Вяселле па беларускіх канонах: спадчына, якую беражэ жанчына

Дзятлаўшчына ў Год беларускай жанчыны ажыўляе жывыя вясельныя традыцыі продкаў

У Гродзенскай вобласці абласны праект “Вяселле па беларускіх канонах” стаў адным з ключавых мерапрыемстваў Года беларускай жанчыны. Дзятлаўскі раён актыўна далучыўся да гэтай ініцыятывы, паказаўшы, што менавіта жанчыны з’яўляюцца галоўнымі захавальніцамі народнай памяці. У сэрцы Панямоння не проста фіксуюць успаміны, а ажыўляюць традыцыю, падкрэсліваючы непаўторную ролю беларускай жанчыны ў фарміраванні сямейных каштоўнасцей і культурнай тоеснасці.

Жывая памяць, якую трымаюць жаночыя рукі

Нядаўна ў рамках праекта адбылася экспедыцыя спецыялістаў Цэнтра культуры горада Дзятлава да доўгажыхаркі райцэнтра Марыі Аляксандраўны Лаўрукевіч (1936 г.н., ураджэнкі вёскі Янаўшчына). Перабіраючы сямейныя фотаздымкі, яна з цеплынёй успамінала, як адзначалі вяселле ў яе маладосці:

– Усё пачыналася са сватаўства, – расказвае Марыя Аляксандраўна. – Калі хлопец меў намер ажаніцца, яго бацькі і родныя са сваццямі ішлі да бацькоў дзяўчыны. У іх былі свае жарты, загадкі, каб праверыць розум нявесты і яе здольнасць гаспадарыць. Гэта было важна, бо жонка – гаспадыня ў доме.

Вяселле ладзілі два дні. Святочнае застолле пад песні і танцы не сціхала да раніцы. Музычнае суправаджэнне было асаблівым – пад гармонь. Вясельныя кольцы раней даставаць было цяжка: яны былі толькі медныя і аднаго памеру. Вясельнае адзенне таксама было рэдкасцю, таму дзяўчаты абменьваліся ім паміж сабой, а вянкі з вэлюмам пазычалі ў знаёмых. Абавязкова ўпляталі мірт – сімвал чысціні, вечнай любові і сямейнага дабрабыту. Як успамінала маці Марыі Аляксандраўны Марыя КанстанцінаўнаВейга (1906 г.н.), гэтая расліна лічылася магічнай: абараняла ад злых сіл, прыносіла поспех і згоду ў дом.

Бацькі праводзілі маладых, бласлаўляючы вясельнай іконай, якую Марыя Аляксандраўна беражэ як сямейную рэліквію. Пасля вянчання ў царкве маладым на месцы за сталом абавязкова сцялілі кажух.  

– Хоць тады не было сучасных зручнасцей, але ў людзей была душэўнасць і цеплыня адносін, – падкрэслівае доўгажыхарка.

Менавіта яе гісторыя – прыклад таго, як беларуская жанчына праз пакаленні беражэ святло роднага слова, абрадаў і сямейнага цяпла.

У пошуках жывых традыцый: калі спадчына становіцца музеем

Каб сабраць і захаваць унікальныя звесткі, майстры аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў Дзятлаўскага РЦКіНТ рэгулярна выязджаюць у вёскі раёна. Адна з такіх важных паездак адбылася ў вёску Погіры, дзе прайшла сустрэча з захавальніцамі народнай памяці Рэгінай Канстанцінаўнай Дула (1951 г.н.) і Марыяй Мікалаеўнай Шыдла (1940 г.н.).

Гераіні з усмешкай узгадвалі, як праходзілі вяселлі ў іх маладосці: як збіралі “валь”, майстравалі кветкі для “дружыны”, упрыгожвалі сукенку “міртам” і бераглі сямейныя рэліквіі. Асабліва кранальным стала знаёмства з асабістымі скарбамі: ручнікамі, абрусамі, вышытымі вясельнымі хустачкамі, якія захоўваюць цеплыню рук і памяць пакаленняў. Гэтыя сустрэчы яшчэ раз пацвярджаюць: менавіта жаночыя рукі, іх цярплівасць і майстэрства трымалі на сабе вясельную абраднасць. 

Асаблівую падзяку арганізатары выказваюць Рэгіне Канстанцінаўне, якая перадала ў музейны пакой абрус для вясельнага каравая і тоненькі тканы поясок. Гэтыя артэфакты стануць часткай экспазіцыі і раскажуць сваю гісторыю наведвальнікам. У Год беларускай жанчыны такі жэст набывае сімвалічнае гучанне: гэта не проста перадача рэчаў, а перадача адказнасці за захаванне духоўнага кода нацыі.

Традыцыі вачыма дзяцей: ад Бабулінага куфэрка да будучыні

Праект не абмяжоўваецца запісам успамінаў: ён актыўна ўцягвае ў працэс моладзь і дзяцей. Удзельнікі дзіцячага клуба народных традыцый “Бабулін куфэрак” Данілавіцкага дома культуры нядаўна адправіліся ў сапраўдную этнаграфічную экспедыцыю ў аграгарадок Круцілавічы. Тут яны сустрэліся з мясцовай жыхаркай Ірынай Феліксаўнай Маісеенка (1952 г.н.), якая падрабязна расказала ім пра вясельныя абрады мінулага.

Дзеці даведаліся, як рыхтаваліся вясельныя касцюмы, уважліва вывучалі ўбор жаніха і нявесты, праслухалі старадаўнія вясельныя песні і нават паспрабавалі выканаць іх разам з расказчыцай. Назва клуба сімвалічная: гэта менавіта жаночая мудрасць, перададзеная ад бабулі да ўнучак, становіцца асновай выхавання. У Год беларускай жанчыны такія сустрэчы набываюць асаблівы сэнс – дзеці бачаць, што менавіта жанчына была і застаецца цэнтрам сям’і, галоўным настаўнікам і захавальнікам родных звычаяў.

Адраджэнне і перспектывы: ад Панямоння да Аўгустоўскага канала

Як адзначаюць этнографы, вясельныя абрады Гродзенскага Панямоння адрозніваюцца самабытнасцю і глыбокім сэнсам. “Вяселле ў нашых продкаў заўсёды суправаджалася гучнай музыкай, песнямі, танцамі, – заўважае прадстаўнік абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці. – Багацце вясельных абрадаў і наступныя крокі па збліжэнні сем’яў маладых можна параўнаць з сапраўднай народнай операй”.

Мэта праекта “Вяселле па беларускіх канонах” – не проста зафіксаваць мінулае, а вярнуць яго ў сучаснасць.

Кульмінацыяй праекта ў Год беларускай жанчыны стане ўдзел дзятлаўскай творчай дэлегацыі ў абласным фестывалі традыцыйнай культуры “Скарбы Гарадзеншчыны”, які адбудзецца 7 чэрвеня на прыгожым беразе Аўгустоўскага канала. Менавіта тут, у рамках трэцяга дня Фестывалю нацыянальны’ культур, Дзятлаўскі раён прадставіць адзін з самых яркіх і сімвалічных эпізодаў беларускага вяселля – “Вясельная брама”.

У гэтым абрадзе цэнтральную ролю адыгрываюць жанчыны-гаспадыні, якія сустракаюць маладых з караваем, бласлаўляюць на сумесны шлях і спяваюць вечныя песні пра каханне і вернасць. Дзятлаўскія майстры і фальклорныя калектывы рыхтуюць сапраўднае тэатралізаванае дзейства, якое дазволіць гледачам не толькі ўбачыць, але і адчуць атмасферу сапраўднага беларускага свята. Гэта не проста пастаноўка, а жывая адданасць тым каштоўнасцям, якія беларуская жанчына берагла стагоддзямі.

Спадчына для нашчадкаў

“Сёння, калі час бяжыць так хутка, мне асабліва дарагія гэтыя ўспаміны, – дзеліцца Марыя Аляксандраўна Лаўрукевіч. – Яны нагадваюць пра важнасць роду, пра мае корані і тое, што сапраўднае шчасце будуецца на простых, але такіх важных прынцыпах: любоў, павага, узаемная падтрымка і беражлівае стаўленне да сваіх традыцый”.

Год беларускай жанчыны – гэта не проста дата ў календары. Гэта нагода яшчэ раз сказаць “дзякуй” тым, хто нараджае, выхоўвае, беражэ і перадае далей. Вяселле па беларускіх канонах – гэта адлюстраванне менавіта жаночай мудрасці, якая звязвае мінулае з будучыняй, робячы кожную сям’ю моцнай, а кожны народ – неўміручым.

Марына ЛУКІЯНЕЦ,
загадчыца метадычнага аддзела Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины

administrator

Recent Posts

Дзятлаўшчына стане тэмай першага выпуска новага тэлепраекта

Дзятлаўскі раён стане першым у цыкле тэлеперадач тэлеканала “ВоенТВ” з рабочай назвай “У добры шлях”,…

8 часов ago

Адзін дзень са студатрадам

Практыка ў раённай газеце – гэта новыя эмоцыі штодня. За два тыдні мне прыйшлося паспрабаваць…

8 часов ago

Карыстайцеся інтэрактыўнай картай “аднаго акна”

Для ажыццяўлення агульнай каардынацыі дзейнасці дзяржаўных органаў, іншых арганізацый, службы “адно акно” Міністэрствам юстыцыі распрацавана…

9 часов ago

Пытанне – адказ. Якія лішкі з агарода можна здаць у нарыхтоўку?

Дзятлаўчане цікавяцца: ці прымае сёлета Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства сезонную прадукцыю ад фізічных асоб і…

10 часов ago

Праект “#Місія 101: той, кім я ганаруся”. Данііл Вяргун: “Работа з настаўнікам – гэта поўнае пагружэнне”

Ратаўнікі Беларусі – сапраўдныя прафесіяналы, мужныя, валявыя, рашучыя, адказныя. Яны супрацьстаяць стыхіі, абараняюць жыццё і…

11 часов ago

Урожайность зерновых превышает прошлогоднюю по всем областям

Урожайность зерновых превышает прошлогоднюю по всем областям страны, сообщили в пресс-службе Министерства сельского хозяйства и…

12 часов ago