Пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага з удзелам першага намесніка старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Рэспублікі Беларусь Дзмітрыя Баско, старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоля Дарожкі прайшло чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, сумешчанае з сесіяй раённага Савета дэпутатаў, якая ладзілася пад кіраўніцтвам старшыні райсавета Аляксандра Бараноўскага. На пасяджэнні райвыканкама разгледжаны тры пытанні, першае з якіх – сумесна з дэпутатамі, сесіяй райсавета прыняты рашэнні яшчэ па двух пытаннях.

Аб выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўшчыны ў 2025 годзе расказала намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская. Зазначыла, што эканоміка раёна развівалася паступальна і збалансавана, дасягнуты ўстаноўленыя параметры пяці мэтавых паказчыкаў, яшчэ па трох вынік быў вышэйшы за 100 %, чатыры недавыкананы. У сельскай гаспадарцы выраблена валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах на суму 192,9 мільёна рублёў: тэмп росту – 101,8 % пры заданні 107,5 %. З даведзенымі лічбамі справіліся ААТ “Дварэц-Агра” і “Граніт-Агра”. Захавалася станоўчая дынаміка ў вытворчасці малака, прадукцыі БРЖ, свіней, агародніны, ільновалакна, кармоў з траваў, знізілася – зерневых і зернебабовых культур, рапсу, бульбы, цукровых буракоў.

Лідарам па малаку было ААТ “Граніт-Агра” (9369 кілаграмаў), больш за 7000 на карову даілі СГФ “АграМілк”, ТАА “РоданАграПол”, КСУП “Хвінявічы” і “Жукоўшчына”, аднак апошняя гаспадарка ў цэлым знізіла вытворчасць з-за змяншэння пагалоўя і прадукцыйнасці. Заданне па вытворчасці прадукцыі БРЖ выканана на 99,9 % і склала 4548,1 тоны. Па прывагах з мінусам спрацавала толькі ААТ “Граніт-Агра”. На 297 галоў у раёне павялічыўся статак, найлепшы паказчык (+111 галоў) у ТАА “РоданАграПол”. Атрымана 2042 тоны прадукцыі вырошчвання свіней, або 107,1 % да мінулагодняга паказчыка, аднак заданне выканана на 79,1 % з-за нізкай прадукцыйнасці. Пагалоўе склала 17 830 свіней.

Тэмп росту вытворчасці раслінаводства забяспечылі ААТ “Дварэц-Агра” і “Граніт-Агра”. Усяго ў вазе пасля дапрацоўкі намалочана 75 856 тон збожжа, або 86,2 % пазалеташняга паказчыка пры ўраджайнасці 39,5 цэнтнера з гектара. Валавы збор знізіўся з-за змяншэння плошчаў уборкі кукурузы на зерне, зніжэння ўраджайнасці. Нарыхтавана 2815 тон ільновалакна, або 202,1 %, а ўклад ААТ “Дварэцкі льнозавод” у гэты вынік – 86,7 %, прычым сярэдні нумар ільнотрасты ў прадпрыемства складаў 1,30. Пад ураджай 2026 года пасеяна 12 971 гектар азімых збожжавых культур і 4759 рапсу. Усе сельгасарганізацыі па выніках года забяспечылі прыбытковую работу і станоўчую рэнтабельнасць продажаў.

Індэкс фізічнага аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі па наборы тавараў-прадстаўнікоў склаў 97,3 % пры заданні 105,9 %. З паказчыкамі бізнес-планаў справіліся Дзятлаўскае РУП ЖКГ, ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” і Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”. Аб’ём знешняга гандлю таварамі па раёне склаў 46 067,7 тысячы долараў ЗША, або 113,5 %, у тым ліку 128,3 % – экспарт. Паслугаў рэалізавана на 1187,2 тысячы долараў ЗША, або 217,4 %. У раёне прыцягнута 119 046 тысяч рублёў інвестыцый у асноўны капітал, у структуру якіх увайшлі будаўніча-мантажныя работы, затраты на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў, іншыя работы і затраты. За год у цэлым атрымана 671 мільён рублёў выручкі ад рэалізацыі прадукцыі, тавараў, паслуг, работ, або 102,6 %, і 72,5 мільёна чыстага прыбытку, або 119,6 %. Колькасць насельніцтва, занятага ў эканоміцы раёна, складала 9620 чалавек.

Былі заслуханы выступленні кіраўнікоў арганізацый і службаў раёна, дзе дапушчана зніжэнне паказчыкаў, прыняты меры ўздзеяння.

Пры абмеркаванні тэмы прадстаўнікі кантрольнага ведамства акцэнтавалі ўвагу кіраўнікоў на такіх задачах, як зніжэнне затрат прадпрыемстваў, паколькі гэта пазітыўна ўплывае на канкурэнтаздольнасць прадукцыі, прыбытковасць у цэлым. Звяртаючыся да праграмы “Адзін раён – адзін праект”, заклікалі выбіраць для рэалізацыі не толькі ідэі, скіраваныя на мадэрнізацыю, пашырэнне і развіццё існуючых вытворчасцяў, але і на стварэнне новых, магчыма, з прыцягненнем замежных інвестараў. Закрануўшы праблему зніжэння рознічнага тавараабароту, узгадалі аб якасці тавараў на паліцах гандлёвых аб’ектаў. Як высветлілі нядаўнія маніторынгі Камітэта дзяржкантролю, у раёне ёсць над чым працаваць. Як прыклад, у адным з харчовых магазінаў адсутнічалі бульба, яблыкі, буракі. Была выяўлена пры аглядах і пратэрмінаваная прадукцыя. Крытычныя выказванні прагучалі і ў адрас КСУП “Жукоўшчына”, дзе не толькі знізілася вытворчасці і выручка, аднак адзначаюцца факты негаспадарлівых адносінаў да ўтрымання жывелы на фермах. Было рэкамендавана звярнуць больш увагі і на такія пытанні, як скарачэнне плошчаў драўнінна-хмызняковай расліннасці, знос пустуючых будынкаў і далучэнне вызваленых земляў да гаспадарчага абароту, поўнае выкананне заданняў па нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў, дасягненне планавых лічбаў прыбытку ад пазабюджэтнай дзейнасці.

Звяртаючыся да кіраўнікоў гаспадарак і арганізацый раёна, Андрэй Садоўскі падкрэсліў, што кожны з іх павінен быць гаспадаром, адказваць за сваё прадпрыемства, бо толькі ад паспяховага планавання, беражлівых адносінаў, аб’ектыўных рашэнняў залежыць фінансавы поспех.  

Вынікі выканання бюджэту раёна падвяла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Жэгала. У 2025 годзе ў яго паступіла 60 мільёнаў 145,5 тысячы рублёў уласных даходаў і паступленняў, на 102,1 % забяспечана выкананне ўдакладненага гадавога плана. Асноўная ўдзельная вага падатковых даходаў сфарміравана за кошт падаходнага падатку з фізічных асоб, на дабаўленую вартасць, уласнасць, прыбытак. Праводзіцца работа па прыцягненні непадатковых даходаў (4 мільёны 430,1 тысячы рублёў). З вышэйстаячага бюджэту атрымана 25 мільёнаў 320,8 тысячы рублёў. У структуры расходаў 75,4 % прыпадала на фінансаванне першачарговых бюджэтных абавязацельстваў. На сацыяльную сферу скіравана 72,1 %. Бюджэтнымі ўстановамі ад пазабюджэтнай дзейнасці атрымана 1013,1 тысячы рублёў. Крэдыторская запазычанасць на 1 студзеня 2026 года адсутнічала. Кансалідаваны бюджэт раёна ў справаздачны перыяд выкананы з дэфіцытам у 3 мільёны 565,7 тысячы рублёў.

Са станам спраў па падрыхтоўцы да вясенне-палявых работ прысутных азнаёміў першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка. Расказаў, што ў новым сезоне ў сельгасарганізацыях Дзятлаўшчыны для выканання задання неабходна атрымаць 82 тысячы тон збожжа ў вазе пасля дапрацоўкі з кукурузай, 43 – цукровых буракоў, 14 – алеянасення рапсу, 3,5 – бульбы, 1640 – ільновалакна і 150 тон агародніны, а таксама нарыхтаваць 75,6 тысячы тон адзінак травяных кармоў. Пры гэтым тэмп росту валавой прадукцыі павінен скласці 104,1 %, у раслінаводстве – 104,6 %. Для будучага ўраджаю праведзена пэўная работа: пасеяны азімыя культуры, унесены гліфасаты, паднята зябліва. З вясны належыць надаць увагу абарончым мерапрыемствам. Пад яравыя ўжо ўнесена і заарана 149,3 тысячы тон арганікі, а таксама калійныя і фосфарныя ўгнаенні, створаны запас мінеральных, які складае 5232 тоны, або 54 % ад патрэбы. Цяпер увага скіравана на насенне яравых культур. Рыхтуецца да выхаду ў поле тэхніка: на 25 лютага гатоўнасць трактараў склала 94 %, у тым ліку 96 % энерганасычаных, плугоў і глебаапрацоўчых агрэгатаў – 97 %, камбінаваных глебаапрацоўчых і глебаапрацоўча-пасяўных машын – 92 %, сеялак і бульбасаджалак – 98 %, машын для ўнясення ўгнаенняў – 90 %, аднак па гаспадарках карціна адрозніваецца. Не меншую ўвагу пры падрыхтоўцы да сяўбы трэба надаць набыццю гаруча-змазачных матэрыялаў, забяспечанасці пад патрэбы насеннем, угнаеннямі, падрыхтоўцы сталовых для ахопу работнікаў гарачым харчаваннем, выкананню санітарных, супрацьпажарных норм і правіл, а таксама захаванню тэхнікі бяспекі і працоўнай дысцыпліны пры правядзенні вясенніх палявых работ.

Аналізуючы даклад, прадстаўнікі кантрольнага ведамства звярнулі ўвагу работнікаў АПК раёна на неабходнасць не толькі прытрымлівацца графікаў пры правядзенні рамонту тэхнікі і іншых работ, але сачыць за якасцю іх выканання. Адначасова падкрэслілі, што загадзя рамантаваць варта і тую тэхніку, якая будзе задзейнічана на корманарыхтоўцы, жніве, не знімаць з павесткі іншыя пытанні, якія дазволяць правесці сяўбу і іншыя сезонныя работы своечасова і вынікова.

Скончылася пасяджэнне на прыемнай ноце: кветкі з нагоды дня нараджэння з найлепшымі пажаданнямі ўручылі старшыні Новаяльнянскага сельвыканкама Людміле Радзевіч, узнагароды – пераможцам раённага конкурсу на лепшую арганізацыю работы па папярэджанні вытворчага траўматызму. Імі адзначаны калектывы ТАА “РоданАграПол”, раённага цэнтра па забеспячэнні бюджэтных і іншых арганізацый, ААТ “Дзятлаўская сельгастэхніка”, ААТ “Граніт-Агра”.

Ірына СТЫРНІК

Фота Наталлі АВЯРЧУК, Ірыны КАМАРОВАЙ

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации