У Рэспубліцы Беларусь жанчыны-кіраўнікі паспяхова працуюць і праяўляюць сябе на кіруючых пасадах рознага ўзроўню, наладжваюць міжнародныя стасункі.

Такі пазітыўны вопыт ёсць і на Дзятлаўшчыне, дзе ў апараце мясцовых органаў улады – прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. У кастрычніку споўнілася два гады, як Казлоўшчынскі сельвыканкам узначаліла Ала Гародка, сёлета яе імя было занесена на раённую Дошку гонару.

У чарадзе надзённых клопатаў і спраў яна знайшла час, каб расказаць пра сябе, работу і падзяліцца задумкамі на будучыню.

– Казлоўшчынскі сельскі савет – мая малая радзіма: сама я з вёскі Самойлаўшчына, што непадалёку ад гарпасёлка. Бацькі мае працавалі ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве “Слава працы”, – пачынае аповед жанчына.

Пасля школы яна паступіла ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, якую скончыла па спецыяльнасці “інжынер-землеўпарадчык” і ў 1993 годзе вярнулася працаваць на Дзятлаўшчыну.

Першым працоўным месцам Алы Гародка стаў аддзел землеўпарадкавання  Дзятлаўскага райвыканкама. З таго часу і на працягу ўжо больш чым 30 гадоў яе работа непарыўна звязана з нашым раёнам, сельскім насельніцтвам і зямлёй. За гэтыя гады яна працавала ў Дзянісаўскім, Казлоўшчынскім сельскіх выканкамах, землеўпарадкавальнай і геадэзічнай службах на раённым і абласным узроўнях. У тыя залатыя часы людзі трымаліся за зямлю і разумелі яе каштоўнасць: масава выдзяляліся ўчасткі не толькі для будаўніцтва, але і пасадкі сельскагаспадарчых культур, касьбы траў, якія былі добрым падспор’ем вяскоўцам, якія трымалі вялікую гаспадарку.  

– Мне заўсёды шанцавала на людзей, з якімі працавала, – адзначае суразмоўніца. – Дагэтуль з удзячнасцю ўспамінаю свайго першага кіраўніка – начальніка землеўпарадкавальнай службы райвыканкама Мікалая Яраша, гады работы ў Дзянісаўскім сельвыканкаме са Святланай Жыльцовай, у Казлоўшчынскім – з сённяшнім намеснікам старшыні райвыканкама Вадзімам Бяляткам. Я заўсёды была ў камандзе моцных спецыялістаў, у якіх многаму навучылася.

Але Дзмітрыеўне  пашанцавала ўзначаліць калектыў, дзе раней працавала спецыялістам і заслужыла аўтарытэт. Разам з кампетэнтнымі калегамі і надзейнымі паплечнікамі лягчэй вырашаюцца нават самыя няпростыя задачы. Надзённых клопатаў нямала: Казлоўшчынскі сельскі савет – самы вялікі па колькасці ў раёне, ён налічвае больш за тры тысячы жыхароў. За гэтымі лічбамі – людзі казлоўшчынскай зямлі: дзеці, працоўнае насельніцтва і пажылыя; шматдзетныя і адзінокія грамадзяне; актыўныя, узорныя сем’і, якія з’яўляюцца апорай установаў адукацыі і сваіх калектываў, і тыя, дзе не хапае дабрабыту і адказнасці. За лёс усіх сваіх землякоў у некаторай ступені адказная мясцовая ўлада.   

– Калі заканчваецца ваш рабочы дзень?

– На практыцы ён прадаўжаецца пастаянна. Людзі ведаюць, што са сваімі праблемамі або просьбамі ў сельвыканкам можна звяртацца нават у непрыёмныя дні, ведаюць мой нумар тэлефона, калі трэба тэрмінова вырашыць нейкае пытанне. Бывае, сустракаюць на вуліцы, звяртаюцца, – расказвае Ала Гародка. – Напрыклад, цяпер грамадзян найбольш хвалююць пытанні забеспячэння палівам, ёсць пажылыя людзі, якія баяцца зімой заставацца адны дома, дапамагаем уладкаваць іх у сацыяльныя ўстановы.

Кіраўнік сельвыканкама адзначае, што прадукцыйная работа была б немагчыма без удзелу арганізацый, якія працуюць на тэрыторыі сельсавета – Казлоўшчынскае і Лявонавіцкае лясніцтвы, КУП “Дзятлаўскае ПМС”, завод “Алгонь”, ТАА “Панэкспа”, “РоданАграПол”. Усе яны – актыўныя ўдзельнікі мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года добраўпарадкавання. На працягу гэтага часу сіламі працоўных калектываў быў абноўлены шэраг помнікаў Вялікай Айчыннай вайны ў Дубароўшчыне, Малдавічах, Трахімавічах. У ходзе даследчай работы адкрываюцца новыя імёны загінулых у час ваеннага ліхалецця, якімі дапаўняюцца помнікі.  Таксама была добраўпарадкавана крынічка ў Казлоўшчыне, якая стала цэнтрам прыцягнення не толькі мясцовых жыхароў, а і гасцей гарпасёлка Казлоўшчына. Работы на гэтай тэрыторыі прадаўжаюцца: цяпер тут будуецца купель. Ала Дзмітрыеўна разам са сваім калектывам таксама ўносіць уклад ва ўпрыгажэнне тэрыторыі, абнаўляючы клумбы адпаведна з сезонам.

Не застаюцца ўбаку і самі мясцовыя жыхары: у населеных пунктах сельсавета актыўна працуюць старасты, ладзяцца суботнікі, вясной, напярэдадні Радуніцы, прыязджаюць на малую радзіму з розных куткоў людзі, каб прыбраць на могілках. Смецце аператыўна вывозіцца адказнымі арганізацыямі.

– Мы цэнім нашых дбайных, актыўных жыхароў сельсавета: штогод адзначаем іх узнагародамі ў час святаў вёсак, свята пасёлка “Каб помнілі”, – расказвае старшыня сельвыканкама.  

Актыўная работа і стараннасць дзеля дабрабыту роднага краю былі заўважаны і ацэнены па заслугах: акрамя занясення на раённую Дошку гонару, кіраўнік Казлоўшчынскага сельвыканкама атрымала новы рабочы аўтамабіль BELGEE S50, набыты за сродкі раённага бюджэту. Машына дапамагае ёй быць мабільнай на вялікай тэрыторыі сельсавета, яшчэ хутчэй вырашаць важныя задачы.

Як і для любой жанчыны, для Алы Гародка галоўнае ў жыцці – яе сям’я: муж, які падтрымлівае не толькі ў доме, але і на працы, дзе патрабуецца мужчынская рука. Па словах суразмоўніцы, нават рамонт памяшкання сельвыканкама ён дапамагаў рабіць. Ала Дзмітрыеўна – шматдзетная матуля, праўда, дзеці ўжо дарослыя, разляцеліся з бацькоўскага дома, выбралі свае прафесіі і шлях у жыцці.

– Ёсць у нашай сям’і доктар, педагог і нават будучы геадэзіст: малодшы сын пайшоў па маіх слядах, цяпер вучыцца на чацвёртым курсе Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Я ўжо шчаслівая бабуля: вельмі радуюся, калі ўнукі прыязджаюць на канікулах. Уцешна, што дзеці дружныя і не забываюць бацькоўскі дом.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае 

Похожие публикации