Хто развівае бізнес, той задае пытанні

Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Прадпрымальнікаў нашага раёна запрасілі наведаць “Адкрытую прыёмную для бізнесу”, якая працавала пад кіраўніцтвам намесніка старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віталія Няверы, які курыруе сферу эканомікі Прынёмання.

Тут на адной пляцоўцы сабраліся спецыялісты фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, землеўпарадкавальнай, пажарнай, падатковай, іншых службаў і ведамстваў вобласці і раёна – словам, усе тыя, у каго юрыдычныя і фізічныя асобы маглі атрымаць кваліфікаваную індывідуальную кансультацыю па пытаннях вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці, абмеркаваць праблемныя моманты, што ўзнікаюць у час работы, нават унесці свае прапановы па развіцці бізнесу ў рэгіёне.

Варта зазначыць, што мерапрыемства такога фармату праходзіць у Дзятлаве ўжо другі раз. У 2019 годзе менавіта наш раён стаў пляцоўкай для пілотнага праекта “Адкрытая прыёмная для бізнесу” Гродзенскага аблвыканкама, распрацаванага для павышэння ўзроўню інфармаванасці прадпрымальніцкай супольнасці Прынёманскага краю.

Як расказаў дырэктар Гродзенскай абласной установы фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Алег Шыраеў, дзякуючы першапачатковаму дзятлаўскаму вопыту і ў іншых раёнах вобласці праект запрацаваў з вялікім поспехам. Фармат адкрытай прыёмнай вельмі зручны для людзей, бо за адзін візіт яны могуць вырашыць разнапланавыя праблемы са спецыялістамі больш чым дзясятка абласных службаў. Водгукі заяўнікаў станоўчыя: яны выказваюць жаданне, каб і ў далейшым з перыядычнасцю ў год-два такія сустрэчы паўтараліся, бо з часам узнікаюць новыя пытанні, мяняецца заканадаўства, у бізнес прыходзяць лічбавыя тэхналогіі, якія неабходна асвойваць, каб рухацца наперад.

Кампетэнтную дапамогу ў адкрытай прыёмнай можа атрымаць і навічок, які толькі мяркуе пачаць свой бізнес, а як гэта зрабіць, у якім кірунку працаваць, яшчэ не ведае. Заўсёды прыемна, падкрэслівае Алег Шыраеў, калі пасля размовы такі чалавек пакідае пляцоўку ў добрым настроі з упэўненасцю ва ўласных сілах і жаданнем узяцца за справу.

Як сведчыць статыстыка, якой Алег Віктаравіч ахвотна падзяліўся, найчасцей наведвальнікі адкрытых прыёмных звяртаюцца з пытаннямі ў санітарна-эпідэміялагічную, землеўпарадкавальную, падатковую службы вобласці, да энергетыкаў, у службу фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў. Разам з тым, усе абласныя спецыялісты ўносяць пытанні заяўнікоў у спецыяльныя бланкі, такія звароты акумуліруюцца ў электронным выглядзе, а напрыканцы года ажыццяўляецца іх маніторынг, які выяўляе, якой службе, якога раёна задаць пэўны накірунак дзейнасці.

Паколькі з моманту работы ў Дзятлаве першай адкрытай прыёмнай для бізнесу прайшоў значны адрэзак часу, за які на наша жыццё свой адбітак наклала пандэмія каранавірусу, цікава было пачуць меркаванне загадчыцы аддзела Гродзенскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Марыі Руфкінай.

– Вельмі парадавала, што ў адкрытую прыёмную звярталіся не толькі першыя асобы, але і наёмныя работнікі, якія ўносілі канструкцыйныя прапановы для развіцця бізнесу ў цяперашніх нялёгкіх умовах, – падкрэсліла Марыя Мацвееўна. – Значыць, чалавек не проста прыходзіць “зарабляць” сваю зарплату, ён яшчэ і нераўнадушны да справы, якой займаецца, спрабуе рухаць яе наперад. Для гэтага неабходна актуальная інфармацыя, якую можна атрымаць у абласных спецыялістаў.

Цікавіліся людзі, як сябе паводзіць ва ўмовах распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі, якія меры абароны з’яўляюцца абавязковымі, ці будуць паслабляцца абмежаванні, ці вакцынавацца і якую вакцыну выбіраць. Мы заўсёды адказваем, што вакцынацыя – самы эфектыўны сродак барацьбы з захворваннем, а зрабіць выбар на карысць пэўнай вакцыны дапаможа доктар-тэрапеўт. Людзі павінны разумець, што каранавірус ужо застанецца з намі, разам з тым, нам неабходна жыць, працаваць, адпачываць, гадаваць дзяцей, развіваць бізнес ва ўмовах пандэміі. У нашай краіне для гэтага распрацаваны ўсе неабходныя рэкамендацыі і створаны бяспечныя ўмовы. Рэспубліка Беларусь пайшла сваім шляхам у плане прыняцця падобных мерапрыемстваў, санітарна-эпідэміялагічная служба краіны не закрывала грамадскіх аб’ектаў. Прыняццю такога рашэння папярэднічаў сур’ёзны аналіз, які паказаў, што па-іншаму адрэагаваць мы проста не можам.

На пачатку пандэміі назіраўся значны спад наведвання людзьмі грамадскіх аб’ектаў, бізнес гэта адчуў, асабліва сферы адпачынку, грамадскага харчавання, санаторна-курортнага лячэння. Сітуацыя паступова стабілізуецца, пачынаюць з’яўляцца больш новыя сродкі абароны – абарончыя экраны, рэцыркулятары для абеззаражвання паветра. Комплекс усіх мераў дазволіць нашай краіне нарэшце вярнуцца да нармальнага жыцця. А такія сустрэчы, як сёння, дапамогуць зрабіць гэта хутчэй.

Уражаннямі таксама падзяліліся некаторыя наведвальнікі мерапрыемства.

Аляксандр, прыватны прадпрымальнік:

– Звяртаўся ў абласную службу Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Знайшоў поўны адказ на сваё пытанне, дзякуючы спецыялістам, якія далі дэталёвыя тлумачэнні.

Вольга і Таццяна, прадаўцы прыватнага магазіна:

 

– Мы прыходзілі па інфармацыйную падтрымку да спецыяліста абласной санітарнай службы. Размаўляць ужывую намнога зручней, чым па тэлефоне, можна абмеркаваць кожны нюанс.

Ірына СТЫРНІК