Сямейна-бытавыя правапарушэнні адносяцца да ліку складаных сацыяльных праблем. Нягледзячы на роднасныя сувязі паміж людзьмі ў сям’і і побыце, як паказвае практыка, менавіта ў гэтай сферы ўзаемаадносін часта ўчыняюцца злачынствы і адміністрацыйныя правапарушэнні.
Да бытавых злачынстваў Крымінальны кодэкс Рэспублікі Беларусь адносіць: забойства, наўмыснае прычыненне цяжкага, менш цяжкага і лёгкага цялеснага пашкоджання, катаванне, пагроза забойствам, гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару і іншыя.
Правапарушэнні, за якія прадугледжана адміністрацыйная адказнасць у сферы сямейна-бытавых адносін: наўмыснае прычыненне цялеснага пашкоджання і іншага гвалтоўнага дзеяння або парушэнне ахоўнага прадпісання, абраза, дробнае хуліганства.
Большасць правапарушэнняў учыняецца асобамі, якія да гэтага пастаянна ўжывалі спіртныя напоі або ў час злачынства былі ў стане алкагольнага ап’янення.
Так, грамадзянін Ш., раней судзімы за катаванне, пасля адбыцця пакарання, у перыяд нязнятай і непагашанай судзімасці, зноў учыніў аналагічнае злачынства. Будучы “пад градусам”, з 22 да 7 гадзін у ходзе сваркі, якая ўзнікла на глебе асабістых непрыязных адносін са сваёй маці, падвяргаў яе збіванню, абліваў вадой, душыў, цягаў за валасы, выкручваў рукі. За катаванне і пагрозу забойствам асуджаны да 1 года 6 месяцаў пазбаўлення волі, таксама яму прызначаны прымусовыя меры – лячэнне ад алкагалізму.
Да трох гадоў пазбаўлення волі асуджаны і грамадзянін Я. за тое, што сістэматычна збіваў сваю сужыцельку, а ў адзін з дзён, пагражаючы забойствам, пачаў душыць яе, нанёс не менш за дзесяць удараў па твары і іншых частках цела, затым падпаліў гаспадарчую пабудову з мэтай знішчэння маёмасці, якая ёй належала. Учыняў злачынствы ў стане алкагольнага ап’янення. Мае патрэбу ў лячэнні ад алкаголю, якое яму і было прызначана судом. Акрамя таго, з абвінавачанага на карысць пацярпелай спагнана грашовая кампенсацыя маральнай шкоды ў памеры 1500 рублёў.
Судом Дзятлаўскага раёна ў 2024 годзе асуджана за злачынствы ў сферы сямейна-бытавых 6 асоб, з іх 4 – за наўмыснае прычыненне лёгкага цялеснага пашкоджання, якое пацягнула за сабой кароткачасовае расстройства здароўя. Прычым адзін з іх асуджаны у тым ліку і за пагрозу забойствам. адзін за катаванне і пагрозу забойствам, адзін – за катаванне, пагрозу забойствам і знішчэнне маёмасці пацярпелай. Усе яны знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Злачынствы былі ўчынены ў дачыненні да жонкі або сужыцелькі, паўналетняй дачкі, маці.
Яны атрымалі такія віды пакарання, як штраф, папраўчыя работы, абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, пазбаўленне волі. Да пяці з іх ужыты прымусовыя меры бяспекі і лячэнне ад алкагалізму.
У бягучым перыядзе 2025 года на разгляд у суд паступілі дзве крымінальныя справы, узбуджаныя пракурорам Дзятлаўскага раёна ў дачыненні да асоб, абвінавачаных у наўмысным прычыненні лёгкіх цялесных пашкоджанняў жонцы (сужыцельцы), якія прывялі да кароткачасовага расстройства здароўя. З матэрыялаў крымінальных спраў вынікае, што абвінавачаныя ў момант учынення злачынства таксама знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
Акрамя павелічэння колькасці правапарушэнняў у сямейна-бытавой сферы, больш засмучае тое, што часта відавочцамі гэтых канфліктаў з’яўляюцца непаўналетнія дзеці.
Сяргей СЁМУХА,
суддзя суда Дзятлаўскага раёна
Святлана ЛАМАКА,
вядучы спецыяліст суда Дзятлаўскага раёна
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#суд