Марыя Шышня: “Я без работы не магу”

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Жыве ў вёсцы Засецце добразычлівая, усімі паважаная і вельмі працавітая жанчына – Марыя Ігнатаўна Шышня.

Сёння яна адзначае важкі юбілей – 90-годдзе. Аднымі з самых галоўных дасягненняў у сваім доўгім жыцці жанчына лічыць шматлікія ўзнагароды за працоўныя поспехі. А ганарыцца і сапраўды ёсць чым – гэта Ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, шматлікія юбілейныя медалі, медаль “За доблесную працу”, званні “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, “Ударнік камуністычнай працы”, “Ветэран працы”.

Марыя Ігнатаўна расказвае, што працаваць яна пачала з дзевяці гадоў – ужо тады дапамагала маці па гаспадарцы, а потым і бацьку была памочніцай – лес разам вазілі. “Дзеўкі ідуць гуляць, а мне трэба касу кляпаць – іржышча касілі, бо хацелася кароўку трымаць”, – узгадвае жанчына.

Яшчэ да вайны яна хадзіла ў польскую школу: і па-польску, і па-руску ўмее пісаць. Расказвае, што немцы спалілі іх школу і прыслалі настаўніка, які пачаў вучыць дзяцей па-нямецку. А яны з сяброўкай тры дні пахадзілі і ўцяклі. Вось такая была навука.

Шмат давялося перажыць і ў вайну. “Дванаццаць гадоў мне было. Памятаю, уцякала на поле, бо немцы хадзілі па хатах і забіралі моладзь у Германію. Брат захварэў на тыф, маці павяла яго на камісію ў Дзятлава, дактары паглядзелі, што тэмпература, і адправілі дахаты. Так і выратаваўся”.

Ажыўляецца Марыя Ігнатаўна, калі пачынае расказваць, кім працавала. “Тры гады была паляводам. Першы год нічога не плацілі, другі год капеечкі далі, на трэці ўжо атрымала некалькі рублёў. Затым трынаццаць гадоў адпрацавала ў звяне, я вельмі добра ўмела грузіць лёнам машыны. Дзевятнаццаць гадоў была даяркаю. Нялёгка было, але працавалі сумленна і старанна. Надойвалі на адну карову па пяць тысяч літраў малака. Даілі рукамі, няхай цяпер паспрабуюць так зрабіць. Вось як стараліся”. Пахвалілася Марыя Ігнатаўна і падарункамі за сваю працу: прыгожыя кубачкі да гэтага часу захоўваюцца ў серванце.

Але жыццё не бывае зусім бязвоблачным, здараецца, прыходзіцца перажываць і нягоды. У жанчыны набягаюць на вочы слёзы, калі ўзгадвае пра сваё самае вялікае ў жыцці гора – смерць васьмігадовага сыночка. Не стала ўжо і яе мужа. Жыве жанчына цяпер адна, але прыязджае з Дзятлава сацыяльны работнік, заходзіць што дапамагчы і добры сусед-аднавясковец Мікалай Іванавіч Конан, часам наведваюць пляменнікі з Мінска. Марыя Ігнатаўна не скардзіцца на адзіноту і цяжкасці, сцвярджае, што сама ўсё яшчэ зрабіць можа: і ў хаце прыбіраецца – вельмі любіць чысціню, – і ў печы сама прапаліць, вады з калодзежа прынясе, есці згатуе. Нават агарод яшчэ сама даглядае.

“Я без работы не магу, заўжды стараюся быць у руху, каб кроў працавала. А як будзеш ляжаць, то і сілы прападуць, – гаворыць доўгажыхарка. – Дзякуй Богу міламу, што ў такім узросце яшчэ сама хаджу, ды і пры памяці. Толькі чую дрэнна, ды пальцы на нагах баляць, нідзе не дайду ўжо, адно з палачкай па сваім падворку. А ў цэлым на здароўе не скарджуся. Летась на “Радоне” была, абследавалі мяне, сказалі, што ўсё нармальна – здаровая. А як далей будзе, не ведаю”.

Трэба спадзявацца, што будзе ўсё толькі добра. І дачакаецца Марыя Ігнатаўна яшчэ свайго стагадовага юбілею. Зычым ёй добрага здароўя, сілаў, жыццялюбства і каб кожны дзень прыносіў шмат станоўчых эмоцый.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Іны ЯЎСЕЙЧЫК