Услед за сяўбой яравых зерневых, аграрыі Дзятлаўшчыны прыступілі да наступнага этапу сезонных работ – нарыхтоўкі травяністых кармоў.
Справа гэта адказная і тэрміновая.
Аднымі з першых пачалі гэтыя работы аграрыі ААТ “Граніт-Агра”, КСУП “Войневічы”.
Як паведамілі ва ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, па стане на 15 мая травяністыя кармы ўбраны з плошчы 80 гектараў: нарыхтавана 340 тон зялёнай масы, скошана 155 гектараў азімай сурэпіцы (зялёная маса склала 1126 тон). На корм жывёлам ужо выкарыстана 3523 тоны кармоў.
– Галоўная задача, якая цяпер стаіць перад сельгасарганізацыямі, – атрымаць якасную кармавую базу, скасіць травы і нарыхтаваць травяністыя кармы ў аптымальныя агратэхнічныя тэрміны, – адзначае першы намеснік начальніка ўпраўленні сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Юрый Бортнік. – Галоўнае, каб не падвяла тэхніка і ўмовы надвор’я.
У цэлым па раёне ставіцца задача атрымаць на адну ўмоўную галаву жывёлы 29 цэнтнераў кармавых адзінак травяністых кармоў. Спадзяёмся, гэта дазволіць нам павысіць эфектыўнасць работы жывёлагадоўчай галіны.
Як і ў папярэднія гады, праведзена значная работа па ўдасканаленні відавога складу траваў на пашах і лугапашавых угоддзях для павышэння бялковай каштоўнасці кармоў. На ўсіх этапах нарыхтоўкі травяністых кармоў арганізаваны маніторынг выканання тэхналогій, адпрацавана сістэма аплаты працы і прэміравання за нарыхтоўку кармавой базы з улікам яе якасці.
З мэтай мінімізацыі страт пажыўных рэчываў нарыхтоўка травяністых кармоў вядзецца з ужываннем кансервантаў. Для паляпшэння якасці і захавання кармавой базы штогод вялікая ўвага надаецца нарыхтоўцы сенажу ў палімерных матэрыялах.
Зыходзячы з наяўных тэхнічных магчымасцяў, для правядзення работ па нарыхтоўцы кармоў траваў першага ўкосу спатрэбіцца каля 20 дзён. Травы будуць убраны з плошчы 14 300 гектараў.
У цэлым за сезон плануецца нарыхтаваць каля 115 170 тон сенажу, у тым ліку 9700 – у рулонах, 4200 тон сена, 133 500 тон сіласу.
Паралельна касьбе ў гаспадарках наладжаны работы па закладцы зялёных травяністых кармоў у сянажныя траншэі. Акрамя гэтага, вядуцца работы па хімічнай праполцы яравых зерневых, кукурузы, цукровых буракоў. На фінішную прамую выйшла сяўба кукурузы.
Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup