Указам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі 2025 год аб’яўлены ў нашай краіне Годам добраўпарадкавання і дае старт пяцігодцы якасці. На аснове ўказа кіраўніка дзяржавы пастановай Савета Міністраў зацверджаны рэспубліканскі план, а ва ўсіх раёнах, у тым ліку на Дзятлаўшчыне, планы мерапрыемстваў па ажыццяўленні добраўпарадкавання.

Пракуратура Дзятлаўскага раёна правяла праверку захавання правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў, аўтамабільных дарог і выканання мерапрыемстваў па навядзенні парадку. Як паказалі вынікі, выяўлены парушэнні ў частцы заканадаўства аб абыходжанні з адходамі, не прымаюцца меры па прыцягненні вінаватых асоб да адміністрацыйнай адказнасці. Напрыклад, кантэйнерныя пляцоўкі каля дамоў па вуліцах Кірава, 9 і Я. Купалы, 9А ў Дзятлаве не маюць агароджаў, якія неабходны па тэхнічных патрабаваннях, а на пляцоўцы па вул. Першамайскай, 9 няма воданепранікальнага пакрыцця. У населеных пунктах Дзятлаўшчыны адзначаны факты незахавання перыядычнасці вывазу смецця: згодна з патрабаваннямі, гэта трэба рабіць не радзей, чым адзін раз на тыдзень, калі жыхароў больш за 50 чалавек. Аднак у вёсках Міроўшчына (346 жыхароў), Засецце (232 жыхары) вываз ажыццяўляўся толькі двойчы на месяц, а ў вёсцы Руда Яварская (187 жыхароў) – адзін раз на месяц. Несанкцыянаваная звалка поліэтыленавых плёнак знойдзена ў мікрараёне вуліцы Леніна вёскі Ахонава паблізу ад поля ААТ “Граніт-Агра”, звалка бытавога і будаўнічага смецця – уздоўж дарогі ад вёскі Савічы ў кірунку садовага таварыства Беразіна. Устаноўлены факты наяўнасці адходаў на прыпынках грамадскага транспарту на скрыжаванні дарог, якія вядуць да санаторыя “Радон” і дзіцячага санаторыя “Баравічок”, а на прыпынках Баравікі, Боцкавічы, Панікарты, Вялікія Краглі, Навасёлкі былі зламаны лаўкі.


На дзіцячых пляцоўках па вуліцах Чапаева, Навагрудскай, 13 райцэнтра своечасова не адрамантавана пашкоджанае гульнявое абсталяванне.

Не быў абмежаваны доступ да адной з капітальных пабудоваў у вёсцы Уланаўшчына, якая знаходзіцца ў аварыйным стане. Застаюцца нявыдаленымі аварыйныя дрэвы на могілках у вёсцы Лапушна, а ў аграгарадку Дварэц і гарпасёлку Наваельня сустракаюцца дрэвы з прыкметамі небяспечнасці, і ў адносінах да іх адсутнічаюць адпаведныя заключэнні. Не ў дастатковай колькасці паводле плана па азеляненні высаджаны маладыя дрэўцы.

Па фактах парушэнняў пракуратурай унесена прадстаўленне аб навядзенні парадку.
Сяргей АЛЯШКЕВІЧ,
намеснік пракурора Дзятлаўскага раёна
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА