Хто сябруе з артыстамі беларускай эстрады? (+відэа)

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Сёння, 25 снежня, у кожны дом вернікаў-каталікоў увайшло вялікае свята — Нараджэнне Хрыстовае. У канцы такога светлага дня дзятлаўчане сабраліся ў актавай зале Цэнтра культуры і народнай творчасці, дзе ладзілася святочная канцэртная праграма з удзелам артыстаў беларускай эстрады.

Душэўнымі песнямі «разагравалі» зал артысты нашага раёна — Ганна Харлінская і вакальная група сярэдняй школы №3 горада Дзятлава.

Замілаванне на тварах прысутных выклікалі маленькія ўдзельнікі дзіцячай танцавальнай студыі «Сунічкі». Дзяўчаты ў касцюмах кацянятаў паказалі, здаецца, увесь спектр эмоцый: ад суму да шчырай радасці.

Вядома ж, і незвычайным танцам пад падзёрую музыку здзівілі.

Як узгадвалася, свае таленты да нас прыехалі прадэманстраваць знакамітыя беларускія артысты. Пасля вясёлага і трохі забіяцкага дзіцячага нумару на сцэну выйшаў саліст дзяржаўнага моладзевага тэатра эстрады Яўген Ермалковіч з лірычнай кампазіцыяй.

Артыст павіншаваў дзятлаўчан з вялікім святам і адзначыў, што такой цеплыні і шчырых вачэй, як у прысутных, ён не бачыў у іншых гарадах.

На сцэне выступалі таксама Уладзімір Аўчук і Мікіта Ісаеў. Артысты прывезлі разнажанравую праграму. Гучалі і класічныя песні, і папулярныя шлягеры.

Не абыйшлося і без гумару. Марыя Трэццякова і Зінаіда Фурор (Яўген Ермалковіч) аб’ядналіся ў жартоўны тандэм, ад якога не змаўкаў смех у зале.

Запрашалі яны да сябе на сцэну і самых актыўных дзятлаўчан. Разам з артыстамі жыхары Дзятлаўшчыны і спявалі, і танцавалі, і быццам усё жыццё сябравалі.

Самым нечаканым момантам для жыхароў горада і раёна стаў невялікі конкурс, для ўдзелу ў якім запрасілі трох чалавек. Выпала так, што смелымі аказаліся менавіта мужчыны. Пасля выканання ўмоваў конкурсу яны рыхтаваліся вярнуцца на свае месцы ў зале, але дзе там было! Вясёлыя артысты проста так нікога не адпусцілі, а кожнаму канкурсанту ўручылі якасныя прызы.

Два мужчыны атрымалі тостар і блэндар.

Трэцяму дастаўся фен. Магчыма, яму больш пашанцавала зэканоміць на навагоднім падарунку для кагосьці са сваіх знаёмых жанчын.

Такі святочны канцэрт — гэта добры пачатак тых мерапрыемстваў, якія будуць радаваць жыхароў Дзятлаўшчыны ў калядныя і навагоднія дні.

Юлія БАКУНОВІЧ