Што змянілася для незанятых у эканоміцы?

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва раёна, якую ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі.

На гэты раз сустрэча ладзілася ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце. Яна ўключала разгляд дакументаў, прадастаўленых грамадзянамі, якія працуюць або вучацца па-за межамі Беларусі, і асабісты прыём жыхароў райцэнтра, якія звярнуліся для індывідуальнага рашэння праблем.

Варта зазначыць, што жыхары Дзятлаўшчыны пачалі больш актыўна звяртацца ў камісію. Гэта звязана з тым, што з 1 студзеня беларусы, прозвішчы якіх унеслі ў спісы не занятых у эканоміцы, павінны плаціць па эканамічна абгрунтаваных тарыфах за гарачае водазабеспячэнне. Тыя, каму давядзецца аплачваць паслугі ЖКГ з поўным пакрыццём выдаткаў, даведаюцца пра гэта праз квіткі па аплаце камунальных паслугаў.

Ужо на пачатку студзеня дакументы для змянення статусу не занятых у эканоміцы на статус занятых у эканоміцы прадаставілі 12 грамадзян. Камісія па садзейнічанні занятасці задаволіла 8 такіх зваротаў, астатнія былі адхілены з-за недахопу звестак або патрэбных дакументаў. Нагадваем, што з алгарытмам дзеянняў грамадзян, інфармацыя аб якіх утрымліваецца ў базе, і пералікам дакументаў для прадастаўлення ў камісію можна азнаёміцца на сайце Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта ў раздзеле “Дэкрэт аб занятасці”.

На пасяджэнне камісіі ў Дзятлаве прыйшлі 4 чалавекі. Кожнага з іх выслухалі індывідуальна і прынялі канкрэтныя рашэнні. Першым па дапамогу да ўдзельнікаў камісіі звярнуўся жыхар райцэнтра, які раней стаяў на ўліку ў службе занятасці. Мужчына сам спрабаваў працаўладкавацца, але не атрымалася. Па спецыяльнасці ён газавік, праўда, апошні раз працаваў рабочым зялёнага будаўніцтва ў сельскім выканаўчым камітэце. Як вядома, гэта сезонная занятасць, і цяпер такіх вакансій у раёне няма. Беспрацоўнаму парэкамендавалі прыйсці ў службу занятасці па накіраванне на працаўладкаванне ў Будкомплекс падсобным рабочым.

Другі мужчына расказаў, што афіцыйна працуе на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, але ў яго працоўным дагаворы не прапісаны тэрмін заканчэння. Жыхару райцэнтра патлумачылі, што яго дагавор доўгатэрміновы, і ў гэтым выпадку дастаткова прадаставіць копію дагавора і даведку ад наймальніка аб тым, што працоўныя адносіны прадаўжаюцца. Дарэчы, такі ж пералік дакументаў павінны прадастаўляць у камісію і іншыя занятыя, якія працуюць па-за межамі Беларусі па доўгатэрміновых працоўных дагаворах.

Наступным выслухалі жыхара раёна, які расказаў, што сезонна працаваў у індывідуальнага прадпрымальніка, аднак пацвердзіць гэта дакументальна мужчына не змог. У сітуацыі паспрабуюць разабрацца спецыялісты адказных службаў.

На сябе пераафармляе ўчастак у сельскай мясцовасці, дзе займаецца развядзеннем авечак, жыхар горада Дзятлава. Гэта дазволіць мужчыну лічыцца занятым у эканоміцы. Пакуль яму параілі стаць на ўлік у службе занятасці, а ў далейшым, пры жаданні, можна будзе ўзяць субсідыю на адкрыццё ўласнай справы.

Таксама варта ведаць, што грамадзяне, якія не могуць пацвердзіць сваю занятасць у эканоміцы, але знаходзяцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, могуць афармляць заявы вызначанай формы з хадайніцтвам аб вызваленні іх ад аплаты паслугаў з поўным пакрыццём эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне ў сувязі са знаходжаннем у цяжкай жыццёвай сітуацыі (бланк заявы ёсць на сайце Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта або можна звярнуцца да сакратара камісіі па адрасе: г. Дзятлава, вул. Кастрычніцкая, 56, кабінет № 8, тэлефон 2-63-82).

Ірына СТЫРНІК



Теги: