Прыемна, калі вясна, няхай і не самая цёплая, пачынаецца пад гукі паланэза, вальса і кадрылі. Урачысты бальны настрой дзятлаўчанам, гасцям раёна, жыхарам розных куткоў Беларусі заўжды гатовы падарыць аматарскі танцавальны калектыў пад кіраўніцтвам Анатоля Кардаша “Эліт Данс”, які функцыянуе на базе раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці.

Аматараў рамантычнага адпачынку і атмасферы даўніны харэаграфічнае аб’яднанне і работнікі культуры запрашаюць 7 сакавіка ў 15 гадзін закружыцца пад жывыя гукі аркестра на юбілейным пятым Вясновым балі ў Тызенгаўза, прысвечаным жанчыне і 8 Сакавіка.

Па-традыцыі свята пройдзе ў танцавальнай зале Дзятлаўскага цэнтра культуры і будзе вылучацца не толькі бальнымі танцамі пад музыку Новаяльнянскага духавога аркестра, але і класічнымі гульнямі, конкурсамі, падарункамі, шматлікімі сюрпрызамі, прычым галоўны балетмайстар Анатоль Кардаш раскрыў далёка не ўсе сакрэты праграмы, таму інтрыга захоўваецца.

Напярэдадні ўрачыстасці Анатоль Аляксандравіч падзяліўся яркімі момантамі з жыцця ўдзельнікаў вядомага ў Беларусі калектыву “Эліт Данс”, расказаў пра ўзнагароды, творчыя планы і навінкі сезона-2026:

– Традыцыя вясновых баляў, прысвечаных жанчыне і 8 Сакавіка, падтрымліваецца на Дзятлаўшчыне шэсць гадоў запар, перапынак рабілі толькі раз, калі была пандэмія каранавірусу, таму сёлетняя сустрэча стане юбілейнай. У Цэнтры культуры створаны ўмовы, якія спрыяюць рамантычнай атмасферы балю: прыгожая зала, аркестр, крэатыўны калектыў установы, які ўносіць сваю лепту ў праграму. Нездарма такія сустрэчы на Дзятлаўшчыне праходзяць годна, запамінальна, вытанчана, з цёплай увагай да прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва.

Сам удзельнічаю ў балях яшчэ з 2010 года, калі быў пакладзены пачатак адраджэнню гэтага руху ў Беларусі і першыя святы ладзілі Вялікі тэатр, Мірскі палац. Крыху пазней вырашыў развіваць традыцыю і на Дзятлаўшчыне, стаўшы кіраўніком спачатку калектыву “Эпатажны блюз”, потым “Эліт Данс”. Цяпер нас запрашаюць на ўсе мерапрыемствы рэспубліканскага маштабу. “Эліт Данс” – у ліку вядучых калектываў рэспублікі, а на Гродзеншчыне – адзіны, хто практыкуе “бальную класіку”. Актыўна займаемся канцэртнай дзейнасцю: дзятлаўчане памятаюць нашы танцавальныя праграмы і майстар-класы на Дзень Незалежнасці, раённыя святы, адпачывальнікі санаторыя “Радон” таксама сустракаюць з задавальненнем, з адным з турагенцтваў заключаны дагавор на правядзенне “Лавандавых баляў”, а летась “Эліт Данс” увогуле прадстаўляў замкавую культуру і сядзібы Гродзеншчыны на кірмашы-выставе “Адпачынак-2025”, і быў аншлаг.

У скарбонцы аб’яднання нямала ўзнагарод, нядаўнія з якіх – дыплом за першае месца ў конкурсе “Паланэз”, які ладзіўся ў Слоніме, а таксама кубак Венскага вальса прафесійнай танцавальнай лігі Беларусі ў Бабруйску ў намінацыі “Калектывы”. Дастойна на гэтых харэаграфічных спаборніцтвах паказалі тэхніку танца і нашы пары Вячаслава і Аксаны Жыбко, Валерыя і Алены Капковічаў.  

Наогул, праект “Эліт Данс” добра ведаюць у рэспубліцы: куды б мы ні прыязджалі – нам рады. Нярэдка чую фразу: “Дзятлава прыехала, значыць, баль атрымаецца”. Людзі спецыяльна прыходзяць пабачыць нас. У геаграфіі паездак шмат гарадоў: палац Булгакаў у Жылічах, Мінск, Гомель, Мір, Нясвіж, Бабруйск, іншыя сядзібы і комплексы. Баль жа ў Дзятлаве лічыцца адным з пяці лепшых у Беларусі, калі казаць аб праектах класічнага фармату, якія базуюцца менавіта на культурных бальных традыцыях. Няхай у нас няма такога палаца, як у Міры, Вялікага тэатра, аднак ідэя, рэжысура, праграма па прынцыпе “гледачоў няма – усе ўдзельнікі”, абавязковы дрэс-код робяць балі ў нашым раёне адметнымі, пазнавальнымі, любімымі для многіх. Нездарма білеты разыходзяцца за 2-3 дні пасля аб’яўлення продажу.   

Вялікае значэнне мае і цікавасць да ініцыятывы з боку мясцовай адміністрацыі. Дзякуючы падтрымцы раённага кіраўніцтва і старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага, нам былі выдзелены сродкі на касцюмы, ёсць зручнае памяшканне для рэпетыцый і святаў.

– Ці проста стаць удзельнікам калектыву?

– Калі сур’ёзна настроены і захоплены – проста. Заняткі “Эліт Данс” праходзяць двойчы на тыдзень па пятніцах і нядзелях. Пастаянны састаў – 22 чалавекі, ёсць сямейныя пары, нават жыхары Мінска. Безумоўна, ім цяжка бываць на рэпетыцыях, аднак мінчане далучаюцца да нас у час мерапрыемстваў, а на заняткі прыязджаюць удзельнікі з Ліды і Слоніма. Праграма пабудавана так, што навічок  даволі хутка асвойвае майстэрства бальнага танца.  

– Якіх навінак сезона-2026 чакаць гасцям і чым будзеце здзіўляць на вясновым балі?

– Сярод галоўных цікавінак мерапрыемства 7 сакавіка – выстава-продаж дамскіх капялюшыкаў высокага ўзроўню і якасці аўтарскай работы Ганны Гружэўскай, у якой створана багатая калекцыя такіх убораў.

Свае “ізюмінкі” для балю падрыхтаваў Цэнтр культуры: гэта шматлікія конкурсы і прызы.

Добрай традыцыяй для Дзятлава сталі выбары каралевы і караля балю. Ідэя ўзнікла, калі я сустрэўся з графіняй Пялецкай. Яна паказала фотаздымак, на якім была з лентай “Каравлева балю-1936 год, горад Варшава”. Прапанову падтрымалі ў раёне: цяпер дама, якая па этыцы, эстэтыцы, убранні, танцах вылучылася сярод іншых на балі, становіцца каралевай, а лепшы кавалер – каралём.

Калі звярнуцца да планаў, то бальны сезон-2026 для “Эліт Данс” будзе актыўны: ужо атрымалі запрашэнні з Магілёва, Нясвіжа, Ліды.

Заказаць білеты на баль у Дзятлаве можна, звярнуўшыся на мой тэлефон 8-044-7569667.  Абавязковая ўмова для ўдзелу ў мерапрыемстве – дрэс-код. Для дам – сукенка да падлогі і прычоска, для кавалераў – фрак ці смокінг з бабачкай або цёмны касцюм з гальштукам, для ўсіх удзельнікаў – зручны зменны абутак.

Як і раней, баль адкрыецца паланэзам з прадстаўленнем калектываў-удзельнікаў. Яго рэпетыцыя намечана на 14 гадзін.

Прыязджаць можна загадзя: у Дзятлаве ёсць магчымасць заказаць экскурсію ў турыстычным інфармацыйным цэнтры, а побач з Цэнтрам культуры знаходзіцца магазін прадукцыі “Молочного Мира”, дзе можна зрабіць смачныя пакупкі ў дарогу.

– Чаго пажадаеце жанчынам да 8 Сакавіка?

– Цёплага вясновага настрою, пяшчоты, спаўнення жаданняў. Прыходзьце на наш баль, у наш калектыў, танцуйце, захапляйцеся, падарожнічайце і будзьце шчаслівыя.

Ірына СТЫРНІК

Фота з архіва Анатоля КАРДАША 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации