З 12 па 18 красавіка ў аператыўна-дзяжурную службу АУС Дзятлаўскага райвыканкама паступіла 72 паведамленні, 3 з якіх утрымлівалі звесткі аб прыкметах учыненых злачынстваў, 34 – аб адміністрацыйных правапарушэннях, 35 – аб іншых здарэннях.
Да адміністрацыйнай адказнасці былі прыцягнуты 18 правапарушальнікаў, узбуджана 4 крымінальныя справы.
Па газавую пліту – у чужую кватэру
На беспрацоўнага жыхара вёскі Гезгалы ўзбуджана крымінальная справа за крадзеж. Мужчына ў суседнім аграгарадку з аднайменнай назвай учыніў крадзеж настольнай газавай пліты з кватэры пенсіянера, чым нанёс апошняму матэрыяльны ўрон на суму 76 рублёў. Злодзей чакае суда.
Палявалі на метал з лапатай
З дваровай тэрыторыі аднаго з дамоў вёскі Аханяны паляўнічыя на метал не паленаваліся выкапаць і скрасці 35 металічных слупкоў агароджы. Гаспадару дома нанесены матэрыяльны ўрон у памеры 280 рублёў. Узбуджана крымінальная справа.
Хто непакоіць пчаліныя сем’і?
Раённы аддзел Следчага камітэта ўзбудзіў крымінальную справу па факце крадзяжоў з пчаліных вулляў з дачы вёскі Бярозаўка сямі рамак з пчалінай сям’ёй коштам 250 рублёў, а таксама з дачы вёскі Навасёлкі 6 рамак з пчалінай сям’ёй коштам 200 рублёў.
Міліцыя просіць жыхароў раёна, якім што-небудзь вядома пра абставіны гэтых злачынстваў, тэлефанаваць на нумар 102 або звярнуцца да ўчастковага інспектара міліцыі.
Канфіскавалі спіртное
15 красавіка ў жыхара горада Дзятлава міліцыя знайшла і канфіскавала 6 літраў неліцэнзійнай спіртаўтрымліваючай вадкасці. Праводзіцца праверка.
Ігар ХІТРО,
намеснік начальніка АУС Дзятлаўскага райвыканкама
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga