Глыбінкай жыве Беларусь. Стараста Іван Лазовік

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ў рамках Года малой радзімы працягвае праект “Глыбінкай жыве Беларусь” і будзе расказваць пра старастаў вёсак, якія застаюцца своеасаблівымі захавальнікамі звычаяў і традыцый сваёй малой радзімы.

Старастам вёскі Хрольчыцы з’яўляецца Іван Віктаравіч Лазовік. Ён, дарэчы, сёлета юбіляр: у студзені адзначыў 75-годдзе.

Іван Лазовік нарадзіўся ў вёсцы Карыца-1 Данілавіцкага сельскага савета ў 1945 годзе. Скончыў 10 класаў, пасля чаго паступіў у Навагрудскае вучылішча механізацыі сельскай гаспадаркі № 26, якое цяпер называецца  Навагрудскім дзяржаўным сельскагаспадарчым прафесійным ліцэем. Пасля вучобы Іван Віктаравіч пайшоў на працу ў калгас імя Карла Маркса. Быў механізатарам. Там і пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай, з якой яны пераехалі ў вёску Хрольчыцы.

Іван Віктаравіч расказаў, што ў свой час яму давялося стаць дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, а таксама дэлегатам з’езда калгаснікаў, і дэлегатам з’езда прафсаюзаў у Маскве. Мужчына мае нямала значных узнагарод, сярод якіх ёсць медаль “За доблесную працу”, працоўны ордэн Чырвонага Сцяга III ступені, бронзавыя значкі ВДНХ, а таксама тры граматы Вярхоўнага Савета БССР.

Іван Віктаравіч мае траіх дзяцей: двух сыноў і дачку, яны ужо дарослыя і стварылі ўласныя сем’і. Дачка працуе ў Таркачах у краме, адзін сын ‒ на заводзе па вырабе камбікорму, другі ‒ у школе. Акрамя таго, у Івана Віктаравіча ўжо чатыры ўнукі і пяць праўнукаў. Адзін з ўнукаў ужо скончыў Гродзенскі медыцынскі ўніверсітэт і заразпрацуе крыміналістам у Салігорску.

Старастам Іван Лазовік стаў не так даўно ‒усяго тры гады таму. Да абавязкаў ставіцца задказнасцю, дапамагае людзям усім, чым можа: цяпер і дровы купіць, і праблемы з электрычнасцю вырашыць, і на могілках парадак дапаможа навесці. Па словах аднавяскоўцаў, Іван Віктаравіч чалавек спагадлівы і надзейны, у дапамозе ніколі не адмаўляе.

‒ Раней у вёсцы было шмат людзей, асабліва моладзі, ‒ успамінае Іван Лазовік. ‒ Вельмі весела было: збіраліся разам на святы, танцавалі, спявалі песні, хадзілі калядаваць. Па вечарах дзяўчаты вышывалі, пралі і ткалі ‒ без справы не сядзеў ніхто. А цяпер, на жаль, тут засталіся, у асноўным, пажылыя людзі ‒ ад 60 гадоў і старэйшыя. На жаль, вёска аджывае сваё.

Тым не менш, па словах Івана Віктаравіча, з добраўпарадкаваннем і клопатам пра жыхароў у вёсцы ўсё ў парадку. Так, напрыклад, сюды прыязджаюць спецыялісты з Наваельні для медагляду. Аўталаўка рэгулярна бывае па панядзелках, чацвяргах і суботах.

Часцей прыязджайце ў госці, тэлефануйце. Не забывайце пра сваіх блізкіх і стаўцеся да іх з разуменнем, ‒ сказаў Іван Віктаравіч напрыканцы размовы.

Марыя ПАПОВА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке @GrodnoMediaGroup