Андрэй Садоўскі: Дасягненні – гэта працавітасць кожнага з нас

Галоўнае Улада

1 ліпеня ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце прайшла сустрэча старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з працоўным калектывам, на якой былі падведзены вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўшчыны ў 2016-2020 гадах.

У сустрэчы прыняў удзел старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Пацэвіч.

– Эканоміка Дзятлаўскага раёна фарміруе 1,25 % выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работаў, паслугаў Гродзенскай вобласці, – пачаў свой даклад са значэння Дзятлаўшчыны ў агульнай структуры эканомікі Прынёманскага краю старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – 1,7 % займаем у абласным аб’ёме прадукцыі прамысловасці, 6,5 % – сельскай гаспадаркі, 0,4 % – будаўніцтва. Сама ж эканоміка Дзятлаўшчыны – сістэма, у якой дамінуе прамысловасць, якая фарміруе пераважную долю выручкі раёна, затым ідуць – сельская гаспадарка, сфера сацыяльных паслугаў, лесаводства, будаўніцтва, аптовы і рознічны гандаль. На долю нашага раёна даводзіцца 0,4 % ад агульнага аб’ёму экспарту тавараў Гродзенскай вобласці, 2,7 % – экспарту паслугаў. Наша прадукцыя пастаўляецца ў 15 краінаў свету.

Андрэй Садоўскі нагадаў, што Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады была прынята Пятым Усебеларускім народным сходам. Стратэгічнымі накірункамі росту для краіны ў цэлым і кожнага рэгіёна на пяцігодку сталі інвестыцыі, занятасць насельніцтва, экспарт, інфарматызацыя, моладзевая палітыка. Ва ўсіх гэтых галінах развіцця эканомікі Дзятлаўшчына мае свае дасягненні. Так, у асноўны капітал накіравана каля 144 мільёнаў рублёў інвестыцый: штогод – да 100 тысяч долараў ЗША. Дасягнуты чаканыя вынікі ад мерапрыемстваў па садзейнічанні занятасці насельніцтва: працаўладкавана 2184 чалавекі, у тым ліку 1382 беспрацоўных, на новыя створаныя працоўныя месцы – 247 чалавек. Тэмп росту экспарту тавараў у 2020 годзе да ўзроўню 2015-га склаў 143,7 %, паслугаў – 294,5%. Сальда знешняга гандлю па таварах і паслугах было станоўчае, мае тэндэнцыю да штогадовага павелічэння. Працэсы інфарматызацыі ўкаранёны практычна ва ўсіх сферах дзейнасці раёна. На Дзятлаўшчыне жывуць 2812 маладых грамадзян 14-31 года, наладжана сістэма грамадзянска-патрыятычнага выхавання, створаны ўмовы для развіцця і рэалізацыі іх творчага патэнцыялу, развіваецца валанцёрскі рух, вядзецца работа па замацаванні маладых спецыялістаў. Шмат увагі на працягу пяці гадоў на Дзятлаўшчыне надавалася развіццю сацыяльнай сферы, яе матэрыяльна-тэхнічнай забяспечанасці, жыллёваму будаўніцтву, адукацыі, культуры.

Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што рост эканамічных паказчыкаў – гэта стваральная праца ўсіх калектываў Дзятлаўшчыны. За дасягненнямі стаяць людзі – дзятлаўчане, якім кіраўнік раёна шчыра падзякаваў за паспяховую работу.

– На Дзятлаўшчыне жывуць сапраўды старанныя людзі, якія не схіляюцца перад знешнімі цяжкасцямі, – падвёў вынікі пасяджэння Сяргей Пацэвіч. – Раён пацярпеў ад чарнобыльскай трагедыі, дзятлаўчанам давялося шмат працаваць, каб захаваць набыткі і рухацца да дасягненняў, калі не стала на карце Савецкага Саюза, цяпер на сусветную эканоміку, асабліва турызм, уплывае каранавірус, а ў Дзятлаўскім раёне ёсць такія цудоўныя здраўніцы, як “Радон” і “Альфа Радон”, што вымушаны працаваць у складаных умовах. Нягледзячы на выпрабаванні часу, у раёне выконваюцца галоўныя задачы – забеспячэнне нармальнай работы галінаў эканомікі і спрыяльных умоваў для жыцця людзей. Прыемна, што дасягненні дзятлаўчан на гэтым шляху ацэнены вобласцю, і мне выпала місія – уручыць заслужаныя ўзнагароды.

Дыплом Гродзенскага аблвыканкама за трэцяе месца ў вобласці ў намінацыі “За дасягненне высокіх паказчыкаў у развіцці прамысловасці” Сяргей Пацэвіч уручыў старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Андрэю Садоўскаму.

На абласную Дошку гонару па выніках працы занесены калектыў Дзятлаўскага РУП ЖКГ: пасведчанне Сяргей Пацэвіч уручыў намесніку дырэктара жылкамунгаса Віктару Дзедулю.

Дыпломам за трэцяе месца ў штогадовым конкурсе “Лепшы савет грамадскага пункта аховы правапарадку” па выніках работы ў 2019 годзе адзначаны савет ГПАП пры Казлоўшчынскім сельскім выканаўчым камітэце. Узнагарода была ўручана старшыні сельвыканкама Вадзіму Бялятку.

Карэспандэнтка пацікавілася, што спрыяла поспехам.

Віктар Дзедуль:

– Дзятлаўскі РУП ЖКГ працуе, каб задаволіць штодзённыя патрэбы і запыты насельніцтва нашага раёна. Увайсці ў тройку абласных лідараў удалося, дзякуючы зладжанай рабоце ўсяго калектыву і арганізатарскім якасцям нашага дырэктара Сяргея Міхайлавіча Луні.

Вадзім Бялятка:

– У савет грамадскага пункта аховы правапарадку мы выбіралі нераўнадушных людзей. Гэта прадстаўнікі міліцыі, педагогі, іншыя спецыялісты, якія адказна адносяцца да справы. Казлоўшчынскі сельсавет па колькасці насельніцтва самы буйны. У нас жыве нямала раней судзімых, шмат моладзі, іншых катэгорый насельніцтва, якім надаём асаблівую ўвагу. Папрацавалі на высокім узроўні, за што кажу “дзякуй” усім членам савета.

Ірына СТЫРНІК