Напярэдадні Дня Маці і Пакроваў Прасвятой Багародзіцы ў гімназіі №1 горада Дзятлава адбылося пасяджэнне раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын”.
З надыходзячымі святамі прадстаўніц прыгожага полу павіншавала старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” А. І. Жадзейка. Яна пажадала здароўя і даўгалецця, шчасця і дабрабыту ў сем’ях, творчых дасягненняў.
Да яе віншаванняў далучылася старшыня пярвічнай жаночай арганізацыі гімназіі №1 горада Дзятлава, удзельніца міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Свет для жанчыны, жанчына для свету” А. В. Радомская.
Жанчын, якія прысутнічалі на ўрачыстым “агеньчыку”, павіншавала з Днём маці доктар-дэрматолаг, касметолаг В. В. Емяльянчык. Таксама яна расказала аб сакрэтах прыгажосці і маладосці, як даглядаць за сваёй знешнасцю.
Музычныя падарункі для ўдзельніц агеньчыка падрыхтавалі навучэнцы гімназіі — вакальная група дзяўчынак, Анастасія і Паліна Верамейкі, Ганна Гульнік.
У час пасяджэння таксама былі абмеркаваны пытанні, якія датычацца работы раённай жаночай арганізацыі, планы на будучыню.
А. ДУБРОЎСКАЯ