Дзелавы панядзелак. Браць пад кантроль і вырашаць праблемы

Важнае Улада

Надоі і вакцынацыя супраць каранавірусу, прафілактыка надзвычайных сітуацый і зімовыя віды адпачынку – гэтыя і іншыя тэмы абмеркавалі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама.

Малочныя ваганні

Важная задача, якая стаіць перад аграрыямі, – прыбаўка малака і яго гатунковасць.

– Асноўная крыніца даходаў гаспадарак у зімовы перыяд – малако, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Аднак, па лічбах бачу нераўнамерныя надоі на нашых фермах, нягледзячы на тое, што кармы сёлета назапасілі добрыя. Плюсуе па малацэ “Жукоўшчына”, а, напрыклад, “АграМілк” надойвае ніжэй за сярэдні паказчык па раёне, у “Хвінявічах” на розных фермах розны вынік.

Разабрацца ў прычынах “малочных ваганняў” даручыў Андрэй Уладзіміравіч свайму першаму намесніку – начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталію Шулейку.

Таксама гучалі заўвагі па размеркаванні ў дзятлаўскіх гаспадарках сродкаў на выплату заработнай платы, рамонт тэхнікі, аплату за цеплазабеспячэнне.

Для аматараў зімовых відаў спорту

Зразумела, што адзін з важных момантаў лютага – падрыхтоўка да маючага адбыцца рэферэндуму па прыняцці змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон краіны. На гэта звяртаў увагу прысутных старшыня райвыканкама.

Між тым, спартыўная і культурная сферы раёна маюць свой спектр мерапрыемстваў, якія прапануюць насельніцтву. Як адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, з мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця і проста для стварэння пазітыўнага настрою дзятлаўчан зараз нададзена ўвага адпачынку на свежым паветры – у райцэнтры працуе каток, калі дазволіць надвор’е, на жаль, яно штодзень вельмі пераменлівае, будуць наладжаны і лыжныя трасы.

Не адкладвайце вакцынацыю ў “доўгую скрыню”

Пад кантролем раённай улады яшчэ адна найважнейшая тэма, значнасць якой цяжка пераацаніць. Размова пра здароўе людзей у перыяд пандэміі каранавірусу, якая цягнецца ўжо трэці год запар. Паводле звестак райЦГЭ, за мінулы тыдзень зафіксаваны рост захварэлых на COVID-19 – 147 новых выпадкаў. Дарэчы, сярод захварэлых 75 % непрышчэпленыя. Памятайце, у раёне працягваецца вакцынацыя ад каранавірусу, у тым ліку падрастаючага пакалення, скарыстайцеся гэтай магчымасцю абараніць сябе і сваіх блізкіх. Усяго ў раёне на 31 студзеня вакцынавана 56,9 % насельніцтва.

Дзень нараджэння не быў на свята падобны

Назіральныя камісіі Дзятлаўшчыны працягваюць работу па абследаванні жылых домаўладанняў, якія падлягаюць кантролю. У Гродзенскай вобласці за студзень “згарэлі” 5 чалавек, старэйшыя за 90 гадоў, сярод загінулых жыхарка і нашага раёна. Увогуле, за першы месяц бягучага года адбыўся значны рост пажараў з гібеллю людзей на іх, таму асаблівую ўвагу старшыня райвыканкама даручыў надаць прафілактычным мерапрыемствам.

Не лішняй будзе і прафілактыка бытавой злачыннасці. У выхадныя дні двойчы паступалі праваахоўнікам паведамленні аб пагрозе жыццю сякерай і манціроўкай – “актывісты” знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання. А адзін грамадзянін такі паспрабаваў здзейсніць сваю пагрозу: у Хвінявічах на дні нараджэння разгарэлася сварка і адзін госць уторкнуў другому нож у спіну, прычыніўшы яму цяжкія цялесныя пашкоджанні.

Ірына КАМАРОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: