Лепшыя сярод роўных

Галоўнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Напрыканцы мінулага года ў Палацы Рэспублікі прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды выдатным людзям з усіх рэгіёнаў нашай краіны.

Сярод каля 80 узнагароджаных – чатыры прадстаўнікі Дзятлаўшчыны: Віталій Шулейка, Станіслаў Мазур, Мікалай Слушко і Віктар Адамчык, адзначаныя медалямі “За працоўныя заслугі”.

На старонках газеты “Перамога” мы раскажам пра ўладальнікаў узнагарод, герояў новага часу, якія чарговы раз далі нагоду ганарыцца нашай Дзятлаўшчынай.

– Уручэнне дзяржаўных узнагарод – гэта святочная, урачыстая, а таксама хвалюючая працэдура для тых людзей, якія па праву заслужылі гэтыя ўзнагароды, – адзначыў прэм’ер-міністр у час цырымоніі. – Па даручэнні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь мне вельмі прыемна ўручыць іх лепшым прадстаўнікам працоўных калектываў нашай краіны.

У саставе дзятлаўскай дэлегацыі Мінск наведваў загадчык малочнатаварнага комплексу “Парэчча” Мікалай Слушко. Уся працоўная біяграфія ўраджэнца Шчучыншчыны звязана з нашым раёнам, дзе сваёй плённай працай і адносінамі да справы ён даказаў: у сельскай гаспадарцы можна быць эфектыўным і паспяховым.

– Для мяне, як кіраўніка гаспадаркі, вялікае шчасце працаваць разам з такімі выдатнымі спецыялістамі і цудоўнымі людзьмі – Мікалаем Генадзьевічам і Марыяй Сяргееўнай Слушко. Яны – прадстаўнікі таго выдатнага пакалення, якое прывыкла рабіць усё грунтоўна і сумленна. Без перабольшання магу сказаць, што на такіх людзях трымаецца работа нашага прадпрыемства, – сказаў старшыня КСУП “Хвінявічы” Мікалай Бубноўскі. – Дзяржаўныя ўзнагароды, якімі ў 2021 годзе былі адзначаны абодва спецыялісты, – справядлівая ацэнка вялікага ўкладу, зробленага імі ў сельскую гаспадарку і раёна, і нашай краіны. Спадзяюся, што маладое пакаленне “падцягнецца”, пяройме не толькі вопыт, напрацаваны дзесяцігоддзямі, але і тую самую іскру, якая дапамагае дасягаць вяршыняў.

Мікалай Слушко прыехаў на Дзятлаўшчыну ў далёкім 1985 годзе пасля заканчэння Гродзенскага сельскагаспадарчага інстытута па месцы размеркавання жонкі Марыі Сяргееўны. Яны і сёння працуюць у КСУП “Хвінявічы”, падтрымліваючы адзін аднаго ў працоўных справах і хатніх клопатах. За тры з паловай дзесяцігоддзі Мікалай Генадзьевіч быў у гаспадарцы старшым, галоўным заатэхнікам, намеснікам старшыні па ідэалагічнай рабоце, кіраваў комплексам па адкорме і дарошчванні буйной рагатай жывёлы. Восем гадоў таму, калі быў пабудаваны новы сучасны малочнатаварны комплекс, вопытнаму спецыялісту прапанавалі ўзначаліць важнае пачынанне.

Комплекс-тысячнік аб’яднаў у сабе тры фермы гаспадаркі: “Раманавічы”, “Накрышкі” і часткова “Парэчча”. Для яго адбіралі не пародзістых, а звычайных здаровых кароў, часткова набылі жывёлін у гаспадарцы “Граніт-Агра”. Рабілі стаўку на нарыхтоўку ўласных кармоў, якасны догляд, і станоўчы вынік не прымусіў сябе чакаць.

Паступова комплекс павялічваў прырост пагалоўя, прадукцыйнасць і якасць малака, каб на сёння стаць адным з лепшых у нашым раёне. Пачыналі асцярожна, бо былі ў некаторай ступені першапраходцамі сярод падобных аб’яднанняў, але ўжо тады ведалі: усё атрымаецца.

Пра высокі ўзровень работы комплексу лепш за словы расказваюць яго вытворчыя паказчыкі: калі напачатку надоі на карову складалі 5250 кілаграмаў за год, то мінулагодні вынік дасягнуў лічбы 7345 кілаграмаў. 98 % малака, якое пастаўляе комплекс, гатунак “Экстра”, а гэта значыць, што 355 дзён на год хвінявіцкія кароўкі даюць малако найвышэйшай якасці. Акрамя таго, за кошт высокай тлустасці на харчовым рынку краіны наша малако цэніцца яшчэ вышэй. Таксама па выніках нядаўняга абласнога агляду-конкурсу мясцовыя цялушкі былі прызнаны лепшымі ў нашым раёне. Яно і не дзіва: усе малочныя кароўкі тутэйшыя: ад самага нараджэння гадуюцца на комплексе пад клапатлівым наглядам мясцовых жывёлаводаў, а падросшы, далучаюцца да статку. Бычкоў гаспадарка рэалізуе па выгадным кошце.

– Мы адзін з нямногіх у раёне комплексаў, дзе створаны ўмовы для дародавага і пасляродавага ўтрымання буйной рагатай жывёлы, – расказвае загадчык фермы “Парэчча”. – Кармы таксама самі нарыхтоўваем, сёлета іх хопіць на ўсю зімоўку.

Там, дзе ёсць клопат – будзе і плён. Нягледзячы на высокатэхналагічнае абсталяванне ў “Парэччы”, усе сапраўды важкія вынікі дасягнуты штодзённай працай работнікаў комплексу. Сам Мікалай Слушко, чалавек бязмежнай дабрыні і шчырай душы, сабраў каманду паплечнікаў, праявіўшы сябе не толькі добрым спецыялістам, але і граматным кіраўніком. У калектыў “перакачавалі” работнікі  фермаў, што ўвайшлі ў састаў комплексу. Сюды прыйшлі самыя энергічныя і працалюбівыя, тыя, хто гатовы працаваць не для галачкі. Для персаналу, як і для кіраўніцтва падраздзялення, работа на комплексе была новай, дагэтуль не вядомай. Кансультантам для калег стала аператар машыннага даення Таццяна Гарошка. Яна прыехала з Навагрудчыны жыць і працаваць у наш раён, прывезла каштоўны вопыт работы на комплексе-тысячніку, які стаў грунтоўным укладам у добры старт арганізацыі. Малады энергічны калектыў (а яго сярэдні ўзрост не дасягае 50 гадоў) хутка падхапіў новую інфармацыю і наладзіў работу. Як кажуць самі работніцы комплексу, тут праца ў радасць, бо ўзаемная падтрымка і суперажыванне за поспехі бліжняга  –  норма жыцця.

– Разам працуем на агульны вынік. Ніколі не “мінусавалі” ні ў адным з паказчыкаў у параўнанні з папярэднімі сезонамі, – з гонарам кажа Мікалай Слушко пра работу калектыву.

Нават страшная каранавірусная хваля, якая пазалетась “пасадзіла” на бальнічны ліст усё кіраўніцтва комплексу, не прымусіла хвінявіцкіх жывёлаводаў здаць пазіцыі.

Сёння, як і восем гадоў таму, калектыў “Парэчча” працуе дружна, зладжана, эфектыўна, праяўляючы ўзаемную падтрымку і клопат за справу. Сам загадчык Мікалай Слушко пасля атрымання дзяржаўнай узнагароды зноў акунуўся ў працоўныя будні: яго план на будучыню – павысіць надоі да 8 тысяч кілаграмаў на карову ў год, не страціўшы пры гэтым і якасці малака.

– Мікалай Генадзьевіч, якія былі вашы эмоцыі, калі атрымлівалі ад прэм’ер-міністра важкую дзяржаўную ўзнагароду?

– Адчуваў хваляванне, пашану і вялікі гонар. Не толькі за сябе, калектыў “Парэчча” і КСУП “Хвінявічы”, але за ўсю Дзятлаўшчыну, за тое, што сельская гаспадарка ў нас развіваецца і атрымлівае ацэнку на самым высокім узроўні. Уручаючы медаль “За працоўныя заслугі”,  Раман Галоўчанка пажартаваў: “Многа сёння тут вас, дзятлаўчан”. Я адказаў прэм’ер-міністру, што ў нас нямала добрых працаўнікоў, якія яшчэ не раз праславяць Дзятлаўскі раён.

Наталля АВЯРЧУК  

Фота Наталлі АВЯРЧУК, СБ  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: