У дзіцячы дом сямейнага тыпу Русаўскіх у горадзе Дзятлаве ў рамках рэспубліканскіх акцый “Ёлка жаданняў” і “Прафсаюзы – дзецям” завіталі госці з падарункамі.

Навагоднія сюрпрызы для хлопчыкаў і дзяўчынак, якія гадуюцца ў вялікай сям’і Марыны і Аляксандра Русаўскіх, падрыхтавалі раённыя арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі, а таксама дзятлаўскі вытворчы ўчастак Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства. Іх кіраўнікі Галіна Касцюк, Тамара Юранкова, Уладзімір Андрукевіч пажадалі дзецям і дарослым здароўя, бадзёрасці духу, ладу і дабрабыту.

Галіна Эдвардаўна падарыла сям’і вялікі канструктар і выказала спадзяванне, што ён у вольныя гадзіны будзе аб’ядноўваць дзяцей за цікавай і карыснай гульнёй, цацкі і гульні старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа ўручыла кожнаму з непаўналетніх, а паколькі святы яшчэ прадаўжаюцца і хочацца яркіх уражанняў, самым малодшым дасталіся яшчэ і шкляначкі з мыльнымі бурбалкамі, якімі яны паспяшаліся скарыстацца.

Уладзімір Мар’янавіч перадаў сям’і садавіну і наклейкі з правіламі супрацьпажарнай бяспекі.

Тамара Канстанцінаўна ўручыла цукеркі і мандарыны, пажадала, каб самыя запаветныя мары дзяцей і дарослых абавязкова ажыццявіліся.

Наступным пунктам прызначэння для дабрадзеяў стаў сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава, дзе яны павіншавалі з надыходзячымі Калядамі выхаванцаў і педагогаў. Зноў не абышлося без салодкіх падарункаў і цацак, шчырых пажаданняў і сумеснай фотасесіі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #нашидети

Похожие публикации