Яе энергічнасці і вялікага сэрца хапае на ўсіх

Галоўнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У студзені адзначыла свой прыгожы 80-гадовы юбілей адна з самых вопытных работніц ААТ “Граніт-Агра” – аператар свінагадоўчага комплексу “Варакомшчына” Сафія Гукіш.

Жанчына прысвяціла гаспадарцы ўсё жыццё, стала працоўнай легендай Дзятлаўшчыны. Яна і сёння ў страі!

Каб павіншаваць юбілярку, на невялікую імпрэзу, прысвечаную юбілейнай даце, сабраліся прадстаўнікі раённай улады, галіновага прафсаюза, адміністрацыя і калегі па працы.

Словы віншавання імянінніцы адрасаваў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч:

– Сёлета вы адзначылі хвалюючую і важкую дату ў вашым жыцці. Тым больш каштоўна, што сустрэлі свой юбілей у працоўным калектыве. Вы служыце прыкладам не толькі для калег па працы, але і для сваёй сям’і, усіх землякоў. Ваш уклад у развіццё сельскай гаспадаркі нашага раёна вельмі значны. Жадаю здароўя, шчасця і дабрабыту вам і вашай сям’і, шмат сонечных дзён і сустрэць яшчэ не адзін асабісты юбілей.

Ігар Станіслававіч уручыў Сафіі Гукіш Ганаровую грамату райвыканкама, грашовы дадатак і кветкі.

З прафсаюзнай узнагародай і таксама грашовым падарункам на свята завітаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

– За шматгадовую сумленную працу ў галіне сельскай гаспадаркі, адданасць сваёй прафесіі, вялікі асабісты ўклад у развіццё і ўмацаванне прадпрыемства Граматай Дзятлаўскага райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўзнагароджваецца Сафія Антонаўна Гукіш, – агучыў ён тэкст дакумента і ад сябе дадаў: – Нізкі паклон вам за працу!

Да віншаванняў з кветкамі і падарункамі далучылася цэлая дэлегацыя ААТ “Граніт-Агра” на чале з дырэктарам прадпрыемства Станіславам Мазурам. Ён выказаў словы гонару і павагі Сафіі Антонаўне:

– Мне вельмі прыемна, што вы з’яўляецеся часцінкай нашага калектыву, сваёй працай і стараннасцю праслаўляеце яго. Вы з’яўляецеся эталонам, арыенцірам не толькі для нашага акцыянернага таварыства, але і для ўсёй Дзятлаўшчыны. Шэсцьдзясят два гады вы выконваеце напружаную, “шматтонную” сельскагаспадарчую працу, не губляючы энергіі і пазітыву. Ад сябе і ўсяго калектыву жадаю вам моцнага здароўя і доўгіх гадоў жыцця.

Акрамя цёплых словаў віншавання, на адрас юбіляркі гучалі добрыя песні ў выкананні спявачак з Данілавіцкага дома культуры.

Жанчына з няпростым лёсам

Жыццёвы шлях імянінніцы, заслужанай работніцы “Граніт-Агра”, не назавеш лёгкім. Сафія Гукіш нарадзілася на пачатку апаленага вайной 1942 года ў вёсцы Данілавічы, што на Дзятлаўшчыне. Гадуючыся ў сялянскай сям’і, яна з дзяцінства працавала, дапамагаючы бацькам на гаспадарцы і ў полі.

Сафія Антонаўна рана пакінула бацькоўскі дом, “пайшла на свой хлеб”. У 17-гадовым узросце ўладкавалася сезоннай рабочай у тагачасны калгас імя Карла Маркса, які пазней быў рэарганізаваны ў саўгас “Новаяльнянскі”. Працаваць хапала сіл і жадання, але не заўсёды ўмовы спрыялі гэтаму. Напрыклад, каб прыступіць да работы на свінагадоўчым комплексе, Сафіі Гукіш давялося разам з брыгадай жанчын паўдзельнічаць у яго будаўніцтве напрыканцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя. Жанчыны збіралі каменне для будучага фундаменту будынку.

Пакуль пытанне з работай вырашалася, жанчына адважылася паспрабаваць шчасця ў Расіі на сезоннай працы, пабачыць свет. Але ўпэўнілася, што мілей сваёй старонкі для яе няма, вярнулася ў родныя мясціны. Тут Сафія Антонаўна прыступіла да працы аператарам новага свінагадоўчага комплексу.

Ішоў час, мянялася структура сельгаспрадпрыемстваў раёна. Саўгас “Новаяльнянскі” быў рэарганізаваны ў калгас “Гвардыя”, той у сваю чаргу стаў часткай флагмана сярод сельгаспрадпрыемстваў Дзятлаўшчыны – ААТ “Граніт-Агра”. Сафія Гукіш заставалася вернай свайму калектыву, сумленна працавала ў гаспадарцы.

Тут жа, на Дзятлаўшчыне, сустрэла свайго суджанага, таксама мясцовага жыхара. З ім стварылі сям’ю, у пары нарадзіўся сын. Ад ААТ “Граніт-Агра” сям’я атрымала арэндную трохпакаёвую кватэру, якую пасля змагла выкупіць ва ўласнасць. За старанную шматгадовую працу Сафія Антонаўна не раз адзначалася ўзнагародамі прадпрыемства, у 2018 годзе яе фотаздымак упрыгожваў Дошку гонару акцыянернага таварыства.

Сумна, бо лёс шчодра аздобіў выпрабаваннямі жыццё гэтай моцнай, працавітай валявой жанчыны. Больш за дзесяць гадоў мінула, як Сафія Антонаўна страціла мужа. Пасля перанесенага мужчынам інсульту сама даглядала яго да апошняга дня. Ёсць праблемы са здароўем і ў сына. У круцілавіцкай кватэры разам з Сафіяй Гукіш жывуць унукі, аб якіх яна таксама клапоціцца.

– Каб дзецям было лягчэй, – кажа спагадлівая бабуля, і ў гэты час яе вочы загараюцца асаблівым святлом.

Яе клопату, энергічнасці і вялікага сэрца хапае на ўсіх. Знаходзіцца хвілінка нават для занятку па душы. З дзяцінства ад матулі яна пераняла майстэрства ткацтва, дагэтуль дома захаваліся саматканыя дываны і посцілкі з арнаментам, створаныя яе рукамі. З часам гэты талент трансфармаваўся ў захапленне вышываннем. Невялікі агародчык пры доме жанчына таксама мае і сама апрацоўвае, хатнюю жывёлу, праўда, ужо не трымае. На пытанне, ці будзе далей працаваць у гаспадарцы, суразмоўніца ўпэўнена адказвае:

– А чаму б не папрацаваць, калі сіл хапае. І начальства добрае, спагадлівае, і калектыў цудоўны.

Сэрца напаўняецца цяплом і гонарам пры поглядзе на гэту простую вясковую жанчыну. Яе шчырую ўсмешку не здолелі знішчыць ні жыццёвыя выпрабаванні, ні перажыванні і клопаты; рукі яе не ведаюць стомы – у сваім паважаным узросце працуе нароўні з маладымі. Маці, бабуля, на якой трымаецца ўся сям’я, яна, нягледзячы ні на што, верыць у лепшае. Думаю, калі б у нашым раёне стварылі помнік беларускай жанчыне, Сафія Гукіш магла стаць яго прататыпам.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga