Па добрай традыцыі падрыхтоўка да святкавання Дня Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне на Дзятлаўшчыне пачынаецца задоўга да памятнай даты.

Не выключэнне і бягучы год. З надыходам цёплага сезона ў раёне ажыццяўляецца ўборка і добраўпарадкаванне помнікаў і месцаў пахавання. Самыя значныя работы адбываюцца на мемарыялах на месцах расстрэлаў яўрэяў Дзятлаўскага гета.

Як памятаем, гета ў Дзятлаве было створана 22 лютага 1942 года на акупіраванай тэрыторыі, а затым практычна цалкам знішчана ў час двух масавых расстрэлаў вязняў.

Першы адбыўся на досвітку 30 красавіка 1942 года. Каля 1200 жыхароў гета (дакладная лічба невядомая, але на магіле пазначана 2800 чалавек) прагналі па вуліцах Дзятлава ў лес на паўднёвай ускраіне горада ў кірунку вёскі Курпешы і знішчылі.

Другое масавае забойства яўрэяў пачалося 6 жніўня 1942 года і працягвалася тры дні. У выніку расстрэлаў ад 1500 да 3000 чалавек былі забітыя і пахаваныя ў брацкіх магілах на яўрэйскіх могілках па вуліцы Кастрычніцкай райцэнтра.

Мемарыял, які знаходзіцца ў Курпешскім лесе, замацаваны за санаторыем “Радон”. Якія работы ажыццяўляюцца на аб’екце, расказаў галоўны доктар здраўніцы Мікалай Мінько

– Тэрыторыя вакол пахавання добраўпарадкавана і выкладзена пліткай. Яе агульная плошча – каля пяцідзесяці квадратных метраў. Плітка з’явілася і на дарожцы, якая вядзе да мемарыяла. Яшчэ тут будуць усталяваны шэсць памятных шыльдаў з імёнамі загінулых.

Наш калектыў штогод праводіць на пахаванні суботнікі і стараецца, каб яно выглядала дастойна, а сёлета было прынята рашэнне больш грунтоўна падысці да добраўпарадкавання месца масавага расстрэлу.

Варта адзначыць, што пасільную дапамогу ў добраўпарадкаванні помніка будаўнічымі матэрыяламі санаторыю “Радон” аказалі прыватнае прадпрыемства “Белара-Строй” і ПГУП “Максідом”.

Шэфства над брацкімі магіламі на яўрэйскіх могілках райцэнтра па вуліцы Кастрычніцкай падтрымлівае Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”. Пра работы на гэтым аб’екце расказаў дырэктар філіяла Андрэй Жыдко:

– Сёлета на трох брацкіх пахаваннях выкладзена плітка, для зручнасці зроблены прыступкі, агульны кошт выкананых работ склаў каля васьмі тысяч рублёў. Добраўпарадкаванне дапоўніла вынік мінулага года, калі на пахаванні былі заліты тумбы і ўсталяваны мемарыяльныя пліты з імёнамі. Цяпер аб’ект набыў больш сучасны выгляд. Варта адзначыць, што калектыў нашага завода пастаянна падтрымлівае парадак на гэтым мемарыяле, нярэдка напярэдадні памятных дат тут ладзім суботнікі.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации