Абарона Радзімы – доўг кожнага мужчыны

Важнае Грамадства

На Дзятлаўшчыне стартавала прызыўная кампанія-2022.

Яна пачалася ў лютым і працягнецца па май уключна. Зараз юнакі з усяго раёна праходзяць медыцынскую камісію.

Начальнік групы прызыву на вайсковую службу Дзятлаўскага райваенкамата Артур Мелікян расказаў, якія мерапрыемствы адбору трэба прайсці будучым салдатам, падзяліўся сваім меркаваннем наконт таго, чаму важна “не адкасіць”, а сумленна адслужыць:

– Я лічу, што тэрміновая служба ў радах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь з’яўляецца найважнейшым жыццёвым этапам у станаўленні сапраўднага мужчыны – гэта святы абавязак кожнага грамадзяніна прызыўнога ўзросту, прыдатнага да службы. Учарашні юнак праходзіць свайго роду “школу жыцця”, шмат што пераасэнсоўвае, пачынае глядзець на многія рэчы зусім па-іншаму, становіцца больш упэўненым у сабе. Акрамя таго, праходзіць спецыяльную падрыхтоўку і атрымлівае ваенна-ўліковую спецыяльнасць. Усё гэта дапаможа яму ў будучыні ў выпадку неабходнасці ўстаць на абарону сваёй Радзімы, забяспечыць мір, парадак і стабільнасць у краіне.

Што тычыцца мерапрыемстваў па прызыве, то пасля таго, як будучыя навабранцы пройдуць медыцынскі агляд, іх чакае прафесійна-псіхалагічны адбор, па выніках якога яны размяркоўваюцца ў розныя воінскія часці нашай рэспублікі. Калі ў час медкамісіі ў прызыўнікоў выяўляюцца якія-небудзь праблемы са здароўем, яны накіроўваюцца на дадатковае медыцынскае абследаванне. У дзень адпраўкі ў войскі юнакоў перавозяць на абласны зборны пункт у Гродна. Там яны праходзяць кантрольны медыцынскі агляд і пасля адпраўляюцца ў свае часці.

Варта адзначыць, што ёсць важкія прычыны, па якіх прызыўнікам прадастаўляецца адтэрміноўка ад арміі. Больш дэталёва з імі можна азнаёміцца ў артыкуле 32 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб воінскім абавязку і вайсковай службе”, – дадаў Артур Артуравіч.

У ваенным камісарыяце Дзятлаўскага раёна ў час медагляду заўсёды шматлюдна: юнакі з камплектам дакументаў пераходзяць з аднаго кабінета ў іншы, задаюць дактарам і прадстаўнікам ваенкамата пытанні, абмяркоўваюць паміж сабой, у якіх родах войскаў і воінскіх часцях яны хацелі б служыць.

– Сам я з вёскі Ліжэйкі, – кажа сёлетні прызыўнік Андрэй Кардаш.

– Вучуся на тэхніка-праграміста ў Ашмянах. Ужо ў сакавіку атрымаю дыплом і буду кваліфікаваным спецыялістам. Да службы ў арміі стаўлюся станоўча. Хачу пайсці на кантрактную службу  па сваёй спецыяльнасці і звязаць жыццё з Узброенымі Сіламі нашай краіны. Фізічныя нагрузкі ніколькі не палохаюць, бо ў каледжы актыўна займаюся спортам: гуляю ў валейбол, бегаю. У гэтым рашэнні мяне падтрымліваюць бацька і старэйшы брат, якія самі ўжо “аддалі доўг Радзіме”. Да іх заўсёды можна звярнуцца за парадай, салдацкімі “лайфхакамі”. Упэўнены, што ў цяжкія хвіліны армейскага жыцця яны дапамогуць мне не вешаць нос, заставацца бадзёрым і годна выконваць свой воінскі абавязак.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga