“Формула трыумфу” ад дзятлаўскіх піянераў

Важнае Грамадства

Дзятлаўскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў чарговы раз стаў галоўнай моладзевай студыяй – цяпер для правядзення анлайн-бенефісу “Формула трыумфу”, скіраванага на выхаванне маладых лідараў.

Праз інтэрнэт-сувязь да мерапрыемства далучыліся члены дзіцячай палаты, гарадскога піянерскага штаба, піянеры-актывісты Дзятлаўшчыны, якіх вітала мадэратар анлайн-сустрэчы, старшыня раённай арганізацыі ГА “БРПА” Ірына Мішчанка.

Моладзевы бенефіс пачаўся з музычнай зарадкі “БРПА+”, якая надала ўдзельнікам бадзёрасці і настроіла на рабочы лад. Затым навучэнцы азнаёміліся з правіламі паважлівых паводзінаў, узгадалі галоўныя якасці лідараў і “пабудавалі” з іх “піраміду поспеху”, а гульня на згуртаванасць “Касмічны палёт” навучыла каманды больш цеснаму ўзаемадзеянню.

Самай важнай часткай праграмы стаў трэнінг “Мае добрыя справы”. Ён дапамог удзельнікам анлайн-бенефісу зразумець, што добрыя адносіны да людзей павінны праяўляцца не толькі на словах, але і ў канкрэтных справах. Дзеці ўзгадалі свае нядаўнія ўчынкі, прааналізавалі іх, зрабілі высновы: ці прынеслі яны канкрэтную карысць іншым, што перашкаджала і што дапамагала рабіць дабро, ад якіх звычак лепш адмовіцца ўвогуле.

Завяршылася анлайн-мерапрыемства вясёлым майстар-класам, а старшыня раённай арганізацыі Ірына Мішчанка пажадала сваім выхаванцам крэатыву і творчасці.

Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлена арганізатарамі анлайн-бенефіса

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga