Таццяна Жых: “Працы шмат, і гэта радуе”

Важнае Грамадства

4 ліпеня сваё свята адзначаюць работнікі спажывецкай кааперацыі.

У нашым раёне гэта 469 чалавек, якія працуюць у гандлі, нарыхтоўках, на вытворчасці, у грамадскім харчаванні. Сёння для насельніцтва Дзятлаўшчыны працуюць 50 магазінаў спажывецкай кааперацыі, палова з якіх – у сельскай мясцовасці. А 7 аўтамагазінаў Дзятлаўскага райспажыўтаварыства даязджаюць у самыя аддаленыя куткі нашага раёна. На Дзятлаўшчыне па-ранейшаму пякуць самы смачны хлеб, а духмянае печыва і паўфабрыкаты “на ўра” ідуць у аматараў кубачка чаю і хуткіх перакусаў. Прапанаваць комплексны абед або прыняць банкет могуць 10 установаў грамадскага харчавання. Калі вы не заўважылі, у нашых крамах заўсёды досыць сезоннай мясцовай агародніны. За гэта варта падзякаваць працаўнікам нарыхтоўчай галіны.

Напярэдадні свята завіталі ў адзін з любімых дзятлаўчанамі магазінаў спажывецкай кааперацыі – “Свет тэхнікі”, які адчыніў свае дзверы роўна восем гадоў таму. Добры асартымент, лаяльныя кошты, частыя зніжкі і абаяльны прадавец-загадчык – усё гэта вабіць сюды пакупнікоў. Дзятлаўчане наведваюць “Свет тэхнікі”, каб набыць дробную або буйную бытавую тэхніку: усё ёсць, ад плойкі і чайніка – да пральнай машыны і халадзільніка. Як адзначае загадчыца магазіна Таццяна Жых, асартымент “Свету тэхнікі” значна пашырыўся. Цяпер пакупнікі могуць выбраць, што душа пажадае, не толькі з паліцаў магазіна, але і з сайта “21 стагоддзе”, з якім супрацоўнічае магазін. У дапамогу пакупнікам – гандлёвае ноу-хау, інтэрнэт-вітрына, з дапамогай якой бытавую тэхніку можна выбраць з дому і замовіць, патэлефанаваўшы ў магазін. Або наведаць “Свет тэхнікі” і скарыстацца электроннай вітрынай на месцы.

Таццяна Мікалаеўна нагадвае, што нягледзячы на ўсе новаўвядзенні, сістэма бонусаў для пакупнікоў засталася ранейшай: гэта растэрміноўка плацяжу ад 3 да 9 месяцаў, а таксама зніжкі ў канцы кожнага месяца і перад святамі на ўсе тавары. Інфармацыя пра акцыі на дзвярах магазіна “Свет тэхнікі” заўсёды актуальная. – Працы шмат, заявак шмат, і гэта толькі радуе, – зазначае загадчыца “Свету тэхнікі”. – Значыць, мы патрэбныя спажыўцам, значыць, недарэмна працуем.

Прафесійнае свята работнікі Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства сустракаюць з узнагародай – першым месцам у вобласці па выніках гаспадарча-фінансавай дзейнасці за 2019 год. Віншуем са святам і заслужанай узнагародай!

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup