Настрой – цудоўны! Хутчэй на старт! (+відэа)

Галоўнае Спорт і турызм

Сёлетняя зіма расшчодрылася на снег і маразы.

Дзякуючы спрыяльнаму надвор’ю, у нашым раёне адбылася знакавая спартыўная падзея – “Дзятлаўская лыжня-2021”. Яна сабрала разам 40 каманд працоўных калектываў з усіх куткоў Дзятлаўшчыны.

Мерапрыемства адкрыў галоўны спецыяліст Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрый Ёда, які адрапартаваў аб зборы каманд.

Удзельнікаў спартыўнага свята “Дзятлаўская лыжня-2021” павітаў намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Ігар Кухарэвіч:

– Сённяшнія спаборніцтвы праходзяць у рамках рэспубліканскага мерапрыемства “Беларуская лыжня-2021”, – зазначыў Ігар Станіслававіч. – Яны сабралі на адной пляцоўцы нашых землякоў, якія прапагандуюць здаровы лад жыцця. Сваім прыкладам вы пакажаце работнікам іншых калектываў, як варта бавіць вольны час, тым больш, што сёлетняе надвор’е спрыяе актыўнаму адпачынку і заняткам зімовымі відамі спорту. Жадаю вам удалых стартаў і лёгкага фінішу, і абавязкова – бадзёрасці духу.

– Сёння ў нас праходзіць вясёлае свята, – звярнуўся да каманд Дзмітрый Ёда. – Чаму вясёлае? Бо навыкі хадзьбы на лыжах у многіх прысутных не ідэальныя, аднак не гэта галоўнае. Галоўнае – атрымаць зарад станоўчых эмоцый. Менавіта па такіх сустрэчах можна меркаваць аб зладжанасці працоўных калектываў, якія разам упэўнена ідуць да пастаўленых мэтаў.

Права падняць дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь і ўрачыста адкрыць спаборніцтвы “Дзятлаўская лыжня-2021” было прадастаўлена актыўнаму ўдзельніку спартыўнага руху Дзятлаўшчыны, настаўніку Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Сяргею Карнэліку.

Пасля ўрачыстага адкрыцця каманды рушылі на старт эстафетнай гонкі.

Ірына СТЫРНІК
Фота Вольга ЮШКЕВІЧ