Праваахоўнікі нярэдка нагадваюць аўтаўладальнікам, што самая простая і разам з тым дзейсная звычка, якая дапаможа зберагчы машыну ад угону – гэта не пакідаць ключы ў замку запальвання.
– Усяго пару хвілін каля газетнага кіёска або “секундачка”, каб аднесці сумкі ў пад’езд – менавіта падобныя моманты найчасцей і становяцца “залатой магчымасцю” для ўгоншчыка, – тлумачыць старшы следчы раённага аддзела Следчага камітэта Ірына Яновіч. – Пакінутыя ў замку запальвання ключы або працуючы на халастым ходзе рухавік – гэта не проста памылка, а прамое “запрашэнне” на ўгон вашага аўтамабіля. Многія вадзіцелі ўпэўнены, што з імі такога не здарыцца, ды і раён ціхі, спакойны. Зразумела, што зімой машыну праграваць неабходна, аднак, пакідаючы яе ненадоўга, неабачлівы гаспадар рызыкуе страціць свой транспартны сродак назаўжды. Памятайце, што лепш даўжэй пасядзець у заведзенай машыне, чым стаць ахвярай угону. Прычым варта ведаць, што ад яго не абароніць і сігналізацыя, якую зламыснік можа адключыць, а гучная сірэна ў двары ў наш час успрымаецца як выпадковы збой.
Практыка паказвае, што большасць угонаў пакінутых заведзенымі ці з ключамі ў замку запальвання машын адбываюцца, калі вадзіцелі адлучаюцца заплаціць за паліва ці набыць сабе каву на аўтазапраўках або каля магазінаў, дзе запланаваны хуткія пакупкі, а яшчэ на падворку каля дома, пакуль гаспадар мірна размаўляе з суседам на лавачцы.
Як сведчыць статыстыка, найлепшы сродак абароны ад падобных правапарушэнняў – гэта прафілактыка. Таму аўтаўладальнікам неабходна выпрацаваць у сябе простыя звычкі: не пакідаць ключоў у замку запальвання або машыну з працуючым рухавіком і заўжды замыкаць яе, калі адлучаецеся нават на кароткі час, а паркавацца заўжды лепей у людных і добра асветленых месцах.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga