На пытанні адказвае натарыус натарыяльнай канторы Дзятлаўскага раёна Жанна Сёмуха:
– Нярэдка мы сутыкаемся з сітуацыяй, калі пры звароце ў дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь з замежнымі дакументамі патрабуецца іх натарыяльна завераны пераклад. Як гэта зрабіць?
– Натарыус можа засведчыць дакладнасць перакладу дакумента з адной мовы на іншую, а таксама сапраўднасць подпісу перакладчыка, калі ведае абедзве мовы. Калі ён не валодае патрэбнымі мовамі, пераклад можа зрабіць вядомы яму перакладчык. Тады натарыус засведчыць сапраўднасць подпісу гэтага перакладчыка на дакуменце. У такім выпадку ён не пацвярджае дакладнасць перакладу, а толькі подпіс перакладчыка.
–Як правільна засведчыць сапраўднасць подпісу перакладчыка?
– Для гэтага дастаткова звярнуцца да перакладчыка, які ўключаны ў рэестр той натарыяльнай акругі, да натарыуса якога вы будзеце звяртацца (спіс перакладчыкаў можна знайсці ў натарыуса або на сайце Беларускай натарыяльнай палаты belnotary.by). Пасля таго, як вам аформілі пераклад, неабходна звярнуцца да натарыуса і падаць дакументы (пераклад і арыгінал).
Кожная старонка перакладу павінна ўтрымліваць запіс аб тым, што перакладчык пацвярджае дакладнасць перакладу, а таксама аб мовах, з якой і на якую ён быў зроблены, паказаны запіс завяраецца подпісам перакладчыка. Натарыус робіць засведчаны надпіс і ставіць пячатку.
–Якія патрабаванні да замежнага дакумента?
– Перакладзены дакумент правяраецца і да яго прад’яўляюцца пэўныя патрабаванні: чытальнасць тэксту і пячаткі; адсутнасць выпраўленняў, каліяны не агавораны ў дакуменце; наяўнасць рэквізітаў (нумар, дата і іншае); наяўнасць пячаткі арганізацыі, якая выдала дакумент, а таксама подпісу яе кіраўніка або ўпаўнаважанай асобы; дакумент, які складаецца з двух і больш лістоў, павінен быць прашыты або змацаваны іншым чынам, пранумараваны, запіс пра колькасць лістоў завяраецца подпісам асобы, якая выдавала дакумент.
– Дзе лепш рабіць пераклад дакумента – у сваёй краіне або за мяжой?
– Пры падачы дакумента ў дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь лепш рабіць пераклад на тэрыторыі нашай краіны, бо калі вы гэта зробіце за мяжой, томногія важныя элементы застаюцца не перакладзенымі – пячатка, рэквізіты, штампы і іншае.
Таццяна ГРЫЦУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga