Камбайнавыя экіпажы і вадзіцеляў, якія перасягнулі вынікі ў тысячу тон, ушаноўвалі ў філіяле “АграМілк” РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт”. На палетках пад адкрытым небам яны прымалі віншаванні.
Павіншаваў хлебаробаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. Расказаў, што аналагічныя сустрэчы на дзятлаўскай зямлі ўжо адбыліся з працаўнікамі-тысячнікамі ААТ “Граніт-Агра” і “Дварэц-Агра”, цяпер у скарбонку дасягненняў раёна свой уклад зрабілі работнікі філіяла “АграМілк”. Андрэй Уладзіміравіч падзякаваў аграрыям гаспадаркі за іх нялёгкую самаадданую працу і ўклад у харчовую бяспеку нашай краіны, выказаў спадзяванне, што да канца сезона выдасца не адна нагода для падобных мерапрыемстваў. Пажадаў аграмілкаўцам важкіх намалотаў і плёну ва ўборачнай кампаніі.
Заслужанымі ўзнагародамі адзначаны экіпажы камбайнера Руслана Міклаша і яго памочніка, запрошанага з ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас”, Віктара Ёды, якія працуюць на “Лексіёне”, а таксама экіпаж GS-2124 у саставе камбайнера Рамуальда Ненартовіча і яго запрошанага памочніка Юрыя Казушчыка.
Узнагароды ўручаны і вадзіцелям-тысячнікам, якія працуюць на МАЗах, Аляксандру Бяляўскаму, Арцёму Бандарэнку, Андрэю Бранкоўскаму.



Не ўпусціў магчымасць сказаць “дзякуй” лідарам жніўнага сезона-2026 дырэктар РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” Вадзім Худык. Ён пажадаў усім, хто заняты на ўборцы ў гэты напружаны перыяд, моцнага здароўя, невычэрпнай энергіі, каб работа спорылася, а новыя тысячы тон не прымусілі сябе чакаць.



Да віншаванняў і цёплых пажаданняў далучыліся намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка, кіраўнік філіяла Павел Веляпольскі, намеснік дырэктара, галоўны інжынер ДЛГУ “Дзятлаўскі лясгас” Сяргей Дзісько, начальнік Дзятлаўскага РАНС Сяргей Казушчык, калегі па працы, работнікі культуры раёна падрыхтавалі яркі музычны падарунак.



Па добрай традыцыі супрацоўнікі філіяла ўручылі гасцям духмяныя караваі і пачаставалі хлебам новага ўраджаю ўсіх прысутных.



Ірына СТЫРНІК
Фота прадастаўлены ўдзельнікамі мерапрыемства
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga