З верай у цуды, або Чаго просяць у Дзеда Мароза дзеці з прытулка? (+відэа)

Важнае Грамадства

Набліжаюцца навагоднія святы.

Іх з нецярпеннем чакаюць людзі любога узросту, але асабліва спадзяюцца на падарункі і дапамогу добрага чараўніка, Дзядулі Мароза, нашы дзеці.

У прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава таксама пануе перадсвяточная атмасфера: установа прыгожа аздоблена ў лепшых навагодніх традыцыях, у гульнявым пакоі красуецца ёлка, а юныя насельнікі ўжо напісалі свае лісты з просьбамі Дзядулю Марозу. Ён абавязкова і не раз сюды завітае ў час дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, аднак разам з навагоднім героем добрымі чараўнікамі могуць стаць усе жадаючыя жыхары нашага раёна. Як зазначае дырэктар цэнтра Ала Жэгалік, для сяброў і спонсараў дзверы ўстановы заўсёды адкрыты, а дзецям дарэчы будуць не толькі салодкія сюрпрызы, але і канцылярскія прыналежнасці, кнігі, развіваючыя гульні, сродкі гігіены, адзенне.

Цікава было даведацца і ў саміх выхаванцаў прытулка, аб чым у сваіх лістах яны прасілі Дзядулю Мароза.

Аляксей, 17 гадоў:

– Для сябе я пажадаў смарт-гадзіннік з крокамерам, а яшчэ – капялюш з барадой, як у самога Дзядулі Мароза, бо таксама хачу павіншаваць са святамі, парадаваць сваіх блізкіх, сяброў, педагогаў прытулка. Яшчэ хацелася б атрымаць гульнявую кансоль, але самае вялікае жаданне – усёй сям’ёй паехаць у госці да навагодняга чараўніка – у яго рэзідэнцыю, што ў Белавежскай пушчы. Хутка скончу школу, таму спадзяюся, што 2022 год стане для мяне паспяховым і я паступлю ў медыцынскі каледж. Мару быць медыкам і дапамагаць людзям.

Павел, 12 гадоў:

– Захапляюся маляваннем, таму ў Дзядулі Мароза папрасіў скетчбук і аўтаматычны карандаш з тонкімі грыфелямі, а яшчэ – наручны гадзіннік і шмат снегу. Аднак больш за ўсё я мару вярнуцца да мамы і спадзяюся, што навагодні чараўнік пашле ёй моцнае здароўе, дапаможа наладзіць жыццё, каб яна хутчэй мяне забрала з прытулка.

Дзмітрый, 12 гадоў:

– У сваім лісце я папрасіў Power Bank – гэта запасная батарэя-зарадка для мабільнага тэлефона, наручны гадзіннік і спартыўны касцюм, бо вельмі люблю фізкультуру. Прызнаўся Дзядулю Марозу, што больш за ўсё хачу хутчэй паехаць да мамы, каб усе мае родныя і бабуля былі здаровыя і шчаслівыя, каб маме плацілі вялікую зарплату, а яна клапацілася пра нас з братам і вяла здаровы лад жыцця, каб у наступным годзе мы жылі разам. Сабе і сябрам жадаю добрых адзнак у школе і паспяховай вучобы.

Дзяніс, 12 гадоў:

– Мая самая запаветная мара, каб бацькі ўзяліся за розум і забралі мяне адсюль, хачу дахаты, дзе мяне чакае кошка Тайка. Вельмі сумую па стрыечным браціку Даніку, перадаю яму вялікае прывітанне, шчыра спадзяюся, што ў хуткім часе мы сустрэнемся і зноў згуляем у любімыя гульні. Няхай Дзядуля Мароз і Даніку прынясе падарунак яго мары, добры чараўнік павінен ведаць жаданні дзяцей. Сабе ў лісце я папрасіў шмат чаго: калонку, наручны “разумны” гадзіннік Xiaomi, зарадку Power Bank, бесправадныя навушнікі AirPods, SD-карту на 8ГБ і вудачку, бо люблю рыбалку.

Наталля, 16 гадоў:

– Напісала Дзядулю Марозу, што мару атрымаць у падарунак вялікага плюшавага мядзведзя – вельмі падабаюцца мяккія цацкі. Прасіла добрага чараўніка, каб мне лёгка давалася вучоба і былі добрыя адзнакі. Хутчэй хачу вярнуцца дахаты, вельмі спадзяюся, што мама паправіцца і больш не будзе хварэць, прашу для яе моцнага здароўя. Дома мне паабяцалі, што возьмем кацяня. З нецярпеннем чакаю сустрэчы з будучым гадаванцам, вельмі люблю звяроў і птушак, таму, калі вырасту, мару адкрыць прытулак для бяздомных жывёл. Усім сваім блізкім жадаю шчасця, здароўя, радасці, аднакласнікам – поспехаў у вучобе. Сумую па сястры Каці, якая жыве і працуе ў Гродне, спадзяюся на хуткую сустрэчу з ёй.

Марына, 12 гадоў:

– Веру, што Дзядуля Мароз пакладзе мне пад ёлачку вялікую каробку цукерак і мяккага зайца – пра гэта напісала яму ў лісце. Папрасіла таксама, каб ён зрабіў так, каб мама больш не хварэла і не трапляла ў бальніцу, каб зноў гатавала для нас смачныя стравы, мне больш за ўсё падабаюцца яе аладкі. Сумую па доме, дзе мяне чакаюць рыбкі ў акварыуме, прыгожыя, рознакаляровыя. У 2022 годзе жадаю ўсім блізкім шчасця, дабрабыту, добрага настрою, сабе – навучыцца прыгожа маляваць.

Ульяна, 11 гадоў:

– Для мамы Люды ў Дзядулі Мароза я папрасіла моцнага здароўя, бо вельмі яе люблю. Сябрам – больш добрых адзнакаў у дзённіках. Усёй нашай сям’і – хутчэй зноў быць разам. Вельмі спадзяюся, што нарэшце згуляем у “Манаполію”, якая мне падабаецца, але астатнія не заўсёды згаджаюцца гуляць.

Мае асабістыя жаданні – на Новы год знайсці пад ёлкай вялікую плюшавую акулу, два кілаграмы розных шакаладных цукерак і бляшаначку з сінім лізуном (гэта такая ліпкая цацка). Яшчэ я люблю маляваць, прыгожа апранацца, рабіць прычоскі, таму парадуе і набор дзіцячай касметыкі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga