Кукурузу па восені лічаць

Важнае Эканоміка і сельская гаспадарка

Вось і наступіла выдатная восеньская пара, калі ўсё вакол наліваецца рознакаляровымі фарбамі, птушкі пакідаюць родныя краі, а людзі з нецярпеннем чакаюць “бабінага” лета, якое, хоць і ненадоўга, парадуе цёплымі дзянькамі.

Навучэнцы і студэнты зноў пачалі “грызці граніт навукі”, людзі, якія вярнуліся пасля летняга адпачынку, паступова ўцягваюцца ў працоўны рытм. А вось у аграрыяў, нягледзячы на ​​змену пары года, сельскагаспадарчыя клопаты працягваюцца.

Так, на Дзятлаўшчыне пачалі ўбіраць кукурузу. У КСУП “Войневічы” яна пасеяна на 813 гектарах: 563 – на кармы гатункаў “Палескі-212”, “Мадлен” і “МАС 20А”; 250 – на зерне (“Рыкардыніа”, “Нестар” і “Калізей”). Цяпер у гаспадарцы займаюцца нарыхтоўкай кармоў. На 1 верасня ўбрана 30 гектараў кукурузы, закладзена дзве сіласныя траншэі на ферме Ёцавічы. Кіпіць праца ва ўрочышчы Батракі, дзе з 17 гектараў убрана 7. Там жа ёсць і траншэя, у якую ўжо закладзена 564 тоны сіласу, плануецца – 650 тон. Усяго па гаспадарцы нарыхтавана 1050 тон сіласу, плануецца – 16 000 тон. На полі ва ўрочышчы кукурузу ўбірае механізатар Дзмітрый Сухецкі, на трамбаванні зялёнай масы задзейнічаны Аляксандр Сіўко, разраўноўвае яе – Юрый Місцюкевіч, падвозяць да сіласнай траншэі – Дзмітрый Саўко, Мікалай Мішчук, Андрэй Сідэнка і Іван Шпак.

Паралельна ідзе нарыхтоўка сенажу ў сакаўныя і пажыўныя рулоны. Сельскагаспадарчыя стаханаўцы перавыканалі норму: пры плане ў 850 тон дасягнулі выніку ў 1118 тон. Пасля ўборкі кукурузы аграрыі гаспадаркі возьмуцца за “салодкую” культуру – цукровыя буракі.

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: