Што павінен ведаць наймальнік?

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

У заканадаўстве аб занятасці насельніцтва нямала нюансаў, на якія трэба звяртаць увагу наймальніку пры прыёме і звальненні работнікаў.

Галоўныя з іх патлумачыла намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Савань.

– Для наймальніка заканадаўствам замацаваны абавязак у 5-дзённы тэрмін пісьмова паведамляць у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне выканаўчага камітэта аб новых вакансіях з дня іх з’яўлення з указаннем умоваў працы і памеру аплаты. Такая інфармацыя прадастаўляецца ў электронным выглядзе ці на папяровым носьбіце.

Аб запаўненні вакансій, пра якія паведамлялася раней, наймальнік павінен праінфармаваць органы па працы і занятасці непасрэдна ў дзень іх запаўнення, каб не ўводзіць у зман саіскальнікаў.

Пры ліквідацыі арганізацыі, спыненні дзейнасці індывідуальнага прадпрымальніка, скарачэнні колькасці або штата работнікаў наймальнік не менш як за два месяцы да іх вызвалення павінен пісьмова паведамляць аб гэтым у орган па працы і занятасці з указаннем прозвішча, прафесіі (спецыяльнасці), кваліфікацыі і памеру аплаты працы вызваленых работнікаў.

Разам з тым, вызначаны і іншыя абавязкі наймальнікаў па забеспячэнні занятасці насельніцтва:

– удзельнічаць у правядзенні дзяржаўнай палітыкі па садзейнічанні занятасці на аснове выканання заканадаўства аб працы, умоваў працоўных і калектыўных дагавораў, пагадненняў;

– аказваць дапамогу ў працаўладкаванні, не дапускаючы дыскрымінацыйных умоваў, якія абмяжоўваюць гарантыю рэалізацыі права на працу, прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі;

– прадастаўляць вызваленым работнікам за кошт уласных сродкаў дадатковую матэрыяльную дапамогу звыш устаноўленай заканадаўствам, калі гэта прадугледжана лакальнымі нарматыўнымі прававымі актамі або працоўным дагаворам;

– забеспечваць прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі работнікаў;

– захоўваць устаноўленую бронь для прыёму на работу грамадзян, якія маюць асаблівую патрэбу ў сацыяльнай абароне і не здольны на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы;

– своечасова (не пазней чым за тры месяцы) прадстаўляць у органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне і прафсаюз пісьмовую інфармацыю аб магчымых масавых вызваленнях работнікаў (іх катэгорыі і колькасць, тэрміны вызвалення;

– прымаць на работу грамадзян, накіраваных органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў лік броні, устаноўленай у адпаведнасці з артыкулам 11;

– прымаць на работу выпускнікоў, якім месца работы прадастаўлена шляхам размеркавання (пераразмеркавання) або накіравання (наступнага накіравання);

– прадастаўляць грамадскія работы з аплатай беспрацоўным грамадзянам і тым, якія шукаюць работу, згодна з пералікамі грамадскіх работ, зацверджанымі мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі;

– ажыццяўляць кантроль за штодзённай яўкай на работу абавязаных асобаў, працаўладкаваных па судовай пастанове органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, а таксама інфармаваць органы па працы і занятасці, суд, які выконвае судовую пастанову ці выканаўчы надпіс натарыуса, органы ўнутраных спраў аб сістэматычнай няяўцы на работу гэтых асобаў, калі вычарпаны ўсе меры па забеспячэнні іх яўкі і выкананні імі працоўных абавязкаў.

Наймальнік пры прыёме на работу грамадзяніна, накіраванага органам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, абавязаны ў 5-дзённы тэрмін вярнуць у орган накіраванне з указаннем дня прыёму на працу. У выпадку адмовы ў працаўладкаванні – упаўнаважаная асоба наймальніка абавязана зрабіць у накіраванні пазнаку аб дні яўкі і прычыне адмовы, пацвердзіць яе асабістым подпісам і вярнуць накіраванне саіскальніку.

Не дапускаецца адмова наймальніка пры прыёме на работу абавязаных асобаў, накіраваных па судовай пастанове органамі па працы, занятасці і сацыяльнай абароне.

Пры выяўленні парушэнняў да наймальнікаў могуць быць выкарыстаны меры адміністрацыйнай адказнасці.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga