У Дзятлаве адкрылі новае пажарнае дэпо (+відэа)

Галоўнае Улада

Да Дня ратаўніка ў Дзятлаве ўрачыста адкрылі новы будынак, дзе размясціліся раённы аддзел МНС і пажарная аварыйна-выратавальная часць № 1.

Удзел у цырымоніі прынялі Міністр па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь Вадзім Сіняўскі, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Лакіза, старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, кіраўніцтва раёна, асабовы састаў і ветэраны Дзятлаўскага РАНС, мясцовыя жыхары.

Вадзім Сіняўскі павіншаваў прысутных са знакавай падзеяй, падзякаваў ратаўнікам за службу:

– Жыццё паказвае, што людзі не абыдуцца без нашай службы. У мінулым годзе ў краіне больш за 6 тысяч чалавек былі выратаваны і эвакуіраваны з розных месцаў здарэння. Цяпер гэтая работа прадаўжаецца. Радуе, што напярэдадні прафесійнага свята ратаўнікоў мы адкрываем значны для рэгіёна аб’ект, – падкрэсліў Міністр.

Вадзім Іванавіч адзначыў узнагародамі супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях: Граматай Мінітэрства па надзвычайных сітуацыях – Уладзіміра Бялятку, Падзякай Міністра па надзвычайных сітуацыях – Алега Конана, Андрэя Маскаля, нагрудным знакам “Выдатнік” – Андрэя Антончыка і Яўгена Ляха. Міністр уручыў начальніку Дзятлаўскага РАНС Сяргею Казушчыку ключы ад дзвюх новых пажарных аўтацыстэрн умяшчальнасцю 5 і 10 тон вады для выездаў на месцы здарэння.

– У нашай краіне заўсёды пільная ўвага надавалася бяспецы грамадзян, – заўважыў у сваёй прамове старшыня аблвыканкама Уладзімір Каранік. – Мы ўсе добра разумеем, што бяспека людзей залежыць не толькі ад работы і самаадданасці ратаўнікоў, але і ад матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння службы. Таму, пачынаючы з першых дзён незалежнасці нашай краіны, работа па мадэрнізацыі і перааснашчэнні аддзелаў па надзвычайных сітуацыях не перапыняецца ніколі. Адкрыццё новага пажарнага дэпо – вынік плённага ўзаемадзеяння Міністэрства МНС з абласнымі і раённымі ўладамі, каб жыццё жыхароў Дзятлаўскага раёна стала яшчэ больш бяспечным.

Уладзімір Сцяпанавіч уручыў Ганаровую грамату аблвыканкама начальніку Дзятлаўскага РАНС Сяргею Казушчыку, Падзяку старшыні Гродзенскага аблвыканкама – Аляксандру Трайнялю, Аляксандру Журскаму.

Юрый Караеў павіншаваў дзятлаўчан з адкрыццём новага дэпо, ратаўнікоў – з надыходзячым прафесійным святам. Юрый Хаджымуратавіч высока ацаніў выдатную работу аварыйна-выратавальнай службы ў барацьбе з нядаўняй прыроднай стыхіяй на Гродзеншчыне. Ён пажадаў, каб гукі пажарных сірэн мясцовыя жыхары чулі як мага радзей, а ратаўнікі жывымі і здаровымі вярталіся да сваіх сем’яў.

Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі падзякаваў абласным уладам, Міністэрству па надзвычайных сітуацыях за стабільнае фінансаванне і хуткія тэмпы будаўніцтва: дзятлаўчане атрымалі стратэгічна важны аб’ект, а мясцовыя ратаўнікі – добрыя ўмовы для працы.

– Работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях – заўжды на варце жыцця людзей, – заўважыў Андрэй Уладзіміравіч. – У мінулым годзе ў нашым раёне былі ўратаваны чатыры чалавекі, а гэта самы важны вынік працы ратаўнікоў. Новы будынак будзе не толькі камфортным месцам для супрацоўнікаў пажарнай службы, але і гонарам райцэнтра.

Начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Дзмітрый Лакіза выказаў словы ўдзячнасці прадстаўнікам закрытага акцыянернага таварыства “БМУ № 7” горада Ліды, якія хутка і якасна ўзвялі новае дэпо, і ўручыў ім узнагароды ўпраўлення.

Да віншаванняў далучыліся прадстаўнікі духавенства, якія асвяцілі новы будынак, дзе будуць працаваць ратаўнікі чалавечых жыццяў.

Дырэктар Лідскага філіяла будаўніча-мантажнага ўпраўлення № 7 Андрэй Лапшэвіч перадаў сімвалічны ключ “гаспадару” новабудоўлі Сяргею Казушчыку.

Пасля перарэзвання чырвонай стужкі гасцей мерапрыемства запрасілі на экскурсію па новым дэпо. Двухпавярховы будынак, які стане сэрцам аварыйна-выратавальнай службы Дзятлаўшчыны, “вырас” на вуліцы Слонімскай на ўездзе ў райцэнтр за паўтара года. Пажарнае дэпо мае плошчу каля 1,9 тысячы квадратных метраў. Акрамя гаража для спецтэхнікі тут размясціліся службовыя кабінеты, трэнажорная зала, навучальны клас, пакоі прыёму ежы і адпачынку, гардэробныя, душавыя, кабінет дзяжурнага, актавая зала з міні-музеем гісторыі пажарнай службы. У калідорах – памятныя фота і галерэя дасягненняў дзятлаўскіх ратаўнікоў.

На ўзвядзенне новага дэпо было накіравана каля 3,7 мільёна рублёў з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, інвестыцыйнага фонду МНС, а таксама пазабюджэтных сродкаў абласнога ўпраўлення. За сродкі абласнога бюджэту былі закуплены 15 камп’ютараў, 10 шматфункцыянальных прынтараў, камплекты офіснай мэблі, спартыўнае абсталяванне і трэнажоры на суму звыш 72 тысяч рублёў.

Наталля АВЯРЧУК
Фота Арцёма ТУРЛАЯ, Наталлі АВЯРЧУК, mchs.gov.by

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga