Шырокія мужчынскія плечы не проста візуальна “гавораць” аб фізічнай сіле, але і могуць быць знакам таго, што за імі, за гэтымі плячыма, хаваюцца адвага, высакароднасць, самаадданасць і смеласць.

Адкуль бяруцца такія якасці ў чалавека? Магчыма, добрае выхаванне. Быць можа, уласная праца над сабой. Нават можа паўплываць жыццёвы вопыт. Так ці інакш, наўрад ці няўпэўнены ў сабе чалавек пачне служыць у Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях.

– Якія ў вас ёсць страхі? – пытаюся ў пажарнага Дзятлаўскага РАНС Дзяніса Русіна.

Задуменны твар суразмоўцы дазволіў зразумець, што пытанне аказалася складаным. Значыць, страхаў у маладога мужчыны няма. Хіба такое бывае?

– Калі выязджаю на пажар, баюся, каб людзі не загінулі, – прызнаўся Дзяніс. Усё ж такі ён не робат, жывы чалавек, з пачуццямі і эмоцыямі. Галоўнае –умець устойліва трымацца, паспяваць “патушыць” сябе, перш чым тушыць пажары.

Быць заўсёды стрыманым Дзянісу Русіну ўдаецца ўжо 8 гадоў службы, бо праца дае шмат магчымасцяў выпрабаваць сябе і свой характар. А жыццё спрабавала весці маладога мужчыну іншымі шляхамі. Адзін з іх – спартыўная кар’ера. Як варыянт, Дзяніс мог выкладаць фізкультуру, паколькі пасля заканчэння школы паступіў на факультэт фізічнай культуры.

– Там я адвучыўся год, а потым вырашыў, што трэба працаваць, – расказвае пажарны. Ён імкнуўся да самастойнасці і адчуваў, што зацікаўлены ў прафесіі іншага накірунку: таго, дзе шмат рызыкі, спрыту і нават адказнасці. Так трапіў зусім юны, але не па гадах сур’ёзны Дзяніс Васільевіч у Дзятлаўскі РАНС. Спорт, вядома, нікуды не знік з яго жыцця, проста набыў больш важнае значэнне, бо пажарны абавязаны быць у выдатнай фізічнай форме. І справа зусім не ў прыгажосці і эстэтыцы.

Спрабаваў Дзяніс сябе і ў юрыдычнай сферы, скончыў юрыдычны факультэт. Але хіба з сабой паспрачаешся? Усё роўна нешта невядомай сілай цягнула да прафесіі, дзе трэба праяўляць шмат мужнасці і адвагі.

Важна і тое, што блізкія людзі – бацькі, сябры – падтрымлівалі маладога пажарнага ў выбары яго справы. І ён не падвёў: на працы спраўляецца з усім на “ўра”, ды яшчэ і паспявае ўдзельнічаць у спаборніцтвах па валейболе за зборную каманду МНС Гродзенскай вобласці.

– Мы 4 гады запар займаем 1-е месца, – са сціпласцю гаворыць Дзяніс Русін. Ён не задзірае нос ад сваіх дасягненняў, а проста папаўняе калекцыю заслужаных грамат і медалёў.

Магчыма, адным з рэцэптаў поспеху можна назваць любоў да сваёй справы. Калі яна выконваецца ад душы, то абуджаецца асаблівы азарт, адольвае жаданне не ісці, а бегчы наперад. А хуткасць, між іншым, для пажарнага таксама вельмі патрэбная.

– Пры пажары трэба дзейнічаць аператыўна, а яшчэ не забываць пра тэхніку бяспекі, быць увесь час напагатове. Ратаваць пацярпелых – абавязкова, але і аб калегах памятаць важна, мы ж як адна сям’я, – дзеліцца малады пажарны. – Я, дарэчы, яшчэ і дыспетчараў падмяняю. Гэта вучыць мець зносіны з людзьмі, бо паступаюць розныя званкі, і тут не атрымаецца працаваць па схеме. Да кожнага чалавека трэба ўмець знаходзіць падыход, асабліва калі людзі тэлефануюць у паніцы.

Атрымліваецца, што за шырокімі плячыма пажарнага хаваецца і маральная сіла. Дзяніс Русін ведае, што асабістая дысцыпліна, устойлівая псіхіка і хуткая рэакцыя – надзейныя памочнікі для таго, каб адчуваць сябе на сваім месцы, выконваць свой прафесійны абавязак з гонарам, радавацца чарговым перамогам над агнём і разумець, наколькі важна своечасова прыняць на сябе чужую бяду.

Юлія БАКУНОВІЧ

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

1 Комментарий

  • Удачи в работе и поменьше выездов

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации