянерам-лідарам.

Вынікі анлайн-форуму падвяла ветэран моладзевага руху Надзея Канявега.

– Мы жывём у складаны, але цікавы час, – зазначыла Надзея Філімонаўна. – Мінулы, 2021 год, быў Годам народнага адзінства, сёлета ён планамерна “перайшоў” у Год гістарычнай памяці, што вельмі сімвалічна, бо калі мы адзіныя, то можам упэўнена ствараць нашу шчаслівую будучыню, а ўрокі мінулага дапамогуць пазбегнуць памылак на гэтым шляху. Карысныя справы падрастаючага пакалення: уборка помнікаў, сустрэчы пакаленняў, дыялогавыя пляцоўкі, падтрымка пажылых людзей і іншае – гэта важкі ўклад моладзі ў агульную справу беларусаў. Няхай у добрых памкненнях вам спадарожнічаюць поспех, крэатыў і моцнае сяброўства, а мы, дарослыя, заўсёды будзем побач.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: