Афганістан – гэта боль і смутак (+відэа)

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Даніну памяці ўсім, хто мае дачыненне да гераічнай і трагічнай Афганскай вайны, аддалі ў Дварэцкай сярэдняй школе. Тут адбылася сустрэча з адзінаццацю нашымі землякамі воінамі-інтэрнацыяналістамі.

Вядучыя мерапрыемства нагадалі, што вайна ў Афганістане – гэта старонка гісторыі, і не самая лепшая, а для воінаў-інтэрнацыяналістаў – гэта частка іх жыцця, якая наклала адбітак на іх далейшы лёс. Гэта гора і памяць перш за ўсё тых, хто непасрэдна ў ёй удзельнічаў.

Ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец адзначыў, што 15 лютага – гэта дзень, калі неабходна ўспомніць тых, хто аддаў сваё жыццё на той вайне і аддаць даніну павагі ўсім, хто прайшоў дарогамі Афганістана. Ён уручыў ветэранам-афганцам юбілейныя медалі “30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана”.

Са шчырай прамовай звярнуўся да ўсіх настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Дварэц айцец Сергій: “Людзі, якія пакінулі сваё жыццё на той афганскай зямлі, хоць і не нашай, абаранялі нас. Хацелася б, каб памяць пра гэтых герояў была вечнай, перадавалася з пакалення ў пакаленне. Усе, хто там загінуў, – сапраўдныя героі”. Таксама пажадаў усім Божай дапамогі і падтрымкі ў жыцці.

Выказала шчырую падзяку воінам-афганцам за іх мужнасць і адвагу, пажадала здароўя, шчасця, дабрабыту ім і іх сем’ям стараста аграгарадка Дварэц Вера Сёмуха.

Наш святы абавязак – захоўваць памяць пра ўсіх, хто ваяваў у Афганістане. Пра тых, каго ўжо ніколі не вярнуць, наша памяць будзе вечнай. Яшчэ раз успомнілі свайго земляка Дзмітрыя Лазовіка, які не вярнуўся дадому з вайны жывым, хвілінай маўчання ўшанавалі яго памяць.

На працягу сустрэчы краналі да глыбіні душы песні ў выкананні Аляксандра Баклушына і вершы, якія чыталі школьнікі. Напрыканцы выступіла школьная агітбрыгада “Дварэцкія зорачкі”.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



Теги: