Уборачная кампанія: захоўваем супрацьпажарную бяспеку

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

У час уборкі ўраджаю надаецца вялікая ўвага супрацьпажарнай бяспецы, бо штогод у рэспубліцы адбываецца значная колькасць пажараў, у выніку якіх знішчаецца збожжа і фураж.

Прычыны пажараў розныя: неасцярожнае абыходжанне з агнём, іскры, якія вылятаюць з выхлапных труб рухавікоў унутранага згарання, парушэнні правілаў эксплуатацыі цеплагенерыруючых установак пры сушцы збожжа. Да ўборкі неабходна старанна падрыхтаваць збожжаўборачную тэхніку, аўтамабілі і трактары для перавозкі ўраджаю, зернесушыльныя комплексы. Асобы, адказныя за пажарную бяспеку зернесушыльных комплексаў, абавязаны забяспечыць захаванне супрацьпажарных правілаў усімі рабочымі на тэрыторыі аб’екта. Рабочыя, якія задзейнічаны на збожжатаках, павінны прайсці інструктаж па супрацьпажарнай бяспецы. Да абслугоўвання цеплавытворчых установак дапускаюцца асобы, якія ведаюць інструкцыю па іх эксплуатацыі, прайшлі падрыхтоўку па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму і маюць кваліфікацыйнае пасведчанне на права работы з гэтымі ўстаноўкамі. З усімі аператарамі зернесушыльных комплексаў і камбайнерамі раёна інспекцыяй нагляду Дзятлаўскага РАНС ужо праведзены заняткі па навучанні правілам пажарнай бяспекі. Паводле нормаў пажарнай бяспекі ўсе работнікі, задзейнічаныя ва ўборачнай кампаніі, павінны прайсці падрыхтоўку па праграме пажарна-тэхнічнага мінімуму з выдачай ім адпаведнага пасведчання. Акрамя гэтага, сушку збожжа можна пачынаць толькі пры наяўнасці пісьмовага распараджэння кіраўніка прадпрыемства, у якім павінен быць указаны тэмпературны рэжым сушкі і дапушчальная тэмпература нагрэву збожжа.

Тэрыторыя зернесушыльных комплексаў павінна пастаянна ўтрымлівацца ў чысціні і сістэматычна ачышчацца ад гаручага смецця і адходаў. Да ўсіх будынкаў і збудаванняў павінен быць забяспечаны свабодны доступ. Пад’езды да будынкаў, водных крыніц, доступ да супрацьпажарнага інвентару павінен быць заўсёды свабодным. Аб’екты павінны быць забяспечаны нарматыўным запасам вады і першаснымі сродкамі пажаратушэння.

Згодна з патрабаваннямі, збожжаўборачныя камбайны неабходна забяспечыць двума вогнетушыцелямі аб’ёмам не менш за 8 літраў, двума швабрамі, супрацьпажарным палотнішчам памерам не менш за 1,5 х 1,5 метра, двума рыдлёўкамі і скрыняй з пяском аб’ёмам не менш за 0,5 метра кубічных. У выпадку, калі канструкцыйныя асаблівасці не дазваляюць усталяваць скрыню з пяском, замест яго можна ўстанавіць дадатковыя два вогнетушыцелі аб’ёмам не менш за 8 літраў. Акрамя гэтых першасных сродкаў пажаратушэння на палях каля збожжаўборачнай тэхнікі будзе дзяжурыць тэхніка, прыстасаваная для патрэб пажаратушэння. Яна ж і будзе суправаджаць камбайны пры іх перамяшчэнні з аднаго поля на іншае.

Інспекцыя нагляду і прафілактыкі будзе праводзіць рэйды па месцах уборкі і сушкі збожжавых.

Дзмітрый БОБІН,

інспектар Дзятлаўскага РАНС