Якія пытанні вырашалі дэпутаты

Важнае Свежыя навіны Улада

Прайшло чарговае пасяджэнне сесіі Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў 28-га склікання пад старшынством старшыні райсавета Аляксандра Бараноўскага.

У рабоце сесіі прынялі ўдзел кіраўнікі аддзелаў райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна.

На парадак дня было вынесена некалькі пытанняў. Са справаздачай аб практыцы работы Вензавецкага сельскага Савета дэпутатаў і выканаўчага камітэта, згодна з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь”, выступіў яго старшыня Алег Шымко. Ён расказаў, што галоўныя задачы мясцовай і дзяржаўнай улады – бяспека жыццядзейнасці грамадзян, павышэнне якасці іх жыцця і дабрабыту. У Вензавецкі сельскі Савет дэпутатаў абраны адзінаццаць чалавек, яго рабочы орган, выканкам, налічвае сем чалавек, за кожным з якіх замацавана пэўная сфера дзейнасці. За восем месяцаў 2019 года праведзена восем пасяджэнняў выканкама, разгледжаны 67 пытанняў. Сярод актуальных задач – забеспячэнне фарміравання і выкарыстання сродкаў мясцовага бюджэту і сродкаў дзяржаўных фондаў на сацыяльныя патрэбы, аказанне неабходнай дапамогі малазабяспечаным грамадзянам і тым, хто аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, стварэнне ўмоваў для працы і адпачынку людзей, кантроль за захаваннем законнасці і правапарадку на тэрыторыі сельсавета.

Пры сельвыканкаме створаны і працуюць грамадскія фарміраванні: аглядавая камісія, добраахвотная дружына, савет грамадскага пункта аховы правапарадку і іншыя. Вялікую работу з насельніцтвам па месцы жыхарства ажыццяўляюць старасты вёсак.

Справаздачу аб выкананні дэпутацкіх паўнамоцтваў у час сесіі трымала дэпутат Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў па Раклевіцкай выбарчай акрузе № 17 Людміла Савасцюк. Яна зазначыла, што, як работнік аховы здароўя, асаблівую ўвагу надае выкананню Дэктэта № 18, абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, медыцынскаму забеспячэнню пажылых і адзінокіх людзей. Ёй даводзіцца вырашаць пытанні, якія хвалююць людзей, надзённыя праблемы. Так, у 2018 годзе праведзены ямачны рамонт дарогі ў вёсцы Заполле, а ў 2019 – яна заасфальтавана. Вядома, не ўсе пажаданні жыхароў можна вырашыць, некаторым людзям даводзіцца тлумачыць, што іх просьбы разыходзяцца з дзеючым заканадаўствам, матэрыяльнымі магчымасцямі раёна.

Таксама быў разгледжаны шэраг іншых пытанняў, вынесеных на парадак дня работы сесіі, прыняты рашэнні.

Ірына СТЫРНІК



Теги: