У маі гэтага года споўнілася 50 гадоў з дня смерці былога протаіерэя Дзятлаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы Іаана Комара (Івана Мікалаевіча Комара). Яго ведалі, яшчэ і цяпер памятаюць многія прыхаджане храма, жыхары Дзятлава.

З богам у сэрцы айцец Іаан набліжаў Перамогу нашага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Тэму для аповеду пра Івана Комара падказалі жыхары нашага горада, а звесткі пра яго запісаны са слоў тых, хто ведаў і памятае святара. Шмат матэрыялаў захоўваецца ў сямейным архіве ўнучатай пляменніцы Івана Комара – Наталлі Валяк, музеі сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава, гімназіі. Хто ж ён, протаіерэй Іаан Комар?

Будучы святар нарадзіўся ў вёсцы Шчорсы Навагрудскага раёна 18 кастрычніка 1888 года ў шматдзетнай сям’і. У яго былі тры браты і тры сястры. У той час жыць вялікай сям’і было складана, але ўсе дзеці змаглі атрымаць адукацыю. Іван і два яго браты сталі святарамі. Яшчэ дзін брат быў настаўнікам. Калі пачалася Першая сусветная вайна, сям’я аказалася ў ліку бежанцаў. Іван Мікалаевіч застаўся жыць у мястэчку Дзятлава, пачаў служыць у мясцовай царкве. Тут для яго быў пабудаваны жылы дом. Жаніўся ён з Лідзіяй Латушынскай. Родных дзяцей у сям’і не было, усё сваё жыццё Іаан Комар прысвяціў служэнню Богу і народу.

Айцец Іаан выказаў думку і жаданне прадоўжыць будаўніцтва новага цаглянага Спаса-Праабражэнскага сабора, у свой час спыненае Першай сусветнай вайной. Праўда, быў распрацаваны другі праект новага храма (першы створаны Гродзенскім губернскім архітэктарам у сакавіку 1907 года, у кастрычніку – зацверджаны ў Пецярбургу будаўнічым камітэтам Прасвяцейшага Сінода). Праект 30-х гадоў адрозніваўся ад першапачатковага. Як павінен быў выглядаць новы сабор паводле другога праекта, нагадваюць шаты (сень) унутры храма, пад якой знаходзіцца плашчаніца. Шаты зроблены айцом Іаанам. Ён і змяніў праект 1907 года. Для новага храма патрэбна была пляцоўка. Тады прыхаджане паставілі драўляную царкву на круглыя бярвенні і перацягнулі яе з дапамогай некалькіх дзясяткаў коней на тое месца, дзе яна знаходзіцца і цяпер. Падмурка ў яе не было – меркавалі, што гэта часова, што будзе пабудаваны новы каменны храм. Але будаўніцтва новага храма спынілі падзеі 1939 года і Вялікай Айчыннай вайны.

У канцы чэрвеня 1941 года мястэчка Дзятлава захапілі нямецка-фашысцкія акупанты. Пасля бою адступаючых чырвонаармейцаў з нямецкімі войскамі паміж вёскай Хадзяўляны і Дзятлавам засталося шмат забітых і параненых салдат Чырвонай арміі. Іаан Комар звярнуўся да нямецкага камандавання, каб дазволілі пахаваць загінулых па хрысціянскім абрадзе. Салдаты былі пахаваны. Параненых чырвонаармейцаў накіравалі ў шпіталь, дзе працаваў доктарам Мікалай Гулецкі. Прадуктаў харчавання для іх было недастаткова. Тады Іаан Комар звярнуўся з просьбай аб дапамозе да прыхаджан. Ад нямецкіх уладаў быў атрыманы дазвол, ежу для шпіталізаваных гатавалі на тэрыторыі каля царквы.

З утварэннем партызанскіх атрадаў медыкаменты спатрэбіліся і для параненых партызан. Мікалай Гулецкі, нягледзячы на цяжкасці і перашкоды, здабываў лекі ў шпіталі, айцец Іаан перадаваў іх партызанам. Чырвонаармейцы, якія падлячыліся ў шпіталі, перайшлі ў партызанскія атрады. За час акупацыі Іаан Комар, які карыстаўся заслужаным аўтарытэтам сярод прыхаджан, праявіў лепшыя якасці сваёй асобы – чалавечнасць, дабрыню, міласэрнасць. Па хадатайніцтве святара выратаваны жыцці многіх яўрэяў, нямала мірных жыхароў пазбеглі вывазу ў Германію, а ў пачатку ліпеня 1944 года ад расстрэлу змаглі ўратавацца дзесяць вязняў Дзятлаўскай турмы.

Пра бацюшку і сёння памятаюць старажылы не толькі Дзятлава, але і навакольных вёсак.

Мой бацька, Іван Буднік, перад вайной тры месяцы служыў участковым інспектарам міліцыі ў Навагрудку. У час Вялікай Айчыннай вайны жыў у Дзятлаве, быў арыштаваны нямецкімі ўладамі і накіраваны ў турму. Бацьку пагражаў расстрэл. Айцец Іаан Комар сабраў подпісы мясцовых жыхароў аб тым, што Іван Буднік з’яўляецца добранадзейным жыхаром горада. Па хадатайніцтве святара бацьку вызвалілі з турмы, – успамінае сын выратаванага Вячаслаў Буднік, жыхар горада Дзятлава.

Ігнат Глубокі і яго сям’я  былі арыштаваны за сувязь з партызанамі, але вызвалены з турмы таксама дзякуючы  Івану Мікалаевічу Комару.

У гады вайны ў храме была праведзена незвычайная медыцынская аперацыя. Вось што пра гэта расказаў былы загадчык арганізацыйнага аддзела Дзятлаўскага райкама партыі Аляксандр Лях:

– У маі 1969 года да мяне ў кабінет завітаў былы камандзір партызанскага атрада Валянцін Біцько. Ён прыйшоў адразу пасля ўдзелу ў пахаванні пратаіерэя Дзятлаўскай Спаса-Праабражэнскай царквы Іаана Комара, каб расказаць гісторыю свайго выратавання. Аказалася, што ў час правядзення партызанамі разведвальнай аперацыі Валянцін Біцько быў цяжка паранены: куля навылет прабіла дзве шчакі. Каб выратаваць яго, звярнуліся да Мікалая Гулецкага, аднак у шпіталі аперацыю рабіць было нельга. Мікалай Гулецкі папрасіў дапамогі ў айца Іаана. Рызыкуючы для выратавання чалавечага жыцця, праявіўшы вялікую мужнасць і адвагу, святар даў благаславенне правесці аперацыю каля алтара храма. Так з Богам у сэрцы і любоўю да чалавека служыў Царкве і Радзіме айцец Іаан Комар.

Добрым словам успамінаюць старажылы горада Дзятлава дзейнасць протаіерэя Іаана і пасля вайны. Ён застаўся ў памяці дзятлаўчан добрым святаром, мудрым настаўнікам, душэўным і праўдзівым чалавекам. Вось што пра яго ўзгадвае былы паштальён Дзятлаўскага аддзялення сувязі Барыс Гульніцкі:

У сярэдзіне 1957 года на імя айца Іаана Комара быў дасланы грашовы перавод. Я выплаціў перавод адрасату, пайшоў далей разносіць пошту. Калі вяртаўся назад, каля варот святара мяне чакала матушка Ліда, запрасіла зайсці да айца Іаана. За сталом сядзеў ён сам, а на стале ляжалі грошы. Аказалася, што я памыліўся і выдаў на 100 рублёў болш, чым было патрэбна. І сёння памятаю гэты сумленны ўчынак Іаана Комара.

Узгадваюць прыхаджане і такі эпізод з жыцця бацюшкі. Па сумесным рашэнні з жонкай айцец Іаан усынавіў падлетка, якога звалі Васілём, родам ён быў са Смаленшчыны. Прыёмныя бацькі імкнуліся выхаваць у Васіля любоў да Бога і людзей. Гэта ў іх атрымалася: сын стаў святаром, вярнуўся на сваю радзіму, там стварыў сям’ю. Дачка Васіля нават прыязжала ў Дзятлава.

У 50-60-я гады мінулага стагоддзя ў краіне прадоўжыліся ганенні на царкву. У многіх вёсках закрывалі праваслаўныя і каталіцкія храмы. Дзятлаўская Спаса-Праабражэнская царква дзейнічала ўвесь час, дзякуючы протаіерэю Іаану Комару.

Іван Мікалаевіч Комар памёр 23 мая 1969 года, пахаваны на Дзятлаўскіх могілках сярод блізкіх. Вядома, што ў апошні шлях яго выпраўлялі амаль усе жыхары Дзятлава. Пратаіерэй Іаан Комар застаўся ў памяці людзей не толькі як мудры святар, але і як добры, спагадлівы, самаадданы чалавек.

P. S. Шчыра дзякую людзям, якія дапамаглі сабраць звесткі для гэтага артыкула, асабліва Наталлі Міхайлаўне Валяк.

Міхаіл ЛУК’ЯНЧЫК,

краязнаўца

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
На працоўнай хвалі

На працоўнай хвалі

18 апреля, 2026
Депутаты едут в округа!
Моладзевыя навіны. Як запаліць іскрынку краўдфандынгу ў сэрцах юных валанцёраў?

Похожие публикации