Старшыня Гродзенскага абласнога суда Уладзімір Янкоўскі і старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі прадставілі калектыву суда Дзятлаўскага раёна новага кіраўніка.

Паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ад 6 кастрычніка 2025 года № 357 “Аб назначэнні і вызваленні суддзяў” на пасаду старшыні суда Дзятлаўскага раёна прызначаны Дзмітрый Сасноўскі.

Дзмітрый Сасноўскі нарадзіўся ў 1978 годзе ў Гродне, у 2001 скончыў ГрДУ імя Я. Купалы па спецыяльнасці “правазнаўства” кваліфікацыя “юрыст”. Да заканчэння навучання працаваў на абласным прадпрыемстве “Гродна “Азот”, з 2001 па 2003 год быў стажорам суддзі па адміністрацыйных справах выканаўчай вытворчасці суда Клімавіцкага раёна, 2003-2004  гады – стажорам суддзі суда Быхаўскага раёна, потым да 2008 года – суддзёй суда Быхаўскага раёна. У 2008 годзе быў пераведзены ў суд Круглянскага раёна, дзе займаў пасады суддзі, старшыні суда. З лютага 2024 года па нядаўні час быў суддзёй суда Кастрычніцкага раёна горада Гродна.

– Судамі Гродзенскай вобласці разглядаецца вялікая колькасць спраў, – зазначыў Уладзімір Янкоўскі. – За дзевяць месяцаў гэтага года разгледжана каля 13 500 спраў аб адміністрацыйных правапарушэннях, 12 000 грамадзянскіх, 2100 крымінальных спаў. Асноўная задача, якая стаіць перад судамі, – якасны і аператыўны іх разгляд. За кожнай справай – лёс чалавека, таму і рашэнні павінны быць законныя, узважаныя, абгрунтаваныя. У цэнтры ўвагі заўжды павінен быць чалавек і абарона правоў грамадзян. Судам належыць удасканальваць работу са зваротамі, уважліва падыходзіць да стварэння ўмоў для рэалізацыі законных правоў грамадзян і юрыдычных асоб. Калектыў суда Дзятлаўскага раёна невялікі, мяркую, з новым кіраўніком вам удасца паспяхова спраўляцца з гэтымі пытаннямі.

– Поспехаў вам, Дзмітрый Іванавіч, на прафесійнай ніве, – пажадаў Аляксандр Бараноўскі. – Вас станоўча ахарактарызаваў ваш кіраўнік, за плячыма – значны стаж судовай дзейнасці. Спадзяюся, дзятлаўская зямля стане для вас гасціннай. Моцнага вам здароўя, дабрабыту, плённай работы ў калектыве і ў добры шлях.

Павіншавалі новага кіраўніка з назначэннем і яго цяперашнія калегі.

– Я ўдзячны Кіраўніку дзяржавы за давер і прызначэнне на новую пасаду, удзячны судовай сістэме Гродзеншчыны і Гродзенскаму абласному суду, што заўважылі, ацанілі мае здольнасці, – адзначыў Дзмітрый Сасноўскі. – Са свайго боку абяцаю прыкласці ўсе намаганні і апраўдаць такі давер. Выдатна разумею задачы, якія стаяць перад судовай сістэмай – гэта справядлівасць, аператыўнасць, сацыяльная арыентаванасць. За кожнай справай мы павінны бачыць людзей і разумець, як нашы прысуды адгукнуцца ў грамадстве і людскіх сэрцах. У калектыве разлічваю на узаемадзеянне, плённае супрацоўніцтва, давер, што і дазволіць нам дасягнуць неабходных вынікаў.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Предыдущая новость

Похожие публикации