Ужо пяты! Сяброў запрашае “Зецельскі фэст” (+відэа)

Галоўнае Грамадства

Раённае штогадовае свята – фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” – сёлета праходзіць пяты раз. Праект стаў папулярным як у сем’яў-удзельніц, так і ў гледачоў нашага раёна.

На плошчы райцэнтра фестываль зноў сабраў гараджан і гасцей, якія цэняць сямейныя каштоўнасці, захоўваюць традыцыі сваёй сям’і, робяць добрыя справы на карысць малой радзімы і прадаўжаюць сябе ў дзецях і ўнуках.

“На свята!” – такой танцавальнай кампазіцыяй далучыцца да ўрачыстасці “Зецельскага фэсту” прысутных запрасіў танцавальны калектыў “Сунічкі”.

Дзятлаўчан, якія прыйшлі на свята, павітаў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч. Ён зазначыў, што сям’я – гэта фундамент і будучыня нашай краіны, бо менавіта тут зараджаюцца лепшыя традыцыі, якія чалавек нясе праз усё жыццё. Са словамі асаблівай удзячнасці Ігар Станіслававіч звярнуўся да шматдзетных і прыёмных сем’яў, дзе, нягледзячы на паўсядзённыя клопаты, цяпла бацькоўскіх сэрцаў хапае на ўсіх. Сем’ям Дзятлаўшчыны Ігар Кухарэвіч пажадаў здароўя, ладу, дабрабыту, шчасця.

Музычныя падарункі для ўдзельнікаў урачыстасці падрыхтавалі артысты нашага раёна: Андрэй Добыш, Алена Гузавец, Таццяна Шостка, Сяргей Малышчык, Ганна Харлінская, Людміла і Аляксандр Баклушыны, Таццяна Дудкіна, Марына Варган і іншыя.

 

Добрай традыцыяй фэсту стала віншаванне сем’яў-юбіляраў. 2021 год не стаў выключэннем: першымі на чырвоную дарожку запрасілі пары, якія сёлета адзначаюць 25 гадоў сумеснага жыцця – сярэбранае вяселле. Сімвалічныя медалі “За каханне і вернасць” атрымалі сямейныя пары з 25-гадовым стажам Віталя і Алены Косых, Пятра і Марыі Горбачаў, Уладзіміра і Марыны Кекшукоў, Аляксандра і Святланы Аблажэяў, Аляксандра і Таццяны Кармільчыкаў, Наталлі і Дзмітрыя Горбачаў, Ірыны і Сяргея Верамейкаў. Яны пакінулі свае роспісы ў Кнізе ганаровых сямейных юбіляраў і атрымалі кветкі і падарункі ад калектываў, дзе працуюць.

Залатыя медалі фэсту і падарункі былі ўручаны сям’і з 50-гадовым стажам сумеснага жыцця – Іосіфу і Яніне Марцінчыкам.

Безумоўна, багацце сям’і – гэта дзеці. Шчырымі апладысментамі прысутныя сустракалі шматдзетную сям’ю Наталлі і Андрэя Клюкачоў, якія гадуюць пяцёра дзяцей. Падарункі ім уручыў старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

Вядучыя ўрачыстасці Наталля Маліноўская і Чэслаў Свіб нагадалі прысутным, што ў фестывалю “Зецельскі фэст” ёсць свая “Кніга летапісу”, куды кожны год уносяцца прозвішчы сем’яў-пераможцаў. Сёлета яна таксама папоўніцца новымі запісамі. А паглядзець гэты літаратурны дакумент жадаючыя маглі на інтэрактыўнай пляцоўцы раённай бібліятэкі “Неразлучныя сябры – тата, мама, кніга, я”.

А свята прадаўжалася. На плошчы працаваў “горад майстроў”, самых актыўных удзельнікаў фестывалю чакалі шматлікія тэматычныя пляцоўкі з гульнямі і конкурсамі, а юных сяброў фэсту вабілі надзіманыя горкі, атракцыёны, каруселі і салодкія прысмакі на любы густ.

Ірына СТЫРНІК