3 лютага ў Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ў рамках Года беларускай жанчыны адбылося ўрачыстае адкрыццё персанальнай выставы майстра вышыўкі Новаяльнянскага дома культуры Таццяны Загорцавай. Гэта сапраўдная майстэрня творчасці, багатая на фарбы і прыгажосць. Выстава будзе дзейнічаць да 18 лютага.


У дзень урачыстасці палюбавацца на рукатворную прыгажосць сабраліся прадстаўнікі раённага савета ветэранаў на чале з Генадзем Сураўцом, спецыялісты сферы культуры, дзятлаўчане, якія любяць і цэняць майстэрства “з аўтарскім характарам”.


– Мы не проста папоўнілі залу новымі экспанатамі, а адкрылі маленькі сусвет, які створаны рукамі і сэрцам Таццяны Загорцавай, бо музей – гэта не толькі месца для захоўвання памяці, а жывое ўяўленне, як нацыянальнае мастацтва, народнае майстэрства ў Беларусі перадаюцца з пакалення ў пакаленне, – павітала ўдзельнікаў мерапрыемства дырэктар установы Вераніка Паўлоўская. – Мы прадаўжаем эстафету памяці і адкрываем выставу “Сцежкамі кветак і сонца”. Аўтар вырабаў – Таццяна Васільеўна – нарадзілася на Палессі, а майстэрства пераняла ад сваёй матулі. Яе работы – гэта вясельныя ручнікі, падузорнікі, сурвэткі, дарожкі. Са сваімі калекцыямі майстрыха-вышывальніца наведвае Мінск, Гродна, Навагрудак, Ліду, іншыя куточкі краіны. Яна прадстаўляла Дзятлаўскі раён, калі прымала ўдзел у рэспубліканскім праекце “Культурная спадчына Беларусі” па стварэнні мастацкай карты нашай Радзімы.

Таццяну Васільеўну ведаюць на Дзятлаўшчыне і за яе межамі, не проста як майстрыху, а як таленавітага творцу, бо кожная яе работа – гэта падарожжа ў свет беларускай прыроды, дзе кветкі распускаюцца пад цёплымі прамянямі сонца, а сцежкі вядуць да родных успамінаў і традыцый.

– Нарадзілася я ў Ганцавіцкім раёне Брэсцкай вобласці, вёсцы Хатынічы (цяпер аграгарадок), – расказала пра сябе Таццяна Загорцава. – Жывуць там пявучыя таленавітыя людзі. На Дзятлаўшчыну прыехала ў 1983 годзе, у вёску Белагурна. Спачатку працавала ў кінасетцы, затым – у культуры, сёлета спаўняецца 36 гадоў, як я з’яўляюся спецыялістам гэтай сферы.

Не ведаю, як у іншых раёнах, але ў мяне на малой радзіме, калі ты дзяўчына, жанчына, то павінна вышыць сабе пасаг крыжыкам і гладдзю. Гэта ручнікі, сурвэткі, прасціны, навалачкі, часам нават занавескі. Калі заходзіш у хату да добрай палескай майстрыхі, то нібыта трапляеш у музей – такая там прыгажосць. Прычым, у нашай мясцовасці вышыванкі адрозніваюцца яркімі, вясёлымі, зухаватымі колерамі і тонамі.

Калі ж гулялі вяселлі, кожнага з гасцей трэба было павязаць ручніком, яшчэ жанчынам давалі хусцінкі, мужчынам – сарочкі, а маці атрымлівала шмат падарункаў і абавязкова хустачку. Гасцей было шмат, таму і пасаг павінен быў быць багаты. З дзяцінства ад матулі і старэйшых сясцёр дзяўчынкі пераймалі ўменне валодаць іголкай, а ў юнацтве па вечарах збіраліся з сяброўкамі ў каго-небудзь дома за рукадзеллем. Сваё майстэрства я таксама перадала дачцэ. З выставамі ж паспела пабываць на рэспубліканскіх, абласных дажынках у розных гарадах Беларусі, з’яўляюся ўдзельніцай выставаў творчасці рознага ўзроўню.


Таццяна Загорцава не толькі цудоўна вышывае, але і прыгожа спявае, яе выступленні можна пабачыць на раённых святах. Увогуле песню яна лічыць найлепшым сродкам ад маркоты, а вышыўку – заспакаеннем для душы.

У час майстар-класа аўтар расказала прысутным аб стварэнні вышываных беларускіх абярэгаў для блізкіх. Гэта вока, радзінец, крыж, Вялес, цалебнік. Рабіць іх, як яе вучылі старажылы, параіла ў любы дзень тыдня, акрамя пятніцы.

Беларуская зямля шчодра надзяляе сваіх дачок шматлікімі талентамі. Нашы жанчыны – гэта прыгажуні, клапатлівыя матулі, дбайныя гаспадыні, самабытныя майстрыхі, таленавітыя літаратары, мудрыя кіраўнікі. Кожная з беларусак з радасцю гатова дзяліцца з суайчынніцамі сваімі ведамі і ўменнямі, а галоўнае – пазітывам і станоўчымі эмоцыямі. Кожны з дзятлаўчан і гасцей нашага раёна, калі хоча атрымаць зарад добрага настрою і дакрануцца да нацыянальнай спадчыны, на працягу двух тыдняў можа наведаць музей і пазнаёміцца з аўтарскай выставай Таццяны Загорцавай, прайсці “Сцежкамі кветак і сонца”.



Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #Годбелорусскойженщины