Падарунак, здольны выратаваць жыццё

Галоўнае Грамадства

Сумесны перадсвяточны рэйд у рамках акцыі “Бяспечны Новы год” ладзілі раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” і аддзел па надзвычайных сітуацыях.

Гэта акцыя доўжыцца з 14 па 31 снежня. Завяршальны дзень першага этапу праводзіўся ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, дамах-інтэрнатах для пажылых людзей і інвалідаў, таму да рэйду далучыліся начальнік упраўлення па працы занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель і дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык, якія з’яўляюцца і актывісткамі ГА “БСЖ”.

– Нядаўна завяршылася рэспубліканская акцыя “Апавяшчальнік – у кожны дом”, – патлумачыў інспектар інспекцыі нагляду і прафілактыкі РАНС Сяргей Цвірко, – у рамках якой мы таксама наведвалі адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў, тых з іх, хто жыве адзінока, шматдзетныя сем’і, асобаў, якія злоўжываюць спіртным. Усяго агледжана 432 домаўладанні.

Менавіта пажарныя апавяшчальнікі ў якасці падарункаў да святаў для ветэранаў службы сацыяльнай абароны выбралі старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Алена Васкель і яе намесніца Таццяна Нікіпорчык, якія разам з ратаўніком накіраваліся па знаёмых адрасах.

У гэты дзень яны наведалі з пераднавагоднімі віншаваннямі і перадалі апавяшчальнікі былым сацыяльным работніцам: жыхаркам гарадскога пасёлка Казлоўшчына Ганне Шостак і Алене Лях, а таксама дзятлаўчанцы Ганне Іода. Сяргей Цвірко нагадаў пенсіянеркам правілы бяспекі пры ўстаноўцы навагодніх ёлак, пакупцы і эксплуатацыі піратэхнічных вырабаў, расказаў, як сябе паводзіць на зімовых вадаёмах, у натоўпе, пры галалёдзе і ў іншых надзвычайных сітуацыях.

Пры сустрэчы з удзельнікамі рэйду Ганна Шостак адзначыла:

– Сацыяльнай работніцай я адпрацавала 23 гады. Увесь гэты час дапамагала пажылым людзям, у тым ліку клапацілася пра іх бяспеку, таму з вопыту выдатна разумею, што пажарныя апавяшчальнікі павінны быць у кожным доме, незалежна ад узросту гаспадара. У мяне ён ёсць, але новы не будзе лішнім, яго з мужам плануем усталяваць у спальным пакоі.

Напрыканцы рэйду актывісткі раённай жаночай арганізацыі таксама падзяліліся сваімі думкамі аб важнасці падобных мерапрыемстваў.

– Мы вырашылі падтрымаць былых работніц установаў сацыяльнай сферы, якія цяпер і самі сталі пенсіянерамі, – адзначыла Таццяна Нікіпорчык. – Наш сённяшні візіт – знак таго, што людзі не забыты, што мы цэнім іх працу і заслугі. Заадно рэйд даў магчымасць у чарговы раз пабачыцца, павіншаваць былых калег з надыходзячымі святамі. Для іх мы выбралі карысныя падарункі, якія, як упэўніліся, прыйшліся даспадобы. Аднак галоўнае, каб усе мы не адчувалі сябе адзінокімі, таму жадаю жыхарам раёна цаніць сваіх блізкіх, былых калегаў і суседзяў.

Размову прадоўжыла Алена Васкель:

– Для зімовага перыяду характэрна павелічэнне колькасці надзвычайных сітуацый, таму гэта час асаблівай турботы як сацыяльнай абароны, так і беларускай жаночай арганізацыі аб бяспецы нашых грамадзян. Сацыяльная абарона заўсёды цесна супрацоўнічала з раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях, адчувала надзейнае плячо, ратаўнікі адгукваюцца на нашы прапановы па першым закліку, мы таксама заўсёды гатовы ісці ім насустрач. Нягледзячы на тое, што падыходзіць да завяршэння Год народнага адзінства, мы па-ранейшаму застаёмся адзінымі, у тым ліку ў нашых карысных справах і працоўнай дзейнасці.

Ірына СТЫРНІК     

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: