Існуе меркаванне, што ў сілавых структурах павінны працаваць толькі мужчыны, але, як паказала практыка, яно памылковае. Паспяховымі праваахоўнікамі і вайскоўцамі могуць быць і прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва, а пагоны на жаночых плячах глядзяцца даволі прывабна.

І няхай многія гавораць, што не жаночая гэта справа — сачыць за захаваннем законнасці, Радзіму абараняць, жанчыны ў пагонах сваім прафесіяналізмам і паспяховасцю аспрэчваюць і будуць аспрэчваць гэтую думку. Яскравы прыклад таму — старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Вольга Іванаўна Ламака. Па выніках 2012 года ў абласных прафесійных спаборніцтвах яна заняла першае месца як лепшы супрацоўнік сярод аддзяленняў па грамадзянстве і міграцыі Гродзеншчыны, а сёлета яе партрэт змешчаны на раённую Дошку гонару. І гэта далёка не ўсе заслугі жанчыны-інспектара.
Вольга Іванаўна скончыла юрыдычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, паспяхова працавала ў судзе Дзятлаўскага раёна архіварыусам, але спыняцца на дасягнутым не збіралася. Аднойчы ранейшы начальнік групы кадраў Дзятлаўскай міліцыі Аляксандр Казіміравіч Сачык прапанаваў ёй перайсці ў аддзел і паспрабаваць сябе ў прафесіі міліцыянера. Прапанову прыняла, але давялося скончыць курсы перападрыхтоўкі ў Мінску. Вельмі складаныя, як у арміі: вывучала прыёмы самаабароны, вучылася трапна страляць, займалася фізічнай загартоўкай. Затое, працуючы ў аддзеле, Вольга Іванаўна ні разу не пашкадавала аб сваім выбары.

DSC03450
— Работа ў мяне цікавая, багатая на падзеі, і ў ёй галоўнае — чалавек. Як не бывае аднолькавых людзей, так і ў нашай рабоце не здараецца аднолькавых сітуацый, кожная з іх па-свойму адметная, гэта мне і падабаецца. Наша аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі выконвае для насельніцтва 50 адміністрацыйных працэдур, таму справаў хапае. Работа з дакументамі патрабуе дакладнасці, а некаторыя людзі могуць нават сваё прозвішча напісаць з памылкамі. Таму маё працоўнае крэда — ветлівасць і ўважлівасць. А характэрная рыса — настойлівасць, якая дапамагае працаваць вынікова. Я — чалавек актыўны: ніколі не адкладваю справы на апасля, стараюся зрабіць іх адразу і да канца.
Вольга Іванаўна — старшы інспектар, а гэта значыць, на яе плячах — кантроль за ўсёй работай падраздзялення. Гэта і законнасць выдачы пашпартоў, і законнасць дазволаў на часовае пражыванне і знаходжанне іншаземцаў на тэрыторыі нашага раёна, і законнасць іх рэгістрацыі ў Рэспубліцы Беларусь.
— Сёння найбольш актуальным накірункам нашай работы, — тлумачыць Вольга Ламака, — з’яўляецца кантроль за знаходжаннем іншаземцаў на Дзятлаўшчыне. Гэта звязана з сітуацыяй у суседняй Украіне: толькі за тры апошнія месяцы ў раён прыехалі 77 грамадзян гэтай краіны. 2015 год для міліцыі няпросты: краіна святкуе 70-годдзе Вялікай Перамогі, рыхтуецца да выбараў Прэзідэнта, а наш раён яшчэ і да абласных “Дажынак”. Паўсядзённая задача праваахоўнікаў — забяспечваць спакой і мірнае жыццё людзей. Вось і наведваем, правяраем іншаземцаў, праводзім прафілактычныя мерапрыемствы, вядзём кантроль за іх правапарушэннямі. Законапаслухмяныя грамадзяне іншых краінаў могуць не хвалявацца, убачыўшы людзей у пагонах, а да злосных парушальнікаў выкарыстоўваем адпаведныя меры пакарання, у тым ліку і дэпартацыю на іх радзіму.
Пытаюся ў Вольгі Іванаўны пра сакрэты прафесійнага поспеху. Яна, не задумваючыся, адказвае, што галоўны з іх — узаемаразуменне. За восем гадоў службы ў міліцыі Вольга Ламака навучылася адчуваць людзей, стала някепскім псіхолагам. І калі да яе ў кабінет заходзіць чалавек, яна ўважліва выслухоўвае яго просьбу, высвятляе акалічнасці сітуацыі, спрабуе зразумець характар наведвальніка, каб знайсці найбольш аптымальнае рашэнне менавіта яго праблемы. Сітуацыі бываюць розныя: хтосьці проста мяняе ці атрымлівае пашпарт, а іншы — згубіў дакументы, нехта вельмі спяшаецца, і ўсім трэба дапамагчы. Толькі ў такім выпадку чалавек выйдзе з кабінета задаволеным і ў добрым настроі.
Узаемаразуменне пануе і ў невялікім калектыве групы па грамадзянстве і міграцыі.
— Я ўпэўнена магу сказаць, што наш калектыў самы лепшы, — сцвярджае Вольга Іванаўна, — дысцыплінаваны, дружны, згуртаваны, выпрабаваны часам. Калі ішла працаваць у аддзел, то пра такія шчырыя адносіны з калегамі магла толькі марыць, а цяпер яны для мяне — рэальнасць. Таму на службу заўжды іду з задавальненнем і выдатным настроем.
Дома жанчына-міліцыянер — любімая жонка і клапатлівая матуля. Двое яе мужчын, муж Аляксандр і сын Ілья, з нецярпеннем чакаюць яе са службы. Калі Вользе Іванаўне здараецца затрымацца, самі могуць прыгатаваць вячэру, прыбраць у кватэры. Любоў і падтрымка родных дапамагаюць пазбавіцца ад стомы, “скінуць” з сябе груз працоўных клопатаў. Аднак і ў вольны час Вольга не любіць сядзець на месцы, яе актыўная натура вымушае шукаць актыўныя формы адпачынку: пагуляць з сябрамі ў валейбол, выехаць з начлегам на раку Шчару. Пасядзець яна здольна толькі за цікавай кніжкай.
— Затое такі лад жыцця дазваляе трымаць сябе ў выдатнай форме, — прызнаецца Вольга Іванаўна, — бо штогадовыя спартыўныя нарматывы для супрацоўнікаў міліцыі ніхто не адмяняў. Яны абавязковыя і для жанчын у пагонах.
Ад сябе дадам толькі, што аднойчы ў час агульнагарнізоннага інструктажу асабовага саставу Дзятлаўскага райаддзела міліцыі мне давялося назіраць адпрацоўку праваахоўнікамі навыкаў рукапашнага бою. Тады Вольга Іванаўна Ламака ўмела “паклала на лапаткі” аднаго са сваіх калегаў-мужчын. Таму да ўсяго сказанага дадам: жанчыны ў пагонах не толькі выдатныя супрацоўнікі, але здольныя і за сябе пастаяць, і іншых абараніць.
І. КАЎКЕЛЬ
НА ФОТАЗДЫМКУ: старшы інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама Вольга Іванаўна Ламака.
Фота прадастаўлена АУС Дзятлаўскага райвыканкама

 

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Нам даверана памяць. “Без тэрміну даўнасці”: гісторыя для дзятлаўчан
Прямая линия

Прямая линия

15 января, 2025
ГрадусПлюс. Гэта немагчыма есці

Оставить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Похожие публикации