Над чым трэба працаваць у другім паўгоддзі

Важнае Здарэнні і бяспека

У першым паўгоддзі 2020 года на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна колькасць зарэгістраваных злачынстваў па лініях усіх службаў павялічылася са 106 да 124, у тым ліку ўчыненых у сельскай мясцовасці – з 63 да 72.

Пераважную большасць злачынстваў па лініі крымінальнага вышуку склалі крадзяжы: усяго 54, сярод якіх 25 – з жылля.

Па лініі барацьбы з незаконным абаротам наркотыкаў і супрацьдзеяння гандлю людзьмі выяўлены пяць злачынстваў, у тым ліку звязаных са збытам наркатычных сродкаў.

З 10 да 6 зменшылася колькасць злачынстваў у сферы эканомікі і карупцыйных злачынстваў.

Стала менш супрацьпраўных учынкаў, якія адносяцца да катэгорыі “гвалт у сям’і” і тых, што адбыліся ў грамадскіх месцах.

Для стабілізацыі абстаноўкі і паляпшэння ўзаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі было праведзена два пасяджэнні Дзятлаўскага райвыканкама па пытаннях: “Аб рабоце суб’ектаў прафілактыкі Дзятлаўскага раёна па папярэджанні рэцыдыўнай злачыннасці, сацыяльнай і працоўнай адаптацыі асобаў, якія маюць судзімасць”, “Аб рабоце суб’ектаў прафілактыкі Дзятлаўскага раёна па папярэджанні і недапушчэнні крадзяжоў маёмасці ўсіх формаў уласнасці”. Таксама прайшло пасяджэнне Дзятлаўскага раённага каардынацыйнага савета па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, дзе абмеркаваны стан злачыннасці на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна за пяць месяцаў 2020 года, распрацаваны меры па папярэджанні і раскрыцці злачынстваў супраць уласнасці.

У мінулым паўгоддзі пракуратурай узбуджаны восем крымінальных спраў па прэвентыўных артыкулах Крымінальнага кодэкса: тры – за пагрозу забойствам, пяць – за нанясенне лёгкагіх цялесных пашкоджанняў, яшчэ дзесяць асобаў, схільных да гвалту ў сям’і, прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці. Зладжаная дзейнасць праваахоўных органаў па прафілактыцы злачынстваў супраць жыцця і здароўя дала станоўчыя вынікі: у 2017-2020 гадах нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў і забойстваў не дапушчана.

У другім паўгоддзі 2020 года суб’ектам прафілактыкі раёна трэба прадоўжыць работу па прафілактыцы правапарушэнняў і злачынстваў.

Алег ВЯЛІЧКА,
пракурор Дзятлаўскага раёна

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup