З пасяджэння райвыканкама. Абноўленыя кабінеты, сучаснае абсталяванне, маладыя педагагічныя кадры

Важнае Улада

У перадапошні дзень жніўня прайшло пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта на чале са старшынёй Андрэем Садоўскім, на якім абмяркоўвалася пытанне падрыхтоўкі навучальных установаў Дзятлаўшчыны да новага навучальнага года.

Са справаздачай выступіла начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус.

Наталля Сяргееўна зазначыла, што выкананы планы мерапрыемстваў, сярод якіх стварэнне камфортнага і бяспечнага знаходжання навучэнцаў ва ўстановах адукацыі, правядзенне рэканструкцыі, рамонту будынкаў, аснашчэнне сучасным абсталяваннем, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў. Напрыклад, адрамантавана спартыўная зала гімназіі № 1 у Дзятлаве, падыходы да будынка Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы, бегавыя дарожкі ў Хвінявіцкай і Круцілавіцкай установах адукацыі. Каля сярэдняй школы № 1 у райцэнтры праведзены рамонт падыходаў да будынка школы і ўездаў на тэрыторыю, тут пакладзена плітка перад другім уваходам, перад цэнтральным – таксама хутка будзе пліткавае пакрыццё.

Некаторыя работы будуць весціся на працягу вучэбнага года. Так, да 1 кастрычніка запланаваны рамонт стадыёна (бегавых дарожак) Дварэцкай сярэдняй школы, да канца лістапада будзе завершаны бягучы рамонт пакрыцця пешаходных дарожак, падыходаў да будынка, уездаў на тэрыторыю ясляў-сада № 1 і дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 у Дзятлаве, Новаяльнянскага ясляў-сада. За кошт сродкаў Сусветнага банка рэканструкцыі і развіцця вядуцца капітальныя рамонты Казлоўшчынскай сярэдняй школы, сярэдняй школы № 3 у Дзятлаве, вырабляецца праектна-каштарысная дакументацыя па мадэрнізацыі фасадаў і рамонце даху Новаяльнянскай сярэдняй школы. Па словах Наталлі Белаус, прадугледжаны ўсе меры, каб незавершаныя рамонтныя работы не перашкаджалі вучэбнаму працэсу.

Наталля Сяргееўна звярнулася да членаў выканкама з просьбай дапамагчы за кошт бюджэту замяніць аконныя блокі ў гімназіі №1 райцэнтра і набыць адзін школьны аўтобус.

Кіраўнік раёна адказаў, што гэтыя просьбы, як і праблемнае пытанне па рамонце харчблока дзіцячага сада № 1 райцэнтра будуць улічаны пры фарміраванні бюджэту на 2022 год. Таксама Андрэй Уладзіміравіч заўважыў, што да новага навучальнага года выкананы рэкамендацыі (іх было 20) наглядных органаў – міжведамасных рабочых груп. Засталося толькі ўстанавіць загароджу каля сярэдняй школы № 3 у Дзятлаве – работа будзе выканана да канца бягучага года.

Сёння аддзел адукацыі імкнецца да арганізацыі і кантролю бяспечных умоваў знаходжання дзяцей ва ўстановах адукацыі раёна – дзейнічае прапускны рэжым, амаль ва ўсіх устаноўлены камеры відэаназірання на цэнтральных уваходах і ўваходах у харчблокі, камеры фотафіксацыі заездаў на тэрыторыю ўстановаў.

Адзін з прыярытэтных кірункаў аддзела – аснашчэнне сучасным абсталяваннем школьных кабінетаў, бяспечным гульнявым абсталяваннем – дашкольных установаў. Усяго па стане на 1 верасня бягучага года ўстановы адукацыі раёна аснашчаны 7 вучэбнымі кабінетамі, якія маюць сучаснае вучэбнае абсталяванне; функцыянуюць 15 камп’ютарных класаў, 2 лінгафонныя кабінеты, маюцца 37 праектараў, 18 інтэрактыўных дошак, 17 інтэрактыўных мультыбордаў. Акрамя таго, увядзенне сэрвіса “Электронны журнал/электронны дзённік” праходзіць у кожнай школе раёна. Павялічыўся паказчык забяспечанасці ўстановаў адукацыі спартыўным інвентаром, за бюджэтныя сродкі набыта рэгулюемая па росце мэбля для гімназіі № 1, пры гэтым, пакуль невырашаным застаецца пытанне аб набыцці такой жа мэблі для пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава і Новаяльнянскай сярэдняй школы.

У новым навучальным годзе арганізаваны падвоз для 350 навучэнцаў, задзейнічаны 11 школьных аўтобусаў. Таксама на заняткі ў Дзятлаўскі раённы цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі спецыяльна абсталяваны транспарт дастаўляе 13 дзяцей-інвалідаў.

На 99,6 % раён забяспечаны педагагічнымі кадрамі з улікам замяшчэння вакантных пасадаў. Сёлета на Дзятлаўшчыну прыехаў 31 малады спецыяліст (летась – 13). Своечасова падпісаны сертыфікаты гатоўнасці ўстановаў адукацыі да арганізацыі навучальнага працэсу.

Ірына КАМАРОВА
Фота Наталлі АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga



Теги: