Categories: Падзеі

Выхавальнік – пуцяводная зорка

Залаты час свайго дзяцінства многія маленькія дзятлаўчане бавяць у дашкольных навучальных установах, дзе па шляху адкрыццяў іх вядзе першы педагог – выхавальнік. Аднак не толькі ў дзіцячых сэрцах пакідае свой след выкладчык дашкольнай адукацыі, кожнага свайго работніка помніць і калектыў навучальнай установы, дзе ён працаваў.

Так, Валянціна Іосіфаўна Юркевіч прыйшла на працу ў 1986 годзе ў тады яшчэ дзіцячы сад №2 горада Дзятлава з першага дня яго адкрыцця, маючы за плячыма ўжо немалы педагагічны стаж. Яе прафесіяналізм і педагагічны вопыт сталі падмуркам, на якім і сёння будуюць сваю работу новыя пакаленні выхавальнікаў.

Першая група, у якой выпала працаваць Валянціне Іосіфаўне, – была выпускная, дзе яна рыхтавала дзяцей да школьнага жыцця, давала ім азы адукацыі і паводзінаў. А на наступны год радавалася поспехам сваіх дзетак, ужо вучняў, у першым класе, які тады размяшчаўся на базе садка.

Дзень за днём у прыемных працоўных клопатах праляцелі больш за два дзесяцігоддзі. У 2009 годзе Валянціна Іосіфаўна Юркевіч пайшла на заслужаны адпачынак, але сувязі са сваім калектывам не страціла. Ды і калегі па працы садка помняць, з каго тут усё пачыналася: запрашаюць на святы і сумесныя сустрэчы, віншуюць з адметнымі датамі, цікавяцца жыццём, здароўем, захапленнямі. Многім з іх ёсць што сказаць пра калегу па працы, добрую сяброўку, найлепшую выхавальніцу.

Святлана Васільеўна Ус, загадчыца Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №2 горада Дзятлава:

— Валянціна Іосіфаўна Юркевіч – нераўнадушны чалавек. Яна заўсёды перажывала за поспехі сваіх выхаванцаў, клапацілася аб уласным прафесійным росце, дапамагала калегам. І сёння, калі мы ёй тэлефануем павіншаваць са святам, размова пра садок не абмяжоўваецца дзясяткам хвілін. Мы заўжды рады бачыць Валянціну Іосіфаўну ў садку і бываць у яе ў гасцях. А падзівіцца там заўсёды ёсць на што: пасля выхаду на заслужаны адпачынак жанчына ўсур’ёз стала захапляцца кветкаводствам.

Ірына Мікалаеўна Ляўкевіч, памочнік выхавальніка:

— Шмат гадоў мы працавалі з Валянцінай Іосіфаўнай у камандзе: яна – выхавальнікам, я – памочнікам. І ніколі за гэтыя гады не было ў яе канфліктных сітуацый ні ў калектыве, ні з бацькамі дзяцей. У працоўных буднях мы ніколі не дзялілі абавязкі на “твае” і “мае”, усё рабілі са згодай, дапамагаючы адна адной. Вядома, мы не проста працавалі, а былі як нітка з іголкай. І застаёмся сяброўкамі, не можам адна без адной.

Алена Аляксандраўна Палюшэвіч, выхавальніца:

— Мы разам з Валянцінай Іосіфаўнай Юркевіч працавалі разам з самага адкрыцця садка. Але я на той час была маладым, яшчэ нявопытным выхавальнікам, а яна ўжо мела багаты педагагічны багаж і не шкадавала ім дзяліцца з навічкамі. У нас, малодшага пакалення педагогаў, яна карысталася нязменным аўтарытэтам, мы на яе раўняліся і ведалі: з якім пытаннем ні звернешся да Валянціны Іосіфаўны, адмовы не будзе. Дзякую лёсу, што давялося працаваць з такім чалавекам.

Ілона Чаславаўна Сіняк, мама аднаго з выхаванцаў:

— Для нашых дзяцей выхавальніца была заўсёды добрым, але і строгім педагогам. Яна не проста давала веды і выхаванне, а закладвала важныя правільныя прынцыпы. Радасна было назіраць, калі мой сын, па характары гарэза і свавольнік, узорна паводзіў сябе ў садку і пераносіў гэтыя звычкі на хатні быт. “Так правільна, бо так нас навучыла выхавальніца”, – казаў ён.

Н. АВЯРЧУК

administrator

Recent Posts

З 8 па 14 чэрвеня ў Беларусі праходзіць Тыдзень нулявога траўматызму

Мерапрыемства скіравана на забеспячэнне бяспекі і здароўя работнікаў на працоўных месцах, папярэджанне выпадкаў вытворчага траўматызму…

6 часов ago

Гарачая тэлефонная лінія

17 чэрвеня з 10 да 12 гадзін намеснік начальніка ўпраўлення ДАІ УУС Гродзенскага аблвыканкама падпалкоўнік…

7 часов ago

Сельская гаспадарка. Вітамінны рацыён – для павышэння надояў

На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца нарыхтоўка травяных кармоў першага ўкосу і закладка сянажных траншэяў. У СГФ “АграМілк”…

21 час ago

На территории района вводится запрет на продажу алкогольных напитков

В связи с проведением выпускных вечеров на территории Дятловского района 12 июня вводится запрет на…

22 часа ago

Госавтоинспекция проведет комплекс дополнительных профилактических мероприятий

С 11 по 14 июня на территории Дятловского района будет проходить комплекс дополнительных профилактических мероприятий…

22 часа ago

Узнагароды – за любоў да прыроды

Школьнае лясніцтва “ЛесКам+” у сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы стала…

22 часа ago