Гістарычная памяць. Хто не памятае мінулага, той асуджаны зноў перажыць яго

Важнае Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Мяне як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь вельмі ўзрадавала, што 2022 год у нашай краіне аб’яўлены Годам гістарычнай памяці.

Паняцці “памяць”, “гісторыя Айчыны” – надзвычай гаваркія і нават святыя для кожнага сумленнага чалавека. Нездарма апошнім часам у нашай краіне вялікая ўвага надаецца патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. У Беларусі ўзводзяцца і рэстаўрыруюцца помнікі, абеліскі, мемарыялы,  вядзецца актыўная пошукавая дзейнасць. Скажу больш: калі ты не цэніш гісторыю сваёй сям’і, свайго роду, не ведаеш яго каранёў, калі тваё генеалагічнае дрэва расце недзе сярод бур’яну і чартапалоху, то і паняцці “малая радзіма”, “Бацькаўшчына” для цябе нешта другаснае. У сэрцах і душах ілжывых патрыётаў ніколі не паселяцца клопаты пра Айчыну.

Гістарычная памяць – гэта кроўна-жыццёвая аснова, на якой трымаецца кожны з нас. Мяне заўсёды радуе, калі ў сем’ях вядуцца сямейныя летапісы і альбомы. Лічу, што кожны чалавек як мага больш павінен ведаць  пра свой род, пра гісторыю сваёй Бацькаўшчыны. І як горка і балюча, што некаторыя здраджваюць сваёй Радзіме, становяцца яе ворагамі, уцякаюць з бацькоўскай зямлі на чужыну. Як крыўдна, што лжывых патрыётаў хапае і  сярод моладзі, і сярод старэйшага пакалення. Нездарма славуты аўтар “Новай зямлі”  Якуб Колас пісаў: “Толькі на ўласных каранях дае дрэва багаты плод”.

У розных кутках Беларусі, якая страціла ў вайну кожнага трэцяга, а ў некаторых раёнах кожнага другога  жыхара, створаны  мемарыяльныя комплексы, устаноўлены манументы. Сёння ў краіне каля 9 тысяч помнікаў  Вялікай Айчыннай вайны. І вельмі добра, што яны ўваходзяць у ваенна-гістарычныя маршруты і экскурсіі. З’яўляюцца святымі мясцінамі ўшанавання загінулых, вечным напамінам, які каштоўны мір.

Залы і экспазіцыі, прысвечаныя вайне, адкрыты ва ўсіх гісторыка-краязнаўчых музеях Беларусі. Бясцэнныя рарытэты, ваенныя хронікі гарадоў і вёсак, трагедыі ўкрадзенай маладосці, апавяданні аб подзвігах салдат і афіцэраў, якія ўносілі  ўклад у доўгачаканую Перамогу. Кожны раён Бацькаўшчыны захоўвае памяць пра тыя страшныя гады. Вельмі добра, што шматлікія экспанаты ёсць і ў музеях школ, каледжаў, універсітэтаў, дзе на працягу дзесяцігоддзяў пасляваенныя пакаленні скрупулёзна збіралі сведчанні, запісвалі ўспаміны салдат, партызанаў і падпольшчыкаў, вязняў лагераў.

Ужо некалькі разоў я, бываючы ў сталіцы, наведаў галоўнае сховішча рарытэтаў – першы ў свеце музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.  Дарэчы, гэта яшчэ і адзін з найбуйнейшых збораў планеты, прысвечаных падзеям Другой сусветнай вайны. Менавіта яго трэба перш за ўсё наведаць замежным гасцям сталіцы, якія надзвычай вераць разгорнутай супраць Беларусі прапагандзе.

Гістарычная памяць, як падмурак для бацькоўскай хаты, якая дала  надзейную дарогу ў свет, як глеба для нашых духоўных каранёў. Калі ў чалавека ворагі адымаюць памяць, ён проста становіцца бяздумнай істотай, чалавекам без сэрца. Нават птушкі і жывёлы вяртаюцца з чужыны ў тыя мясціны, дзе пачыналася іх існаванне на божым свеце. Яны нейкім  закадзіраваным пачуццём памяці знаходзяць дарогу дадому. Чаму ж мы, людзі, так падчас неабдумана ставімся да тых мясцін, якія нас сфарміравалі, выхавалі?!

Я перакананы, што па тым, якая гістарычная памяць у чалавека, можна меркаваць пра многія яго разумовыя здольнасці, інтэлект, адукаванасць, выхаванасць. Менавіта на сапраўднай памяці і павінна трымацца ўсё наша жыццё. Мінулае для нас павінна быць не проста пустым гукам, а  найважнейшай крыніцай для фарміравання  свядомасці і вызначэння свайго  месца ў грамадстве, у краіне. Губляючы памяць, мы губляем  арыентацыю сярод асяроддзя, народа, нацыі, і адразу бурацца важныя сацыяльныя сувязі. Нельга забываць, што актуальнасць многіх сённяшніх праблем грамадства цесным чынам  звязана з гістарычным мінулым. Толькі скрупулёзна і сур’ёзна аналізуючы вопыт мінулых дасягненняў і памылак, мы здольны па-сапраўднаму ствараць новую гісторыю. Ніколі пры гэтым не забываць спадчыну. Толькі ведаючы гісторыю развіцця свайго  народа, беларусы  здольны вызначыць, што будзе карысным для грамадства ў будучыні.

Зразумела, што сёння асноўнымі крыніцамі асвятлення гістарычных фактаў сталі СМІ, інтэрнэт, аналітычныя праграмы тэлебачання. Дрэнна, што ў інтэрнэце побач з сур’ёзнымі аналітычнымі публікацыямі падаюцца скажоная інфармацыя, фэйкі. А тэндэнцыя  да перапісвання гістарычных падзей, асабліва Другой сусветнай вайны, ужо даўно павінна насцярожыць усё чалавецтва. І таму захаванне гістарычнай памяці, праўды – наша галоўная задача.

Лічу, што вельмі важным  ідэнтыфікатарам нашага  грамадства з’яўляецца памяць пра Вялікую Айчынную вайну. Заслугі нашых продкаў, якія адстаялі незалежнасць краіны, і памяць сучаснах і  будучых пакаленняў – гэта, канешне ж,  адна гістарычная прастора, пераемнасць паміж дзядамі і бацькамі, бацькамі і сынамі.

На жаль, з кожным годам трагедыя гэтых страшных дзён усё больш аддаляецца не толькі гістарычна, але і  ў свядомасці. Хутка мы развітаемся з апошнімі ветэранамі – сведкамі тых жудасных падзей, з “жывой памяццю”.  А “жывая памяць” –  гэта  і ёсць  памяць народа. Кожная беларуская  сям’я ведае пра гэтыя страшныя гады са сведчанняў відавочцаў: апавяданні дзядоў, лісты з фронту, фотаздымкі, ваенныя рэчы і дакументы. Многія з іх вайны захоўваюцца не толькі ў музеях, але і ў асабістых архівах.

Памяць пра вайну – гэта і   апісанні падзей ваенных гадоў у кнігах. Радуе той факт, што цікавасць да ваеннай тэматыкі сёння выяўляецца не толькі да юбілейных дат. Нават у ХХІ стагоддзі з’явілася мноства дакументальных і мастацкіх фільмаў, што распавядаюць пра тыя 1418 дзён і начэй. Сама барацьба за гістарычную праўду заўсёды цяжкая. Аднак мы ўсё роўна павінны адстаяць праўду нашай гісторыі ў знак удзячнасці за подзвіг нашых дзядоў і бацькоў.

Канстанцін КАРНЯЛЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: